Выбрать главу

Пятроўскі старшыня паціснуў дырэктараву руку, выбег з пакоя.

— Заходзь да мяне, — запрасіў дырэктар Канькова, адчыняючы дзверы ў кабінет.

— Я таксама па справе.

— Адчуваю. Да мяне ездзяць прасіць, а я езджу вымовы атрымліваць.

У кабінеце, маленькім пакойчыку з адным акном на эмтээсаўскі двор, было душна. Сонца напаліла стол, сцены, крэслы.

— 3 якой ты просьбай? — запытаўся дырэктар.

Канькоў расказаў пра задуму палепшыць паплавы, пра ўздым жывёлагадоўлі. Дырэктар слухаў уважліва, не перапыняў, але як толькі Канькоў кончыў расказваць, запытаўся:

—Трактары трэба?

— Так.

— Не дам. Няма ў мяне. Умова зацверджана, як жа я яе парушу?

— Фармальна ты, вядома, маеш рацыю. Але зразумей, Анісім Рыгоравіч, што ў людзей уздым, усе гараць гэтай ідэяй. Не скарыстаем энтузіязму — можа заглухнуць, нават сарвацца ўся справа.

— Рад бы ў рай, ды грахі не пускаюць... Ты вось цяпер мяне паслухай, — Анісім Рыгоравіч падсунуў лічыльнікі. — На ворыва мне, напрыклад, зацверджаны план дзесяць тысяч гектараў, на культывацыю — восем, на сяўбу — пятнаццаць і яшчэ на малацьбу, на вывазку торфу, на жніво, на ўборку ільну, — і ўсё гэта я павінен дакладна выканаць. Сам помніш, як на бюро мяне білі, калі ўмовы не выконваліся. Але я не толькі хачу выканаць, але і перавыканаць план па гэтых работах. Цяпер глянь, што атрымліваецца, калі б я ўзараў табе гэтае Балонне. У плане палепшанне лугоў не прадугледжана. Значыць, я павінен неяк выкруціцца. Ну, скажам, запішам гэтую работу, як уздым папараў. Тады ў цябе прыбавіцца пасяўная плошча, а на самай справе яе няма... Выходзіць, у тваім калгасе адпаведна знізіцца ўраджайнасць. А за гэта зноў не пахваляць.

— Пачакай, пачакай, нешта ты незразумелае гаворыш. Нарэшце, трактары вылучаны калгасу і ён мае права імі распараджацца як захоча.

— Дарагі, Васіль Мацвеевіч, гэта не зусім так. МТС — установа дзяржаўная. Мы не можам пусціць работу машын на самацёк. Можа табе захочацца ў горад на трактары ездзіць. А мы не дапусцім.

— Праблема палепшання паплавоў, — на твары Канькова выразна відаць было абурэнне. Раскосыя вочы гнеўна зыркалі на дырэктара,— гэта праблема ўздыму ўсёй гаспадаркі. Будзе больш сена — застанецца салома для падсцілкі, калгас атрымае больш гною, а гной павысіць ураджайнасць.

- Усё гэта я добра ведаю, але ўносіць дэзарганізацыю ў планаванне не маю намеру.

— Гэта, нарэшце, неразумна. Звычайны чыноўніцкі падыход да справы. Да чаго ў нас дайшло. Нядаўна прашу трактарыста падкінуць з лесу бярвенне. На чалябінцы за два рэйсы можна было прывезці. Не паслухаў. Давялося коней з сенаўборкі здымаць. А трактар так увесь дзень і прастаяў.

— А чаму стаяў?

— Бо рабіць не было чаго.

— Гэта ўжо ты вінаваты. Не прадаставіў фронт работы. За такія адносіны караць трэба.

— Ну, вось што,— перапыніў яго Канькоў,— дыскутаваць з табою ў мяне часу няма. А трактары вы ўсё роўна дасцё. Яны цяпер на прастоях у калгасах. Не хочаш сам, бюро абавяжа.

Дырэктар узрадавана трасянуў лічыльнікамі.

— Братка мой, абавяжа — усё зробім. Тады ўжо мы не адказваем.

Канькоў прышоў дадому раззлаваны, запытаўся ў Лёнькі Зайчыка:

— Даміра прыходзіў?

— Не было. Сказаў, не пойдзе.

— Чаму?

Лёнька ўзняў і апусціў худыя плечы: гэта азначала, што ён не ведае.

— Ну, і ліха з ім, — сказаў Канькоў. — Вось з трактарамі поўны канфуз. Не дазваляе дырэктар. А пакуль да бюро дойдзе, ды яшчэ Старыковіч дыскусію завядзе, — спознімся. Самы час за Балонне брацца.

— А што, каб я з хлопцамі пагутарыў, Нашы яны, закружскія, згодзяцца. Толькі вось з гаручым як будзе?..

У Канькова аж заззялі вочы.

— Гаручае дадзім. Нам толькі пачаць. А там райком пойдзе насустрач. Дык пагутары з імі. Плату мы ім дамо.

— Ну што вы, Васіль Мацвеевіч, якая тут плата!.. Яны за так зробяць, пабачыце.

— А калі не згодзяцца? За гэта іх могуць з работы зняць.

— Дык ніхто і ведаць не будзе.

— Добра было б. Я яшчэ з Ліпанавай пагутару. Няхай падкажа хлопцам.

— Ды яна ўжо гутарыла, прасіла памагчы. Нядаўна паехала. Хацела вас бачыць.

«Вось так яно і будзе заўсёды, — з прыкрасцю падумаў Канькоў, — не па-людску неяк... Ды хіба яе ўгаворыш!»

— Васіль Мацвеевіч, а з Дамірам вам пагаварыць трэба. Траўма ў яго вялікая. Чалавек ён горды, спатыкнуўся, цяпер можа пайсці кульгаць.

— Ды ты што, вучыць мяне задумаў?— яго вочы здзіўлена пазіралі на Лёньку. Потым Канькоў паклаў руку на Лёнькава плячо, сказаў: — А, наогул, маладзец! Так і трэба. Многа ў цябе работы ці мала, а пра таварыша забываць нельга. Абавязкова схаджу, Лёня.

3 таго самага часу, як на агульным сходзе Даміру знялі з работы, Канькоў бачыўся з ім не больш трох разоў.