– Я што, клон вашай жонкі?
Мой асіплы голас гучаў нібыта здалёк. Корвус – адзіны і сапраўдны – адпусціў мяне, адступіў на крок.
– Вось сучасная моладзь… Нагледзяцца блакбастараў. Нат каб я і мог – не заняўся б кланаваннем, бо гэта супраць прыроды і Бога. Ты чалавек, як і ўсе, Вірынея. Прабач, я цябе напалохаў… Проста ты так падобная да Яўгеніі…
– Чаму?
Люцыян лёгка правёў кончыкамі пальцаў па маіх валасах, крануў шчаку…
– Для твайго з’яўлення мне прыйшлося выкарыстаць донарскі матэрыял. Жонкі. Я… замарозіў у свой час яго, калі спрабаваў вылечыць Яўгенію ад бясплоддзя. Твае бацькі згадзіліся.
У яго быў прыгожы і дзіўны голас: нібыта глыбокая старажытная амфара, з выгляду цэлая, але дзесьці надтрэснутая. Белыя сабакі ціснуліся да ягоных ног, час ад часу аддана касавурачы на апошняга насельніка Прытулку бурштынавыя вочы.
– Вы яе б-бацька?
Гэта амаль з жахам вымавіў Мацей. Корвус закруціў галавою:
– Ні ў якім разе. Ты, Вірынея, дачка свайго бацькі. І, фактычна, маёй жонкі… Я мусіў бы адчуваць да цябе бацькоўскія пачуцці, але, прабач, не атрымліваецца… Занадта доўга я чакаў…
І мы зноў пацалаваліся – на вачах няшчаснага Мацея, пасярод мёртвага шпіталя, пад кружляннем гругання. Гэтак у мяне ніколі не было… І не будзе. І слоў у мяне няма гэта апісаць. Расейскі пісьменнік Міхаіл Анчараў гаварыў, чым талент адрозніваецца ад рамесніка. Рамеснік узлятае, як птушка, – ёй трэба механічныя намаганні, каб утрымацца ў паветры. А рыба – яна плавае нават мёртвая. Таму што ў яе ёсць паветраны пухір, частачка іншай стыхіі. Рыба не разумее, як у яе атрымліваецца плаваць… Вось і ўва мне выявілася такое нешта… Іншароднае. Над чым я не ўладная.
– Чаму… чаму я памятаю цябе… Цьмяна, але памятаю…
Корвус зноў адступіў на крок, гледзячы на мяне з нейкай сумнай пяшчотай, ад якой пераварочвалася сэрца.
– Пабочны эфект. Гэта не была ўсё-ткі звычайная аперацыя па перасаджванні апладнёнай донарскай клеткі… Выпадак дужа складаны. Я ўжыў эксперыментальныя метады і сродкі. Не толькі пры зачацці, – гаварыў амаль вінавата. – У табе вельмі шмат ад донара. Магчыма, частка яе асобы, рэптыльная памяць…
Божа ж мой… У мяне часам балела нага, левы мезенец. Дактары нічога не знаходзілі, казалі – нервовае… А ў Яўгеніі Равіновіч нага была абмарожаная, і левы мезенец адняты. Я што, як Гары Потэр, які насіў у сабе харкрукс, частачку душы Валдэморта?
Корвус ласкава і асцярожна – так толькі сняжынкі ловяць на рукавіцу – пагладзіў мяне па галаве.
– Прабач, гэта сустрэча са мной справакавала ўсплёск вобразаў. Потым пройдзе.
А гэта пройдзе, што я зараз адчуваю? Быццам гэтага чалавека я шукала ўсё жыццё. Быццам без яго не змагу жыць далей… Нават Віталя Корвуса я так не шукала, не чакала!
– А вы Мацей Саламярэцкі, так? – Корвус нечакана працягнуў Салому з ветлай усмешкай руку, на якую айцішнік утаропіўся з некаторай разгубленасцю. – Я вам не супернік, Мацей… – чамусьці прамовіў ціха доктар, і рукапацісканне адбылося. – Добра, пайшлі ў памяшканне, мне трэба паспець адказаць на вашы пытанні. Стаўры, Гаўры, ахоўваць!
Белыя сабакі, названыя ў гонар прывідных сабак Дзядоў – а хто ведае, мо гэта яны і былі? – паслухмяна патрусілі да брамы. Неяк само атрымалася, што доктар Корвус вёў мяне за руку… І прывёў у сучасную навуковую лабараторыю на першым паверсе галоўнага корпуса, падобнага знешне да дэкарацый для страйкбола.
Вялікі пакой. Гудуць кампутары. На паліцах кнігі на некалькіх мовах, зразумела, спецыяльныя, медыцынскія. На сталах расстаўленыя слоікі ды рэторты з рашчыннямі. Прабіркі шыхтуюцца ў спецыяльных падстаўках. Круглыя шкляныя штуковіны з рэчывам, падобным да жэле, грувасцяцца ў піраміды. Мікраскопы, яшчэ невядомыя мне прылады. Штосьці міргае чырвонымі і зялёнымі лямпачкамі, на датчыках мяняюцца лічбы… А там, у верхнім куце, – не можа быць! – сістэма відэаназірання. За чые ж гэта шышы такая раскоша?
Незасцеленая канапа і талерка з нечым недаедзеным на тумбачцы сведчылі, што гаспадар лабараторыі тут і начуе. У яго ж бяссонне – усплыў мой-не-мой успамін. Ля канапы злавесна застылі два штатывы з так званымі сістэмамі – наверсе празрыстыя мяшкі з мутнай вадкасцю, з іх звісаюць белымі водарасцямі катэтары. А ў куце абразы. Маці Божая Усіх Хто Смуткуе Радасць, Святы Кіпрыян і Святая Іусцінія, і, вядома, Святая Маргарыта. Копія сярэднявечнай карціны. Высоўваецца па пояс з пашчы цмока, трымаючы ў руцэ кветку.
А непадалёк, прыхінутая да сцяны, быццам звычайная кульбачка ці бейсбольная біта, – стрэльба.
Корвус няўважна скруціў коўдру разам з прасціной у валік і вызваліў канапу, каб мы маглі прысесці. Гэта было несправядліва – але Мацей падаваўся мне тут страшэнна лішнім.