Выбрать главу

Іван Козел

ПАПАРАЦЬ-КВЕТКА

Драма ў трох актах, пяці карцінах, з пралогам

Дзейныя асобы

Лабыш Антось — кулак.

Анатоль,

Яніна — дарослыя дзеці Лабыша.

Надзея — траюрадная сястра Анатоля і Яніны.

Ганецкі — белапольскі асаднік.

Лявон — парабак Лабыша.

Міхась — Лявонаў сябар, батрак.

Люба — вясковая дзяўчына, батрачка, Надзіна сяброўка.

Дзед Струкач — вясковы бядняк.

Янук,

Базыль — сяляне.

Марыля,

Альжбета — сялянкі.

Адась,

Максім — дарослыя дзеці Альжбеты.

Жабрак.

Ляснічыха.

Камендант паліцыі, тры паліцэйскія, хлопцы, дзяўчаты, жанчыны, шаферы і шаферкі на вяселлі, госці, музыканты.

Дзея адбываецца ў адной з вёсак Заходняй Беларусі напярэдадні вызвалення.

Пралог

На авансцэну выходзіць стары дзед, былы жабрак.

Дзед. Здаровы, дзеткі мілыя і ўнучкі мае, дай божа вам усім пажыць на свеце столькі гадкоў, колькі мне давялося, а то яшчэ і болей. А пажыў я, дзякаваць богу, нямала. Колькі мне гадоў зараз, дык я добра і не ведаю, ну, думаю, што больш чым сто, бо радзіўся я, казалі, як Крымская вайна пачалася, а гэта было вельмі даўно. Радзіўся я каля Гродна — так, мусіць, было богу ўгодна, — і свой край, Беларусь Заходнюю, я ведаю, можна сказаць, як сваіх пяць пальцаў. Я прайшоў яго ўздоўж і ўпоперак з торбай за плячыма не адзін раз — я быў жабрак, і ад торбы мяне толькі Савецкая ўлада вызваліла — і бачыў шмат добрага і дрэннага, больш дрэннага, вядома. Я начаваў часта ў гушчы Белавежскай пушчы, піў ваду з цудоўнага возера Нарач, купаўся ў магутным Нёмане, бачыў шмат усялякіх людзей. Пра нашых людзей і пра іх жыццё-быццё я і хачу расказаць вам зараз. Было гэта не так даўно, дваццаць год таму назад, а здаецца ўсё гэта нейкай незвычайнай казкай. А было ж так на самай справе, мілыя.

АКТ ПЕРШЫ

Карціна першая

Ноч. На поплаве паміж лесу і ракі — вялікі яркі агонь. Вакол агню сядзіць моладзь і музыканты. Хлопцы пражуць на агні жытнія каласы, дзяўчаты ўюць з васількоў вянкі і спяваюць:

На святога Івана Дзеўкі зелле капалі, Дзеўкі зелле капалі, Яны яго не зналі. Яны яго не зналі, У татулькі пыталі: — Скажы, татулька, скажы, Ды што гэта за зелле? Ды што гэта за зелле, Чырвонае карэнне? — Гэта, дзеткі, купалле — Дзявоцкае ўмыванне, Дзявоцкае ўмыванне, Хлапецкае каханне.

Люба. Здаецца, вянкоў для ўсіх ужо хопіць.

Яніна. А чаму гэта хлопцы не памагаюць спяваць нам?

Лявон. Вы так суладна зачалі, што мы баяліся, каб песні не сапсаваць вам.

Яніна. Кашы маслам не сапсуеш, а песні — голасам такім, як у цябе.

Надзя. Адась, Міхась, памагайце ўсе!..

Міхась. Адась пець не будзе.

Надзя. Чаму?

Міхась. Таму што ты яго не пахваліла так, як Яніна Лявона.

Адась (да Міхася). Ты вачыма пасі, але язык прыкусі. Мы ж, напрыклад, нічога не кажам пра вашы адносіны з Любай.

Люба. Бо пра нас ужо казаць няма чаго: усё даўно перагаворана. (Запявае.)

Былі ва ўдавы ды тры дачкі:

Усе хлопцы і дзяўчаты падхопліваюць песню.

Адна была тонка, высока, Другая была бела, румяна, А трэцяя — чорна, малая. Тонка, высока — выйшла далёка, Бела, румяна — выйшла за пана, Чорна, малая — за караля. Сталі швагры з’язджаціся, Сталі з караля смяяціся: — Ці табе, кароль, дзевак не было, Чаму не браў белай, румянай, Чаму не браў тонкай, высокай? А нашто ўзяў чорну, малую? — Тонка быліна — выгінастая, Белая рэдзька — чарвівая, Чорная зямелька — ўрадлівая, А малая пчолка — мядлівая.

Надзя. Во, зусім інакш, як басы ўмяшаліся.

Яніна. Вядома.

Люба. Ну, дзяўчаткі, пара да варажбы прыступаць.

Яніна. Правільна, будзем варажыць.

Надзя. Бярыце, хлопцы, па вянку і пойдзем да вады зараз.

Міхась (беручы вянок). Што ж, давайце паварожым, чым жа інакш мы зоймемся?