3 хаты ў сенцы рыпнулі дзверы. Босыя ступакі прашлёпалі па падлозе, заціхлі.
— Хто там? — запытаўся з сянец мужчынскі голас.
У Макара перасохла ў горле. Ці не трапіў ён з гарачкі ў чужую хату. Азірнуўся. Як апёкшыся, адскочыў, паставіў чамадан. Не, гэта была хата. яго маці. Зайшоў.
Мужчына чыркнуў запалкай. Скупаватае святло разагнала цемрач.
— Дык гэта ж Макар! — сказала маці. У яе голасе Макаіру пачулася трывога. Маці ўхапіла плацце, пачала адзяваць яго праз галаву.
Мужчына запаліў лямпу. Цяпер Макар добра разглядзеў яго. Так, гэта быў ненавісны Пацей, закружскі цаштавік Дземідзенка.
Даўно, неяк адразу пасля вайны, яшчэ пры жыцці бацькі, падслухаў Макар размову Даміры з маці.
— Хвастом круціш...— злосна пазіраючы на маці, гаварыў Даміра.
— А табе што? Ну, мілы ён мне.
— Каб з кім, ато з Пацеем,— Даміра вылаяўся, плюнуў.
— У цябе парады не папрашу...
3 таго часу засела ў Макаравай галаве, як стрэмка, нянавісць да Пацея. Доўга не мог ён глядзець у вочы і маці. Сачыў за ёй усюды пільнымі юначымі вачыма. Потым, калі памёр бацька, падазронасць хлопца падвоілася. I вось не ўпільнаваў...
Дземідзенка адзеўся, павязаў гальштук. Маці мітусілася ля печы.
— Нечакана ты.
— А мы вось тут па-старыкоўску жывём,— Дземідзенка сеў ца канапу, дрыжачай рукой падкруціў рыжыя вусы. Макар паглядзеў на яго з несхаванай нянавісцю і агідай. Маці распальвала трэскі на прыпечку. Усё выпадала ў яе з рук, яна з боязню паглядала на сына і войчыма. У яе вачах была з'бянтэжанасць і нейкая пакорлівая дагодлівасць.
— Я ўжо думала, не прыедзеш,— гаворыць яна чужым голасам.— Чаго табе на цаліну ўздумалася ехаць?
— Мусіць, лепей было б, — адказвае Макар. Пякучая крыўда душыць яго: ён жа тут лішні. Навошта толькі было адгаворваць яго ад паездкі на цаліну.
— Мы вас, Цімафеевіч, вельмі чакалі. Маці, калі атрымала пісьмо, увесь дзень плакала.
— Адзіны ты ў мяне, і раптам такое пісьмо...
«А Пацей?» — злосна падумаў Макар!
Маці ставіць на стол яечню. Дземідзенка прыносіць з сянец паўлітра гарэлкі, адкаркоўвае бутэльку, налівае ў чаркі. «У нас такіх не было»— думае Макар.
Яны сядзяць з трох бакоў стала, далёкія і незадаволеныя адзін другім.
— За шчаслівы, так сказаць, зварот у родныя пінаты,— важна гаворыць Дземідзенка, падымаючы чарку. Трымае ён яе двума пальцамі, смешна адставіўшы астатнія.— Каб, значыць, усё ў лад ішло.
Ён хоча чокнуцца, але Макар падымае чарку і паспешліва п’е.
— На здароўечка, Цімафеевіч,— ківае галавой Дземідзенка.
Маці падсоўвае відэльцам сакоўныія скваркі.
— Еш, а то там, напэўна, не надта ласаваў.
— Кармілі добра...
— Жывём мы, дзякуй богу,— гаворыць Дземідзенка, і гэтае «мы» балюча кранае Макара. — Я Матроне Максімаўне даўно казаў: напішы сыну, вам тоісць. А яна саромелася ўсё. Яно, так сказаць, вашая справа па маладосці вядомая: свая сям’я будзе, ну, а Максімаўна як бы і ні пры чым.
У Макара непрывычна кратаецца павека. Ён прытрымлівае яго пальцам, чуе, як пад ім ліхаманкава б’ецца жылка.
— Вяселле ў нас сёння,— ні з таго, ні з сяго гаворыць маці...
— Прыпар, а ў нас гулянкі,— падхоплівае Дземідзенка. — Парадку няма. Як у арыфметыцы, ці два разы па тры, ці тры разы па два — здабытак аднолькавы. Змагаюся за праўду адзін, як той рыцар.
— Табе, Толя, больш за другіх трэба, — маці па-дзявочаму пачырванела ад таго, што назвала Дземідзенку пры сыне Толем.
— Такі ўжо я неспакойны,— звяртаючыся да Макара, растлумачыў той.— Пасада ў мяне незайздросная. На задворкі выпхнулі... А чаму? Бо праўду-матку паважаю. Чалавеку далікатнай натуры цяжка жыць у наш час.
— А дзе ваша тая жонка?
Маці дакорліва паглядзела на сына.
— Вы пра Алену Міхайлаўну? Пытанне вашае, малады чалавек, не тактоўнае, але вас я не вінавачу. У глухамані на пачцівасць не вельмі глядзяць. На пытанне ваша, аднак, скажу,— Дземідзенка ўздыхнуў, пасунуўся да Макара, панізіў голас: — Яна вось усё разумее. У вашай маці вельмі багатая душа. А лёс вёў, вёў яе па дальніх сцежках, пакуль не прывёў да такой жа душы. Тут удумацца трэба толькі. Вы вось асуджаеце маці. Па вачах вашых бачу, што думаеце. Навошта, маўляў, яна выходзіла замуж. I зноў я вас у гэтым не вінавачу. Чалавек у першую чаргу пра сябе думае. Вам хацелася б, каб маці ўсю ўвагу толькі вам аддавала. А маці пра сябе думае. Яна хоча пажыць на поўныя грудзі. Цяпер аб сабе больш трэба клапаціцца.
— Шкурніцкі ў вас падыход да жыцця,— не вытрымаў Макар.
Маці з затоенай боязню пазірала на мужчын. Некалькі разоў памыкалася нешта сказаць, але, відаць, баялася ўступіць у спрэчку. 3-за стала вылезлі незадаволеныя адзін другім. Дземідзенка злосна соп у рыжыя вусы. Маці кідала на Макара непрыхільныя позіркі. А ён думаў: «Збягу, абавязкова збягу. Няма чаго мне тут рабіць».