«А што яна будзе казаць пра Еўку, — тое пісьмо надта засмуціла Макара. — Няўжо і яна хлусіла мне ў пісьмах». Мусіць, маці проста недалюблівае Плескачыху, таму і спаганяе злосць на Еве. Што, каб прайсці ля клуба. Можа, Ева будзе яшчэ там. «Макар, — здзівіцца яна, — чаму ты мне не напісаў? Я цябе сустрэла б». Можа і праўда, зрабіў глупства. Трэба было б напісаць. Ева сустрэла б. Яна такая. Баявая дзяўчына.
Макар яскрава ўявіў сустрэчу з Евай. Пакуль ён вітаецца са сваёй маці, Еіва стаіць воддаль, яе прыпухлыя вусны паўраскрыты, карыя вочы пабліскваюць хітравата і задзірліва: а са мной пацалуешся? Ён падыходзіць, абнімае яе і моцна цалуе ў тыя спакуслівыя пунцовыя вусны.
Макар зусім не заўважыў, што падышоў да вёскі. А яна была ўжо недалёка, за рэчкай, чарнела на пагорку сілуэтамі прысад і пабудоў. Перамяняючы чамадан на другую руку, Макар на імгненне спыніўся і тады выразна пачуў у начной цішы млявы голас гармоніка.
«Вечарынка!» — мільганула ў галаве думка. Ён паставіў чамадан, прыслухаўся. 3 вёскі, прыглушаны далечынёй, далятаў да яго аднастайны говар ладоў, ценькае піліканне скрыпкі, — шум вялікай вечарынкі.
«Проста на вечарынку трапіў», — падумаў ён. Уладна пацягнула туды, дзе сабраліся хлопцы і дзяўчаты. Макар пакрочыў яшчэ больш жвава.
На вуліцы трапляліся людзі. Праходзілі міма, не вельмі звяртаючы ўвагу на Макара. Ужо непадалёк ад клуба незнаёмыя хлопцы перагарадзілі яму дарогу, зацягнуліся папяроскамі, каб хоць пры цьмяным святле разгледзець, хто ідзе.
— На пабыўку, сяржант? — запытаў адзін з іх.
— Назусім.
— Нашага палку прыбавілася.
— А што тут у вас?
— Вяселле. Спяшайся, а то пап’юць усё.
Хлопцы пайшлі, а ў Макара ёкнула ў грудзях. Усміхнуўся: пуджаная варона куста баіцца.
Ля клуба на пляцоўцы поўна народу. Два ліхтары адганяюць ноч за прысады. У паўзмроку віхрам носяцца пары — танцуюць польку.
Макар падыходзіць усё бліжэй. Трапляе на асветленую паласу, і тады нехта вылузваецца з натоўпу, кідаецца да яго, абдымае.
— Макар... Цімафеевіч... Глядзіце, хто прыехаў!
Макар пазнае Дзяжэвіча. Брыгадзір ледзьве стаіць на нагах.
— Малайчына, у самы разгар трапіў. Гарэлкі во! — рабром далоні ён праводзіць па шыі. — Хадзем вып’ем, і шабаш дзела!..
Макару робіцца няёмка, Ён выслабаняецца з учэпістых рук брыгадзіра, той, страціўшы апору, пераступае з нагі на нагу і зноў хапаецца за Макара.
— Дзядзька Раман, што вы, сорамна неяк мне...
— Сорам не дым. А ты плюнь. Што такое сорам? Цьфу — вось што. Ды потым я тут гаспадар.
П’яная балбатня Дзяжэвіча супакоіла Макара.
— Дачку аддаяцё? — пытаецца ён.
— Больш чым дачку, — мармыча Дзяжэвіч. — Хадзем, брат, і шабаш дзела.
Дзяжэвіч сілком цягне Макара. Абодва ўразаюцца ў натоўп, з цяжкасцю пракладваючы сабе дарогу.
— Глядзі, Макар!
— Які Макар?
— Башукевіч!
— Ну?!
Макар азіраецца, але Дзяжэвіч зноў цягне яго.
— На нагу наступіў, чорт!— крычыць нехта і моцна грукае ў брыгадзіравы плечы кулаком.
Ад такога кухталя Дзяжэвіч ляціць потырч, Макар спрабуе яго ўтрымаць, і яны абодва вылятаюць на круг, у самы вір полькі. Першая пара імкліва пралятае міма, абдаўшы Макара вецярком, затое другая з разгону збівае Дзяжэвіча з ног, і ён ляціць на натоўп, што абступіў ігрышча. Макар не паспявае яго нават утрымаць. Пара спыняецца. Макар бачыць белы вэлюм, вянок з кветак, задзёрты кірпаты нос і быстрыя палахлівыя вочы. Ен спрабуе злавіць іх позірк, а яны хаваюцца ў цемнаце веек. Нешта гарачае і п’янае б’е Макару ў галаву. Вочы ўжо нічога не бачаць, апрача вэлюма і вянка з кветак. I здаецца, што ўсё сціхла, хоць недзе далёка бязладна мітусяцца, скачуць пары.
— Сітуацыя! — чуе Макар за сабой голас, які і выводзіць яго з утрапення.
Ён паварочваецца, натоўп расступаецца перад ім. Да Макара далятаюць словы:
— Пабялеў аж...
— Трэба ж было якраз патрапіць.
— А во... Ці ён дзеўкі не знойдзе?!.
— Як ні кажы, а з носам.
Макар спорна адмервае крокі. Яму хочацца ўцячы далей ад гэтага месца, ад назойлівых гукаў гармоніка і скрыпкі.
«Значыць, праўду казала маці. А я, дурань... Ну, пачакай жа... Цяпер ні адной не паверу. Усе роўныя... За пісьмамі хадзіў у горад. Ліха з ёй... Падумаеш, будзе лепшая...»
А перад вачыма ўсё яшчэ стаяла тая Ева, якую выпеставаў у думках: задзірлівая, кірпаносая, з ямачкамі на шчоках.
У хаце не было святла. Макар узышоў на ганак, спыніўся, перавёў дыханне.
«Чорт з ёй, круцелькай!» — услых вылаяўся ён і пастукаў у дзверы.