Выбрать главу

Лабыш. Бач ты — Ганецкі! (Заўважыўшы, што Анатоль адыходзіць.) Дык ты і сёння работу кідаеш?!

Анатоль. Без патрэбы я ніколі не адлучаюся з дому. У нас сёння заняткі на стрэльбішчы.

Лабыш. Каб яны пагарэлі гэтыя заняткі твае, як яны цябе ад работы адрываюць.

Анатоль. Нічога не зробіш, бацька, служба такая.

Лабыш. Загінеш ты некалі праз гэтую сваю службу: звязаўся з паліцыяй, на чорта яна табе здалася!

Анатоль. Ага, добра радзіш — кінь! Лепш ты на маё месца другога парабка наймі, а з пачэснай службы мяне не зрывай. Камуністы хочуць ад нас зямлю адабраць, а мы, стшэльцы, павінны абараняць ад іх нашу зямлю.

Лабыш. А хто ў цябе адбірае тваю зямлю?

Анатоль. Ёсць такія!

Стук у дзверы.

Лабыш. Калі ласка.

Уваходзіць Ганецкі.

Ганецкі. Добрага ранку панству!

Анатоль. Добрай раніцы! Вы лёгкія на ўспамін, пане Ганецкі! Мы толькі што гаварылі пра вас, і вы тут як тут!

Ганецкі. А што ж вы такога гаварылі пра мяне, панове?

Анатоль. Я расказаў бацьку аб тым, што вы хочаце аказаць нам вялікі гонар…

Ганецкі. І як ойцец глядзіць на гэта? Згодзен ён аддаць мне руку сваёй цуркі?

Анатоль. А вось няхай ён сам вам скажа. (Да Лабыша.) Можа, тата, Яню паклікаць у хату?

Лабыш. Пакліч.

Анатоль выходзіць.

Ганецкі. Дык што вы мне скажаце, пане Лабыш?

Лабыш. Не ведаю, як тут нам, мужыкам, радніцца з панам.

Ганецкі. Я лічу, што мы паны з вамі роўныя, хоць я поляк, а вы беларус, бо багацце ж у нас аднолькавае.

Лабыш. Дык я-то не супраць быў бы аддаць за вас сваю дачку, але хацеў бы пачуць спярша, што яна сама наконт гэтага думае. А вось і яна ідзе ў хату. Я вас пакіну адных тут. Наперад вы пагаварыце з ёй, а потым я…

Уваходзіць Яніна.

Ганецкі. Дзень добры, панна Яніна.

Яніна. Дзень добры пану Ганецкаму.

Ганецкі. Маю гонар пацалаваць вашу пяшчотную беленькую ручку. (Цалуе яе ў руку.)

Лабыш. Ну ты, Яня, займі тут чым-небудзь пана Ганецкага, пакуль я вярнуся. Пан Станіслаў павінен адчуваць сябе ў нас як дома. (Выходзіць.)

Ганецкі. Дык што ў панны Яніны добрага чуваць?

Яніна. От, нічога такога важнага… (Садзіцца за прасніцу.)

Ганецкі (гледзячы, як яна прадзе). А нашто вам самой працóваць, панна Яніна? Ці ж вы не можаце знайсці сабе якога-небудзь шляхетнага занятку? Куды глядзіць ваш ойцец?

Яніна. А мы не паны: мы не прывыкшы без работы сядзець.

Ганецкі. Я заўважаю, што панна Яніна і такая ж сціплая, як і слічная. Вы, відаць, хочаце быць вельмі багатымі, калі і самі працуеце разам з наймітамі. (Дакранаецца рукой да кудзелі.) Якое кастрывае зрэб’е — гэта ж вы можаце пакалечыць ім свае пекныя, далікатныя пальчыкі!

Яніна. Ну, як вам не сорамна, пане Ганецкі, пражыўшы паўвека на свеце, гаварыць мне такія рэчы!

Ганецкі. А я яшчэ лічу сябе годным вашай кампаніі.

Яніна. Хіба каб вашы сыны?

Ганецкі. Пажондны мужчына ніколі не спяшаецца з жаніцьбай. Для таго каб абзавесціся сям’ёй, спярша неабходна звіць цёплае і ўтульнае гняздзечка, а потым ужо ўвесці ў яго сваю галубку.

Яніна. Птушкі супольна ўюць сабе гнёзды, і яны шчаслівыя.

Ганецкі. Ест пташкі, што і без гнёзд жывуць, дзеці іх па ўсім свеце раскіданы, і кукуюць яны ад таго цэлы свой век. Няўжо ж можна і ім пазайздросціць?

Яніна. Чым жыць у гняздзе старога глушца, лепш ужо быць беспрытульнай зязюляй.

Ганецкі. Стары глушэц можа аказацца больш чулым і спагадлівым, чым якая-небудзь маладая варона.

Яніна. Нашто ж там квапіцца на тую варону, калі можна мець сокала.

Ганецкі. Вам кпіць з мяне лёгка, панна Яніна, а каб вы разабраліся, то самі б убачылі, як можна было мне жаніцца дагэтуль. Пакуль пан Пілсудскі вёў вайну з бальшавікамі, я добраахвотна змагаўся ў яго легіёнах, а калі вайна скончылася, я ў чыне плютуновага застаўся служыць звыштэрмінова і праслужыў у пагранічных часцях аж да сёлетняга года.

Яніна. А цяпер пайшлі б у манастыр — богу паслужыць.

Ганецкі. Жарты жартамі, панна Яніна, але мне здаецца, што ўсё ж такі лепш панаваць, чым працаваць, і што вы не адмовіце мне, калі я да вас у сваты прыеду.