I кожны раз пачынаць сур’ёзную размову было недарэчы. Спачатку шанаваў ягоны гонар, думаў: няхай крыху астыне. Потым, калі памёрла жонка, было нязручна лезці да чалавека з нейкімі прапановамі, хоць Канькоў добра ведаў, што вылечыць старшыню можа толькі праца. Калі быў складзены план пераўтварэння Балоння, Канькоў запрасіў Даміру на праўленне.
«Паставім яго старэйшым над усімі паплавамі, — думаў ён,— работа ка прыродзе паможа пазбавіцца тужлівых думак». Даміра на праўленне не прышоў. Прынеслі ад яго запіску: «Як я ёсць не ўгодны ў сучасны момант алімент, прашу сябе дарэмна маёй персонай не турбаваць».
Назаўтра і адбылася тая сустрэча, якая вывела Канькова з раўнаеагі. Страціў Канькоў на час былы свой камісарскі падыход да людзей. Ды і было ад чаго.
Сутыкнуўшыся з Дамірам на вузкай сцяжынцы, дзе і разысціся было нялёгка, Канькоў узрадавана крыкнуў:
— Злавіў я цябе, нарэшце!.. Ты, брат, ад людзей не хавайся...
Даміра падышоў зусім блізка, адштурхнуў Канькова, працадзіўшы скрозь зубы:
— Ты вось што, на маёй дарозе не стой. Думаў, чалавек ты, аж не... поскудзь, На чыё месца пайшоў?
Каб гэта сказаў хто іншы, можа, прапусціў бы Канькоў тыя словы міма вушэй. Але гэта быў Даміра, чалавек, які некалі выратаваў яму жыццё. Таму пачутая абраза балюча кальнула ў сэрца.
— Раскайваешся, што некалі вынес мяне з-пад агню?..
— Я многіх з-пад агню вынес. А мяне... — у Даміры сарваўся голас, на нейкі момант твар яго пасінеў, вусны нервова перасмыкнуліся.— Ты лепш не кратай мяне... Я, можа, цяпер на ўсё гатовы. — Апошняе ён сказаў ужо зусім спакойна і цяжка пакрочыў у бок сваёй хаты.
Цяпер, ідучы да Даміры, Канькоў па-іншаму ўспрымаў тую размову. Не выходзілі з галавы Тарасавы словы: «Я многіх з-пад агню вынес. А мяне...» «Сам жа вінаваты, — падумаў Канькоў, — дакаціўся, далей няма куды. 3-пад якога агню цябе трэба выносіць? Крытыкі спалохаўся. Партыя папраўляе, а ты хочаш, каб цябе ад справядлівай кары выгарадзілі. Не, брат, прабач. А рука ў такіх справах павінна быць цвёрдай. Тут на дружбу не спасылайся. Запартызаніўся. Добры хлопец быў. Баявы, смелы. Калі ж ты арыенцір страціў, у балота трапіў? Вось і расплачвайся за памылкі... Толькі памылкі не адразу з’явіліся? Вядома, не. Дзе ж тады мы былі? Чаму позна спахапіліся? Раней руку трэба было падаць чалавеку. I правільна сказаў Даміра: ён умеў у час ад смерці ўратаваць. А мы не здолелі. Ды і я надта добры. Пакрыўдзіўся, а за што? Ці заглянуў у яго душу? Не, пабаяўся. Часу для размовы не знайшоў. Яго гонар шанаваў, ці, можа, свой? Няёмка! Сорамна! А тое, што таварыш па барацьбе побач з табой выходзіць са строю — гэта цябе, таварыш камісар, мала абыходзіць. Сорамна, Канькоў, сорамна церад уласным сумленнем».
Думкі бязладна круціліся ў галаве. Канькоў то дакараў сябе за безуважлівасць і чэрствасць, то спрабаваў прыдумваць тыя словы, якія мусіў сказаць Даміру. Ішоў ён хутка, нават не заўважаючы гэтага. Перад брамкай спыніўся, потым рашуча націснуў на клямку. Дзверы былі зачынены. Канькоў падумаў, што ў хаце нікога няма. Але ў празрыстую сінь неба ўзнімаўся з коміна шызаваты дымок. Тады Канькоў абышоў плот, прабраўся на дзядзінец з боку агароду. На двары ў беспарадку валяліся пасечаныія дровы, ляжала рассохлае карыта на баку, пагнутае старое вядро і вялізная бочка. 3 бочкі вылез руды, касматы сабака, разінуў ляпу, каб забрахаць, ды, відаць, паленаваўся і зноў схаваўся ў засені.
Даміра нешта разбоўтваў у вялізнай місцы. Убачыўшы Канькова, адсунуў міску, нахмурыў бялесыя, выгарэлыя бровы.
— Адведаць вось прышоў, — у Канькова адразу зніклі раней прыдуманыя словы.
— А я табе радня якая? Ці мо паспачуваць хочаш? Як там партызан Тарас Даміра бліны пячэ...
— Хоць прысесці запрасі.
— Месца колькі хочаш, толькі ў мяне часу на пустыя размовы няма.
Канькоў пакутліва падбіраў патрэбныя словы. Яны ж, як на тое ліха, былі нязграбнымі і зусім не тымі.
— Доўга надакучаць я табе не збіраюся. Прышоў вось запытаць, што ты рабіць думаеш?
— Гэта ўжо не твая справа. Вы сваю зрабілі, цяпер няхай мая галава баліць.
— Ну, так лёгка ты ад мяне не выкруцішся. Я сур’ёзна пытаюся, дзе ты працаваць збіраешся.
— Ягады збіраць буду, — злосна адрэзаў Даміра.
— Работа чыстая. Толькі не падабаецца мне твая размова.
У Даміры пераламалася правае брыво, палезла ўверх.
— Не па нраву, кажаш. Вунь бог, а вунь парог... Без дарадчыкаў абыйдуся.
— Бога не бачу, а парог сам знайду. На каго ты, Тарас, крыўдзішся? На мяне? На Сяльчонка? На бюро? На калгаснікаў? Пасады, можа, шкада? А ці помніш, Тарас, як цябе хацелі камандзірам атрада паставіць? Што ты тады адказаў? «Не магу, умення не хопіць. Я прывык фашыстаў радавым біць». Хапіла ж у цябе тады шчырасці сказаць, што не справішся. А вось цяпер не хапае сілы прызнацца, што не здолеў калгасам кіраваць. А што не здолеў — факт!