І ўсё-ткі, чаму звестак няма? Можа, я раблю якую-небудзь памылку, прычым відавочную?
Я адкрыла файл з успамінамі рэпрэсаванага геолага Уладзіміра Пятровіча Багацько, які адбываў пакаранне там жа, дзе і мой герой. І хутка натрапіла на згадку пра Лук’яна Сцяпанавіча Дзякловіча, ссыльнага доктара, які працаваў у сангарадку Затока.
Корвус-Дзякловічы! Можа, памылка мая ў тым, што я шукала Люцыяна Корвуса, а ён, маючы падвойнае прозвішча, для сяброў прадстаўляўся Корвусам, афіцыйна называўся Дзякловічам і фігуруе ў крыніцах пад абодвума імёнамі? Неверагодна – але ўсялякае бывае… «Корвус» – гэта ж для эпохі татальнай падазронасці занадта замежна. А ў высылцы ягонае «Люцыян Станіслававіч» цалкам маглі памяняць на прывычнае «Лук’ян Сцяпанавіч».
Чытаць успаміны былых вязняў ГУЛАГа страшэнна цяжка. Іх аўтары часта людзі інтэлігентныя, якія маглі аналізаваць, што адбываецца. У лагеры, дзе «перавыхоўваліся» геолаг і доктар, меліся ўсе нацыянальнасці… Польскія «акаўцы», баптысты з Валыні, этап чачэнцаў і інгушоў… Хлопец з Мурама, які ў шаснаццаць гадоў збег з завода на фронт, ваяваў, а пасля быў асуджаны на пяць гадоў лагероў за дэзерцірства з працоўнага фронту… Венгерскія габрэі, чые сем’і знішчылі ў Асвенцыме, а іх, працаздольных мужчын, фашысты сагналі ў атрады і змушалі капаць акопы. А пасля вызвалення ўсіх з тых атрадаў адправілі ўжо ў савецкія лагеры. Ваеннапалоннымі небарак не назавеш. Таму на іх лёс проста… забыліся. Сядзяць – і сядзяць.
А яшчэ з аўтарам успамінаў працаваў адзін пралетарый з Ташкента, слесар трэцяга разраду, якога заграблі за тое, што выпісваў газету «Правда Востока». У сорак чацвёртым гэты цалкам правільны орган ЦК Кампартыі Узбекістана надрукаваў ліст югаслаўскага галоўнакамандуючага Броз Ціта да савецкага галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна. Узбекскі наборшчык прапусціў адну літару. У загалоўку перад прозвішчам «Сталін» буйным шрыфтам красавалася «гаўнакамандуючы». Усю рэдакцыю расстралялі. Наклад канфіскавалі. Але газетка ўжо разышлася па падпісчыках, адным з якіх і быў наш слесар. Яго заспелі, калі ўслых чытаў прыхопленую на працу «Правду Востока», а паколькі кашчунны загаловак быў павернуты да ўсіх супрацоўнікаў, гэта палічылі прапагандай. Напэўна, сумленны слесар сто разоў пракляў ліквідацыю непісьменнасці ва Узбекістане…
Доктар Лук’ян Дзякловіч быў у гэтым пазасвецці аўтарытэтам. Нават для крымінальнікаў, якія лічыліся прывілеяванай кастай. Лекаваў лагернае начальства. А мясцовыя жыхары празвалі яго добрым чараўніком з Затокі. Багацько ўспамінае, што Дзякловіч напісаў трактат пра пелагру – страшную хваробу, якая ўзнікае ад недахопу пэўных рэчываў у харчаванні, потым даследаванне пра наступствы працяглага галадання… Праілюстраваў каляровымі малюнкамі… Абедзве працы былі адасланыя «ў цэнтр» і зніклі ў маскоўскіх архівах. Манаграфію пра антыбіётыкі Дзякловіч проста падарыў адной маладой дактарыцы, каб друкавала ад свайго імя. Яшчэ геолаг згадваў, што жонка Дзякловіча сядзела ў лагеры непадалёк, а ён пра гэта не ведаў. Высветлілася толькі пасля смерці вусатага вупыра. Але сустрэцца не паспелі.
У сангарадку была добрая самадзейнасць. Ну яшчэ б, нават народныя артысты сярод зэкаў. Адзін паэт-беларус (геолаг не называе яго прозвішча) напісаў п’есу. Неверагодна фальшывая, але ідэалагічна правільная гісторыя перавыхавання сабатажніка ў іх лагеры. Гэткія «Кубанскія казакі» ў ГУЛАГу. Але, пакуль дайшло да першай рэпетыцыі, аўтара застрэлілі ахоўнікі нібыта за спробу пабегу. Натуральна, твор злачынцы не мог быць пастаўлены. А самадзейны тэатр – гэта і пайка, і цяпло, і, магчыма, выратаванае жыццё! Тым больш сярод артыстаў дзве зняможаныя жанчыны, якія калісь ігралі ў сапраўдным тэатры ў Тбілісі, і іх маглі адправіць назад у лес, цягаць бярвенне… Трэба было ратаваць спектакль. Параіліся, і Дзякловіч, найбольш цанімы начальствам, згадзіўся назваць аўтарам п’есы сябе.
Прэм’ера адбылася ў бальнічнай актавай зале. Зэкі весяліліся. А начлагера вырашыў, што ўсё дзейства – пратэст, бунт, падбухторванне… Ды яшчэ і асабістую абразу ўгледзеў. Яму гэта давялі шасцёркі, якія зайздросцілі «халяўшчыкам».
Вельмі нагадвае гісторыю з драматургам Васілём Шашалевічам. Ён таксама ў зняволенні напісаў п’есу пра свой лагер, яе паставілі ў лагернай сталоўцы, начальнік абурыўся і адправіў Шашалевіча валіць лес… Васіль быў сухотны, таму сядзеў ля вогнішча з фанеркай і адзначаў нормы. І там на яго знарок павалілі бярозу. І так, што тая, упаўшы, прыціснула драматурга да вогнішча. Дрэва магутнае, не падняць… Давялося распілоўваць… Пакуль вязня вызвалілі – абгарэў. Ажно вочы выцеклі. Але яшчэ быў жывы, памёр у лагпункце.