Выбрать главу

— Здолеў бы, каб памаглі! I ты мне маралі не чытай. Я сам цяпер — во які вучоны!

— Не дайшло, відаць, да цябе. Скажы, Даміра, за што ты ваяваў?

Даміра недаверліва пазіраў на Канькова.

— Вядома за што, за Савецкую ўладу...

— А калі паслухаеш цябе, дык здаецца, быццам ваяваў ты за пасаду, Ды яшчэ за тое, каб ніхто табе не мог слова сказаць.

— Ну, дык дабівайце мяне. Вось ён, Тарас Даміра, сем разоў страляны партыэан, — і, ужо зноў забыўшыся на ўеё, закрычаў. — На каго злуюся, ведаю. Дземідзенку слухалі.

— Пачакай, пачакай, дзівак. Не Дземідзенка ж цябе вучыў у справаздачы лічбы перапраўляць?

— 3 табой мы ўсё роўна не згаворымся. Ідзі ты, Канькоў, лепей у кантору, ды баб агітуй. Глядзі, каб Матрона Башукевіч табе ферму не разваліла.

Яшчэ раз злосна зірнуўшы на Канькова, Даміра пабег на кухню. Там ён дастаў з паліцы муку, ледзь не палову кулька высыпаў у міску. Канькоў прайшоўся па хаце. I тут ён заўважыў рамку, што ляжала на лаўцы. Асцярожна, каб не выпала шкло, прыўзняў яе: з рамкі на яго глянулі праніклівыя, засмучоныя нечым вочы Анюты.

Канькоў доўга глядзеў на партрэт Даміравай жонкі, ціхай, зусім непрыкметнай жанчыны. Калі, бывала, здаралася заходзіць яму да Даміры, Анюта неяк незаўважна падавала на стол закуску, потым садзілася на край лаўкі і ўвесь вечар маўчала, быццам яе і не было ў хаце. «Чаму ў яе такія вочы? Няўжо яе Даміра крыўдзіў?» Канькоў успомніў, як на могілках, калі апусцілі труну ў магілу, у Даміры раптам скалануліся плечы, потым абвіслі, быццям нехта перабіў яму ключыцы. «А што я ведаў пра іх жыццё? — думаў Канькоў.— Лічыліся сябрамі. Няўжо я быў вінаваты больш за Даміру ў яго памылках?»

Ён убачыў цвікі і малаток, якія ляжалі ў кутку. Нешта, відаць, перашкодзіла Даміру прымайстраваць партрэт да сцяны. «Дзе ж ён хацеў павесіць партрэт? Напэўна, тут, на самым відавоку».

Ён узяў цвік, малаток і, не звяртаючы ўвагі на Даміру, пачаў убіваць яго ў сцяну. Прымерыў рамку. Убіў унізе яшчэ два цвікі.

— У цябе, можа, шнур які знойдзецца? — запытаўся ён, не паварочваючыся да Даміры.

Адказу не было. Канькоў азірнуўся, усё яшчэ трымаючы партрэт у руцэ. Тарас стаяў, прыхіліўшыся да вушака. Яго плечы, як і тады, на могілках, калаціліся пад старой, выгарэлай гімнасцёркай.

Канькоў, нячутна ступаючы, падышоў да яго, спыніўся, нерашучы і збянтэжаны. «Што я павінен рабіць у такі час? — думаў ён. — Гаварыць. Але навошта тыя словы. I ўсё ж яны патрэбны. А якія?»

Даміра плакаў, чуліся яго прыглушаныя стогны.

— Даруй, Тарас, — не разумеючы нават чаму, сказаў Канькоў.— Калі можаш, даруй.

Даміра павярнуўся. Твар у яго быў сухі, але нейкі адразу пачарнелы.

— Каб ты ведаў, кім яна была мне... Ды я без яе прападу зусім. Я за гэтыя паўтара года, як даведаўся пра яе лёс, крывёй сышоў. Як у тумане хадзіў. Сяджу на сходзе, а сам пра яе думаю, пра сябе.

— Дзецям хацеў бліноў напячы?

— Яна, бывала, блінамі іх карміла. Папрасілі сёння: напячы бліноў. А я цеста не ўмею зрабіць. Поліўка нейкая атрымалася. Наліў на патэльню — не адстае.

— А дзеці дзе?

— На вуліцу адправіў. Глядзяць яны на маю работу здзіўленымі вачанятамі і, здаецца, што дакараюць мяне. Разы тры патэльня з рук вывальвалася.

—Давай спачатку партрэт павесім. А пасля ўжо за бліны возьмемся. Шукай вяроўчыну якую.

Даміра прынёс шпагату. Канькоў прымацаваў шпагат да рамы, павесіў партрэт на сцяну. Тарас стаяў пасярод хаты, анямелы, у безвыходнай журбе. Канькоў абняў яго за плечы.

— Нам з табой, Тарас, давялося хаваць не мала самых дарагіх і блгзкіх людзей. I калі мы засталіся жыць, дык не для таго, Тарас, каб гібець у журбе і горы. Помніш, як мы вялі бой за Пагодзінскі мост. Дзесяць нас тады было. I калі паміраў хто, мы гаварылі: весці агонь і за яго. Мы тады выстаялі, Тарас. I толькі таму, што мы біліся і за жывых і за мёртвых, якія не паспелі кончыць сваю справу.

— Цяжка мне.

— Вельмі цяжка, Тарас. Каб папрасіў ты ў мяне кавалак майго жыцця для Анюты — аддаў бы.

— Як не хацелася ёй паміраць. За мяне баялася. Яна мяне з аднаго позірку разумела.

Яны памаўчалі, прадаўжаючы стаяць абняўшыся. Потым Даміра запытаўся:

— Ты не думай, што я які баламут. Гора мяне падсекла. Я яшчэ пакажу сябе.

— Такіх у архіў не спісваюць. Толькі не сядзі адзін. Ідзі працаваць.

— На каго ж дзяцей кінуць?

— I гэта прыдумаем.

У хату ўвайшла Волечка, за ёй перакуліўся цераз парог Коля. Канькоў пазіраў на дзяцей і, шчыра кажучы, дзівіўся: не ў прыклад бацьку, яны былі чыстыя, прычасаныя. Не зважаючы на чужога, дзеці падбеглі да бацькі, абхапілі яго за ногі і наперабой пачалі хваліцца: