Выбрать главу

Дзякловіча таксама ў пакаранне адправілі на цяжкую працу – рабіць цэглу. Крымінальнікам далі ўказанне: расправіцца з нягоднікам. Як мага больш жорстка, няхай памучыцца. Але каб выглядала як няшчасны выпадак.

Гэта былі не «законнікі», а «сукі» – крымінальнікі, якія супрацоўнічалі з лагерным начальствам. Злодзеі ў законе, магчыма, не сталі б забіваць доктара – персону імі паважаную, альбо зрабілі гэта не так жорстка. А для «сук» не існавала ніякіх межаў у вычварэнствах над «мужыкамі». З доктара здзекваліся цэлыя суткі. Побач з цагельным цэхам быў швейны… Камусь у галаву прыйшла «дасціпная» думка: доктар робіць уколы, цяпер трэба зрабіць уколы доктару. Набралі іголак… Не, не змушайце мяне расказваць… Я сама хачу забыць. Ха-чу за-быць…

Потым здарыўся і «няшчасны выпадак»: доктар «уваліўся» ў печ, дзе абпякалі цагліны. Уваліўся па пояс. І некаторы час быў яшчэ жывы.

Ха-чу за-быць…

Дарэчы, забойцаў цудадзейнага доктара Дзякловіча пасля другія зэкі пералавілі і таксама ўчынілі «няшчасныя выпадкі»… А жонцы забітага крадма аддалі жменю голак, змяшаную з попелам. Яна сказала – пахавае ў роднай зямлі, куды доктар так марыў вярнуцца.

Я сядзела, апусціўшы галаву на стол, як Гойя на гравюры, над маёй галавой таксама віліся пачвары, і мне хацелася прачнуцца. Абудзіцца ў свеце, дзе нічога падобнага не можа быць, ніхто не заганяе ў жывога чалавека голкі за тое, што ён іначай думае. Нікога не бэсцяць, не залічваюць у падонкі проста таму, што ён не любіць сістэму ці нейкую ідэю. Дзе не можа быць пад помнікам пахаваная толькі жменя абгарэлых іголак.

І я разумела, што напісаць менавіта так, як вычытала ва ўспамінах геолага, я не змагу. Гісторыя майго героя будзе іншай.

Так, балючай і трагічнай. Але іншай.

І можа быць, хтосьці з тых, хто яе прачытае, аднойчы адмовіцца выбіраць між ролямі кáта, здрадніка ці ахвяры.

Таму што застанецца чалавекам. Проста чалавекам на сваёй зямлі.

Ну неяк так… Хопіць пафасу? Альбо яшчэ падкінуць? Я магу. Вось толькі не магу забыцца на забытых.

Мнемазіна ступае па нашай гісторыі свінцовымі абцасамі. Чуеце?

КАМЕНТАРЫ:

Трандуіл: хня фанф не панімаю што за пляскі вакол такой хні адмін выдалі фанф Рублеўскай.

2016