– Вы знайшлі філасофскі к-камень?
У голасе Саламярэцкага гучаў выклік. Корвус, цёплую руку якога я зноў намацала і проста не мела сіл выпусціць, усміхнуўся:
– Можна сказаць, што так.
Нейкі час мы маўчалі, толькі побач цікалі прыборы. Люцыян глядзеў на мяне, і за ягоным позіркам праяўляліся то зімовы начны лес, то шырозазная нетутэйшая рэчка, то брудныя сцены страшнага пакоя, дзе пахла крывёй…
– Я не шукаў ані вяртання маладосці, ані вечнага жыцця, – раптам жорстка прамовіў Корвус. Ён сядзеў перада мной на зэдліку, выцягнуўшы худыя доўгія ногі, і дужа нагадваў Дон Кіхота – яго таксама можна намаляваць «адной чорнай ламанай лініяй».
– Я хацеў выратаваць дарагога чалавека. А лекі, натуральна ж, выпрабоўваў на сабе. Штосьці дапамагала, штось не… Дзве апошнія вакцыны ўвесці ёй не паспеў. Дый на мне яны сказаліся толькі непрыемнымі пабочнымі эфектамі.
– Па метадзе Лепяшынскай? – падазрона папыталася я. Але Люцыян толькі засмяяўся – як прыгожа ён смяецца, так бывае толькі ў суровага мужчыны, што не вельмі часта дазваляе сабе ўсмешку.
– Лепшы сродак адбіць у цікаўнікаў жаданне соваць нос у мае доследы: прыкрыцца імем графаманкі ад навукі. Я ад самага пачатку ўсведамляў, што вынікі лепш нікому не паказваць. А схільнасць да містыфікацый у мяне яшчэ ад бацькі… Ён для мачыхі ўвесь час прыдумляў гісторыі пра пралетарскае паходжанне і рэвалюцыйныя подзігі сваіх улюбёных аўтараў, ад Авідыя да Гётэ. Калі Яўгенія памерла, я і думаць забыўся пра свае эксперыменты… Толькі з цягам часу зразумеў: штосьці са мной не так. І мусілі прамінуць гады, каб я зразумеў, наколькі ўсё пагана…
Люцыян зноў гаварыў вінавата.
– Што я ў сваім арганізме намяшаў – уявіць цяжка. Усе эфекты развіваліся паступова… Я працягваў эксперыментаваць. Адзін сімптом прыбяру, другі вылезе. І калі стала ясна, чым можа скончыцца… Сышоў у балаты. Зымітаваў гібель. А тут, у маёнтку маіх продкаў, для мяне ўжо было падрыхтаванае месца. Я прыняў апошнюю вакцыну і думаў, што проста памру. Клеткі ледзь не ўзарваліся. Але… Вось што ў выніку. Гэта я яшчэ старэў дзесяць год пасля… рэгенерацыі.
– Я нешта не разумею, вы дзесяць год тут седзіцё? Атрымаўшы шанс на другое жыццё? – Мацей зноў нервова круціў свае фенечкі. – Ды з такім вынаходніцтвам… Вас на руках мусяць насіць!
– Ніхто больш не пойдзе за мной у гэтую дрыгву, – цвёрда прамовіў Корвус, я адчула, як уздрыгнулі ягоныя пальцы. – Выглядае, вядома, спакусна. Вярнуць маладосць, вечна працягваць жыццё… Але насамрэч я – гэткі Шалтай-Балтай, памятаеце, які сядзеў на сцяне ды зваліўся ў сне… Вось, шкарлупінне сабранае, нейкім цуд-клеем утрымліваецца форма… Але кожная дробная часцінка ўвесь час выхіляецца, імкнецца выпасці, яе трэба падпраўляць, замацоўваць… Іначай усё рассыплецца. Падчас рэгенерацыі я зразумеў, што нічога дагэтуль не ведаў пра боль. А потым прыступы таго болю пачаў атрымліваць на сняданак і на вячэру, а часам і на абед.
Корвус перахапіў мой спалоханы пагляд і ўсміхнуўся заспакаяльна.
– Нічога, я ўмею спраўляцца. І вунь тым… – ён кіўнуў на штатывы з сістэмамі, – і псіхатэрапеўтычнай методыкай. Але жыць так, паверце, больш ніхто не зможа. Звычайнаму чалавеку альбо на наркотыкі падсядаць, альбо… выбраць іншы шлях.
Корвус лёгка паціснуў маю руку – мне падалося, ягоныя пальцы пульсуюць.
– Каб я прастымуляваў працэс рэгенерацыі да канца, я проста пазбавіўся б болю зусім. Нервовыя клеткі перарадзіліся б і страцілі адчувальнасць.
– Дык гэта ж лепей! – вырвалася ў мяне. Светлыя вочы Люцыяна глядзелі пяшчотна і вінавата.
– Абсалютная адсутнасць болю – таксама паталогія. Да таго ж працэс дайшоў бы і да псіхікі, мозгу… Зніклі б эмоцыі. Здольнасць ацэньваць падзеі. Нават інстынкт самазахавання. Я ператварыўся б у пачвару, з якой проста небяспечна знаходзіцца побач. Праўда, і скончылася б тое існаванне куды хутчэй. Карацей, я выбраў боль.
– Вы сказалі, што для вас тут п-падрыхтавалі месца… Значыць, ёсць саўдзельнік? – змрочна папытаўся Мацей, які не мог не заўважаць нашых сплеценых рук, але старанна адводзіў позірк.
– Месца вартаўніка закансерваванага Апошняга Прытулку было вакантным, – усміхнуўся Корвус. – А чалавек, у чыёй уладзе даць мне гэтае месца і забяспечыць спакой, не менш за мяне зацікаўлены, каб я заставаўся ценем. Каб не пранюхалі нават сакрэтныя службы. У нас з ім… бартар.
Люцыян махнуў рукой на паліцы з кнігамі.
– Даследую, пішу… Дзе не спраўляюся адзін з доследамі, раблю замову, іх праводзяць у інстытуце, пад кіраўніцтвам, вядома, майго дзелавога партнёра, і ён высылае мне вынікі. Я аналізую, раблю высновы, фармулюю здагадкі… Артыкулы, манаграфіі… Аддаю не ўсё, наконт цудоўнага амаладжэння – табу, але і так дастаткова.