— Ну, так мне не выпадае. Яшчэ да райкома чуткі дойдуць, дык Ліпанава маральнае разлажэнне прыпіша. У нас наконт гэтага строга.
— Дык што ж нам і сустракацца не можна? — у голасе Максіма пачулася заклапочанасць.
— Дзівак, навошта нам сустракацца, калі мы і так заўсёды разам будзем!.. — I, ужо засаромеўшыся, дадала: — Ліпанава неяк казала, што камсамольскае вяселле арганізуе. Толькі вось ты не саюзны.
Максім хацеў сказаць, што ён даўно хацеў паступіць у камсамол, ды баяўся, што не прымуць. Але змоўчаў. Напружаную цішыню парушыла песня.
— 3 маёўкі ідуць, — сказаў Максім.
— Ліда пяе. НІбы пра нас, праўда?
Абое пачалі слухаць песню. Яна абарвалася нечакана. Доўга чуўся толькі смех ды прыглушаныя далечынёй галасы. Потым зусім блізка зайграў гармонік. Здавалася, ён іграе побач, але нікога не было відаць. Нарэшце, з завулка паявіліся чорныя і белыя постаці хлопцаў і дзяўчат. Гармонік усхліпнуў і зноў зайграў — вясёлую прыпевачную мелодьно. Дзяўчаты наперабой запелі частушкі, выстаўляючыся адна перад другой. Яны прайшлі паўз кусты кашкі, не заўважаючы там Максіма і Еву.
Раптам прыпеўка абарвалася. Тады Ева і Максім пачулі абураны голас Ніны Шумейка:
— ...А тое, што Дамірава жонка памёрла. На прыцемку прывезлі...
Адразу наступіла трывожная цішыня. Моладзь разыходзілася моўчкі. Ева яшчэ цясней прытулілася да Максіма.
IV
На сядзібе МТС адзінай жывой істотай была каза. Высока задраўшы галаву, яна хадзіла па выпаленай сонцам рудой зямлі. Убачыўшы Канькова, каза спынілася, потым, цягнучы за сабой доўгую вяроўку, падышла да яго, баднула рагамі. Канькоў сцёбнуў яе дубцом, каза адышлася, наставіла рогі, пазірала на прышлага жоўтымі, зласнаватымі вачыма.
Канькоў кінуў дубец. Каза адразу ж пачала аб’ядаць свежае бярозавае лісце.
— Ну і гаспадары!.. — Канькоў узбег па прыступках у кантору, адчыніў дзверы. На чорнай працёртай канапе сядзела чарнявая дзяўчына з двума радамі пацерак на шыі і чытала страпаную кнігу. На Канькова яна нават не паглядзела.
— Дзе дырэктар? — запытаўся Канькоў.
— Няма, — адказала дзяўчына, прадаўжаючы чытаць.
— А дзе ён?
— Пра гэта не сказаў. I наогул, таварыш, у нас абед.
— Добра, пачакаю.
Канькоў азірнуўся. Апрача гэтай канапы ды стала, іншай мэблі ў пакоі не было. Сеў на край. Дзяўчына падабрала плацце, ледзь пасунулася.
— Ну і парадак у вас! — не вытрымаў Канькоў. — Абедаюць... Які ўжо цяпер абед.
Яго заўвагу чарнявая пакінула без увагі. Канькоў выняў блакнот, яшчэ раз прагледзеў запісы, ці не забыўся пра што. Не, усё ўлічана.
Нейкі час панавала цішыня.
— Што вы чытаеце? — Канькоў не мог сядзець вось так моўчкі,
— Моль Флендэрс.
— У самы раз!.. Паслухайце, а лепшае вы не змаглі знайсці?
Дзяўчына агрызнулася:
— Гэта ўжо не ваша справа.
— Чаму? Мая. Людзі вунь змагаюцца за тое, каб усё навокал прыгожым зрабілася: зямля, чалавек, а вы нямаведама чым захапляецеся...
Дзяўчына адарвалася ад кнігі, нялюба зірнуўшы на Канькова, адрэзала:
— Не перашкаджайце мне культурна адпачываць.
Канькоў ускочыў, прайшоўся па пакоі. «Вось бы цябе да нас, у Закружжа. Захапілася б ты там абнаўленнем паплавоў — усякае глупства з галавы вылецела б. Сядзіць тут, ляпае на машынцы, а жыццё міма ідзе. Трэба будзе Тамары сказаць. Яна ёй пакажа «Моль».
На двары пачуліся сварлівыя галасы. Прадаўжаючы думаць, Канькоў паглядзеў у акно. Пятроўскі старшыня разводзіў рукамі, нешта даказваючы дырэктару МТС. Той адмахваўся ад яго, як ад назойлівай мухі. Сакратарка ўжо сядзела за сталом. Аднекуль нават паявіўся крываногі ўслончык.
Дырэктар, убачыўшы Канькова, стрымана прывітаўся, не так, як раней, калі Канькоў быў яшчэ рэдактарам газеты.
— Ну, як ты там? — запытаўся больш для формы. — Да мяне? Зараз вось з ім разбяруся.
Ён паказаў на пятроўскага старшыню.
— Са мной і разбірацца няма чаго. Давай і ўсё тут. Умову падпісаў — выконвай,— адказаў той.
— Дзівак чалавек!.. Па валу мы ўмову выканаем, а на сіласаванне ў мяне трактара няма. Ды і не хочуць людзі працаваць. Колькі там заробяць... Капейкі.
— Ды я ўжо дамовіўся. Толькі твой загад патрэбны. Я, значыць, з камбайна трактар здымаю, ды на сіласаванне... Камбайн гэты ўсё роўна стаяць будзе. У мінулым годзе за ўсё лета дваццаць гектараў зжаў, ды так, што пасля бабы дажынаць хадзілі. На вось, падпішы.
Прыткнуўшыся да стала, дырэктар падпісаў паперку, сказаўшы:
— Ад цябе не адчэпішся. Помні, будуць у райкоме сварыцца за камбайнавую ўборку — у кусты не хавайся.