Выбрать главу

– Вы больш не будзеце заікацца, Мацей Саламярэцкі! Будзеце размаўляць выразна. Адгэтуль вы назаўсёды вылечыцеся.

І яшчэ нешта такое выдаваў… Падобнае да сярэднявечных заклёнаў. Голас глыбокі, ажно мурашкі па скуры. Ніколі не верыла ва ўсялякую месмераўшчыну. Мацей, падобна, таксама толькі з-за трагічнасці моманту стрымліваўся ад скептычных заўваг.

– Ну вось, мой апошні падарунак.

Корвус адступіў на крок, ягоны твар усё больш нагадваў адбітак на вадзе, па якой ідуць кругі, вочы зрабіліся амаль чорнымі…

– Магістр, не ўздумай пакідаць мяне!

Я абшчаперыла яго. Амаль не памятаю, як мяне, заплаканую, істэрычную, адцягвалі, а я ўсё чаплялася за жылістае цела, якое скаланалі сутаргі. Бязважкія пацалункі апякалі мае шчокі, лоб, вочы… Над вухам гучаў задыханы голас, які сеяў лухту: «Эмацыйная залежнасць хутка пройдзе. Я стану для яе проста персанажам фанфіка». А потым Корвус схапіў мяне за запясці, адарваў ад сябе і літаральна ўсунуў у рукі Мацею.

– Беражы яе…

Я адбівалася, брыкалася. Але была засунутая ў машыну і адпраўленая з Апошняга Прытулку на «Фордзе» колеру шампанскага, як грэбаная сабінянка на загарэлым плячы прыхадня з беднага паселішча Рым. Васковы злепак. Гамункулус. Эмбрыён з клеткі каханай нябожчыцы, які, аднак, тую нябожчыцу не заменіць.

Два белыя сабакі, Стаўры і Гаўры, не праводзілі нас. Яны засталіся сядзець пад дзвярыма будынка, дзе рыхтаваўся ў апошнюю дарогу іх гаспадар.

Калі мы выехалі за браму і пералічылі першую сотню лужын, я ўжо не ведала, люблю я таго, старога, Корвуса – Магістра, Канкістадора, Фаўста гулагаўскага – альбо ненавіджу… І ў тым, і ў тым пачуцці было шаленства, якое вылечваецца толькі… Ды нічым, насамрэч.

Калі мы вырулілі на трасу, на дарогу да Апошняга Прытулку звярнуў чорны джып. Грунтоўны такі джып з бліскучай пысай.

– Хутка яны… м-м… – скрозь зубы выціснуў Мацей. Я не стала перапытваць, што за «яны». Мне ўвогуле неяк фіялетава ўсё было.

У горад мы заехалі, калі рынкі зачыняліся, а гастраномы яшчэ не. Салома высадзіў мяне перад маім пад’ездам і моўчкі стаяў. Запрашэння чакаў, ясна. Маё вакно было цёмным, што азначала, што Корвус, каторы малады і фальшывы, не з’явіўся. А абмяркоўваць падзеі гэтага дня я не была гатовая ні з кім. Я толькі што сустрэла і згубіла самага важнага чалавека ў сваім жыцці.

Я зачыніла дзверы за сабой на ланцужок і… На плач не заставалася моцы. На думкі таксама. Я проста ляжала ў цемры тварам у столь. Нада мной праплывала святло фараў, нібы я ляжала на дне ракі, а я хацела марозіва. На верандзе ўласнай вілы. Можна і на ганку хібары. Толькі дзе-небудзь у Альпах. Ці Андах. Ці ў Новай Зеландыі.

А вось і ключ у замку заварушыўся, як жалезны жук у жалезнай норцы. А вось і ланцужок бразнуў…

– Вірынейка, адчыні! Гэта я, Віталь…

Я нат не павярнулася на канапе. Ну мы ж ужо высветлілі, што ты не Віталь… Цікава, а вось мая непрыязь да імені «Яўгеній» – ці не была таксама ад рэптыльнай памяці? Ува мне ж частка асобы той Яўгеніі… Госпадзе, яна ж, па сутнасці, мая біялагічная маці! Цікава, Корвус не стаў маім бацькам па этычных меркаваннях альбо таму, што не хацеў мець да мяне бацькоўскіх пачуццяў, а нібыта ўваскрэсіць сваю каханую?

Нарэшце настала цішыня – алілуя. Але потым штось бразнула, хуткія крокі – і мой памерлы муж схіліўся нада мной і дыхае, нібыта прабег вярсту.

– Што… што з табой?

– Я табе не дазваляла заходзіць.

Заміж абурэння ён выцер лоб і выгукнуў з палёгкай:

– Дзякуй Богу…

І дадаў ужо буркатліва:

– Немаведама што перадумаў… Дзверы замкнёныя знутры, святла няма, ты не адзываешся, тэлефон недасяжны…

Запаленае святло няветла ўдарыла па вачах. Я неахвотна села. Няўжо новая порцыя маны з дастаўкай на дом? Цікава, у кампутарных гульнях «мана» з націскам на першым складзе – энергія для выраблення магіі. Гойсаеш па віртуальным свеце і здабываеш тую ману. Шукаеш яе крыніцы. Бо без яе не ўжывеш ніякага заклінання – ні тэлепартацыі табе, ні ацалення, ні вогненнага шара. З маной, дзе б ні стаяў націск, жыць прасцей…

– Паслухай, я вінаваты, ты мяне, магчыма, ненавідзіш, але нам усё-ткі давядзецца пагаварыць…

Канапа прагнулася пад цяжарам прыхадня.

– Яўген, я шаноўная ўдава. Мне пасуе віктарыянская задуменнасць і самота. А яшчэ капялюш з чорным пяром.

– Жартуеш – значыць, ачуняла… Скажы, калі ты ездзіла з Саламярэцкім у зачынены дыспансер, з кім там сустракалася? Можа, штосьці незвычайнае бачыла?

Ого, а кантора працуе… Ці не сядзеў у тым чорным джыпе, з якім мы сустрэліся, Віталь? Я адказала праўду:

– Бачыла прывідаў мінулага. А што? Быў час – ты сам мяне цягаў па закінутых сядзібах кожны тыдзень.