Выбрать главу

Маршы іграюць усім: шаферам, сватам, бацькам, гасцям і тым, хто хоча пацешыць сябе. Аўтух Нямога добра ведае, каму што пажадаць.

Іграючы на скрыпцы, ён шныпарыць вачыма па людзях, ацэньваючы бесспамылкова, хто і колькі пакладзе грошай на талерку. Калі чалавек салідны, яму і марш салідны, і велічанне адпаведнае.

За сталом паводкавай хваляй шуміць бяседа.

— Канькоў, Васіль Мацвеевіч, думаеш, не разумеем, што цяжка табе? Усё бачым і паможам, — крычыць дзед Анісім.

Старшыня сур’ёзна заўважае:

— Дык хіба вы не для сябе працуеце? Не дапамога, а добрая работа патрэбна.

— Яно так толькі гаворыцца. Даміра, бывала, казаў: «Мой калгас», «Ты ў мяне работнік нікуды не варты». Вось і прывыклі, быццам не для сябе, а для Даміры стараліся.

— За вочы нагаворваць на чалавека няма чаго.

— Няўжо ж не запрасілі Даміру? — чуецца шэпт.

— Ён жа нявесту вунь як падтрымліваў.

— Добрае забываецца хутка.

— Сама бачыла, як Еўка да яго хадзіла. Не пайшоў.

— I малайчына. Жонку шануе.

Даяркі сядзяць гурбой, расчырванеліся, падліваюць адна другой у чаркі, але не п’юць, а толькі прыгубляюць.

— Піце, дзеўкі, і шабаш дзела, — падахвочвае іх Раман Дзяжэвіч.

— А кароў хто даіць будзе?

— Ен вып’е і шабаш дзела, спаць ляжа.

— Вось бы пра падкормку падумаў.

— Дабярэцца Канькоў да цябе, пачакай.

Дзяжэвіч выпівае шклянку адным дыхам, закусвае селядцом і толькі тады адказвае даяркам:

— Я чалавек вёрткі: ты мяне пад лёд, а я адтуль з рыбкай у роце.

— А мы цябе не пад лёд, а за вушка ды на сонейка. 3-пад ільду ты вынырнеш...

Ева ўвесь час штурхае пад бок маладога. Той пасля кожнага катурха асцярожна ставіць на стол чарку, тлумачачы гасцям:

— Аріганізма нешта не дазваляе. Прабачце ўжо!

— Не можна яму, — падхоплівае Ева. — У яго галава пасля выпіўкі баліць. Валянціна Іванаўна, доктар, сказала, што гэта гарлатанія.

Вера ледзь стрымлівае ўсмешку: любіць Ева мудрагелістыя словы, а вымаўляць іх не ўмее.

— Піце, госцейкі, ешце, не крыўдзіце маладых, — запрашае гасцей Максімава маці.

Пад вокнамі і на ганку таксама ідзе гамонка.

— Не думана, не гадана —вяселле.

— Кумачка, цяпер дзеўкі не тыя. Гэта мы, дурныя, чакалі, пакуль у сваты прыедуць. Самі на шыю вешаюцца.

— Такому, як Максім, не надта павесішся.

— Пагаварвалі ж, што Башукевічаў сын лістамі з арміі яе закідваў.

— Башукевічаў?.. Добры хлопец, няма чаго казаць.

— I добра зрабіла, што не чакала. Калі яшчэ прыедзе, ды ці ўзяў бы?..

— I то праўда.

VI

А Макар Башукевіч ішоў пехатою, не падазраючы нават, што пра яго ідзе гаворка ў Закружжы. Емкаваты салдацкі чамадан здаваўся лёгкім. Ссумаваўся Макар па Закружжы, па маці, па вечарынках, ды, што грахі таіць, і па Еве. I хоць ён быў яшчэ далекавата ад Закружжа, але ўсё навокал ужо напамінала аб ім. I дарога, што збягала з аднаго пакатага ўзгорка толькі, відаць, для таго, каб зноў узабрацца на другі, яшчэ больш круты; і парадзелыя лясы, і маленькія ручайкі-рачулкі, дно якіх зусім перасохла; і нават неба, такое неабдымнае і сіняе...

Макару вельмі хацелася, каб трапіць у Закружжа днём. Прайшоўся бы па вуліцы на зайздрасць хлопцам. Як ні кажы, а шырокай чырвонай палоскі на пагонах і трох значкоў на гімнасцёрцы яшчэ ні ў кога не было з закружскіх хлопцаў! Нажаль, на ранішні аўтобус спазніўся, і вось давядзецца прысці дамоў у прыцемках, калі вуліца бывае пустой.

Макар уяўляў, як здзівіцца маці, калі ён пастукае ў шыбу. Ён ужо чуў яе ўстрывожаны голас: «Хто там?» «Пусціце пераначаваць, калі ласка. 3 дарогі збіўся», — адкажа ён падробленым, чужым голасам.

Маці адчыніць акно, пляскане рукамі, прыцісне далоні да грудзей: «Макар, сыночак, паслухаўся ўсё ж... Не пакінуў мяне адну».

Яна выбежыць на двор, абхопіць яго за шыю, і яны пацалуюцца. Потым маці захоча адабраць чамадан, каб абавязкава самой занесці яго ў хату.

Цяпер ён чамадан ёй не аддасць. За тры гады паразумнеў. Не тое, што тады, як ішоў у армію. Тады ён выпіў і маці несла яго чамадан, а ён ішоў, абняўшы Ксеньку за плечы, і кляўся ёй у каханні. Пасля, калі пачалі развітвацца і маці хацела пацалаваць яго, дык ён адвярнуўся, чамусьці засаромеўшыся матчынага пацалунку. Праўда, ён развітаўся за руку і з Ксенькай, але з ёю ён нацалаваўся напярэдаідні. Цяпер яму добра вядомы смутак растання і радасць сустрэчы.

У думках добра маляваліся ўсё новыя і новыя дэталі сустрэчы. Маці спячэ яечню, паставіць на стол міску смятаны, нарэжа хлеба і, вядома, прынясе бутэльку гарэлкі. Ён будзе есці, а яна расказваць. Паскардзіцца на Даміру, перакажа вясковыя навіны.