Выбрать главу

— А я ела бліны...

— Я таксама еў.

Даміра чамусьці незадаволена моршчыў лоб, а дзеці прадаўжалі расказваць пра тое, як іх карміла і мыла цётка Ніна.

— Хто ж гэта? — пацікавіўся Канькоў.

Тарас спачатку зрабіў выгляд, што не пачуў, а калі Канькоў паўтарыў пытанне, неахвотна адказаў:

— Шумейкава, даяркай працуе. Не люблю я, калі самі на паслугі набіваюцца.

— Малайцы камсамольцы! А я толькі думаў іх скіраваць на тое, каб табе памаглі. Аж яны самі дадумаліся. Так што ты, брат, гэтага не цурайся. Наш партызанскі закон: узаемавыручка.

V

Даўно ў Закружжы не было такога вяселля: з кветкамі, стужкамі, песнямі, скокамі і караваем. Гасцей панаехала і панайшло шмат. Ні адна закружская хата не ўмясціла б такую процьму народу. Таму пад вясельныя сталы забралі клуб. Дзяўчаты-шаферкі напярэдадні павымывалі сцены і падлогу, пад столлю развесілі гірлянды з каляровай паперы, у кутку, супроць сцэны, за сталом паставілі жытнёвы сноп, а ля яго прымацавалі да сцяны два ручнікі. Сноп — пажаданне маладым жыць багата, ручнікі азначалі сямейную згоду. Клуб неяк адразу пасвятлеў, набыў тую ўтульнасць, якой так не хапала яму. А назаўтра, калі гуртам і па аднаму прышлі госці, старым здалося, што не вяселле будуць спраўляць тут, а кірмаш, якога даўно ўжо не было ў ваколіцы.

На сцэне размясціліся музыканты. Даўгалыгі з перабітым носам Хведар Гаўрылец, у вышыванай кашулі з чырвонай стужкай, што была прышпілена на грудзях, — шафер маладога, — трымаў яшчэ бацькоўскі гармонік.

Рыжы Лёнька Зайчык, трымаючы балалайку, спрабаваў схаваць рукі ў кароценькіх рукавах пінжака. Збоку яго прымасціўся Аўтух Нямога, ленаваты мужчына гадоў пад пяцьдзесят, першая і апошняя скрыпка ў аркестры.

За сталом размяшчаліся па радні. Пад снапом селі маладыя. Еве падклалі падушку, каб нявеста выглядала больш самавіта. Адна справа — прыгажосць, іншая — рост. Малая нявеста — лішнія кпіны. Ды і што за нявеста, калі яе за сталом не відаць. Пад стол жа Еву хаваць няма патрэбы: з твару яна не брыдкая.

На Еве белае бліскучае плацце з блакітным поясам, ледзь падсінены вэлюм удала прыколаты да валос паўмесяцам з кветак. Сёння Ева крыху бледнаватая — хвалюецца, хоць выгляду не падае. Па прывычцы распараджаецца і тут, улазіць у справу, якую належыць рабіць гаспадыням.

— Дзяўчаты, сюды хадзіце,— крычыць яна даяркам, якія купкай стаяць ля дзвярэй.

— Села, вось і сядзі, — шэпча свацця. — Не дзяўчат табе, Евачка, цяпер трэба пільнавацца.

Малады ў новым гарнітуры з чырвоным бантам на лацкане пінжака, прабраўшыся за стол бокам, спаважна садзіцца побач з Евай. У яго крыху збянтэжаны выгляд, і гэта адразу заўважаюць госці. Хлопцы ў куточку жартуюць:

— Папаўся, хто кусаўся!

— Не глядзіце, што малая — вочы павыдзірае.

—Хлопцы, што я чуў, каб вы ведалі... Учора Максім да Канькова бегаў; прасіўся ў брыгаду меліяратараў. Далібог, Еўчына работа!..

— Пачакай, яна яго яшчэ на ферму пашле.

Абапал маладых садзяцца шаферы і шаферкі. Потым сваты і свацці, а далей ужо блізкая і далёкая радня.

Канькова з Верай пасадзілі бліжэй да маладых.

— Прыпар, а мы гуляем, — гаворыць ён Веры.

Стары дзед Анісім супакойвае старшыню:

— Ты, Мацвеевіч, людзям давярай. Яны цябе на падвядуць. Сёння пагуляюць, а заўтра ўтрая зробяць. Чалавек не машына. Яму адхланенне трэба.

Вера адчувае сябе ніякавата, хоць ёй вельмі падабаецца гзтая буйная весялосць.

Пад вокнамі і ў дзвярах натоўпы цікаўных хлапчукоў і дзяўчынак. I Веры ўспамінаецца, як некалі вось такой жа нямоглай дзіяўчынкай і яна бегала глядзець маладых. Даўно гэта было, вельмі даўно, а так выразна прыпамінаецца ўсё, быццам не прайшло яшчэ і года.

Дзед Анісім налівае поўную чарку, жартуе:

— Бачыш, дачушка, як табе спрыяю. Цераз верх цячэ. Сумнавата табе ў нас крыху, але людзі ўсюды родныя, — ён падносіць сваю чарку, нязграбна трымаючы яе ў каструбаватых, нягнуткіх пальцах.

— Горка! — крычаць з далёкіх сталоў.

— Есці нельга!..

— Палын, а не ежа..

— Го-о-о-рка!..

Ева адмахваецца і рагоча, закідваючы галаву на залацісты аржаны сноп. Максім, трымаючы ў руцэ чарку, нахіляецца да яе, выцягвае губы і нясмела цалуе.

— Ы-ы-х, — барадаты Мікола Шумейка гудзе басам, — мне б такое шчасце выпала...

— Сядзі, стары, адцалаваўся ўжо,— штурхае Міколу жонка.

Аўтух Нямога, выпіўшы адразу тры чаркі, узлез на сцэну, спрабуе перакрычаць гасцей:

— Маладым нашым, Максіму Лявонавічу і Еве Андрэеўне, каб добра жылося, у хаце вялося, каб не было сваркі, каб у місе плавалі скваркі, каб сто гадоў пражылі, дзяцей нагадавалі, ажанілі і замуж аддалі ды і пра нас не забывалі — пажадаем многія годы. Ура!