Выбрать главу

VII

Горад знемагаў ад спёкі. Нясцерпнай гарачынёй патыхала ад дамоў, асфальтаваных вуліц і нават ад сквераў. Дачасна пажаўцелі, згарнуліся лісты на ліпах, павыгарала трава ў парках. Толькі на газонах цвілі браткі ды астры.

Вуліцы не паспявалі паліваць: яны адразу ж высыхалі. Тады машыны ўздымалі сухі, перацёрты пыл. Ён вісеў шызай смугой у паветры да позняй ночы. Пад раніцу асядаў, прыцярушваючы бурую траву жаўтаватай пудрай.

Пасля раскошы падзвінскіх паплавоў Льву Раманавічу было душнавата. Ён не паспяваў выціраць твар. I ад таго, што вельмі часта цёр па ім насоўкай, лоб і шчокі балюча гарэлі. Ды яшчэ ўедлівы пыл непрыемна казытаў у горле і носе.

«Цяпер,— думаў Алексіч,— добра было б прайсціся па поплаве босаму. Атава адрасла, трава мяккая, аксамітная. А потым выкупацца б у Пітамцы!» I раптам яму прышла на дзіва простая думка. Што, наогул, яму рабіць у сталіцы? Вывучаць гэтую пажухлую траву ў парку або, нават, на вопытным полі? А лепшае вопытнае поле, чым у Закружжы, цяжка знайсці. Няўжо навуковыя работы можна пісаць толькі вось тут, у сценах акадэміі? Ну, можа, фізікам, хімікам, літаратарам, філосафам варта сядзець у цішы лабараторый ці архіваў. А наша месца там, у калгасах. Ды і дысертацыі трэба пісаць там жа. I перш чым несці іх на вучоны савет, аддаць на суд калгаснікаў. Лёнька Зайчык або Дзямід Пракуда такіх заўваг наробяць, што ніколі і не прадбачыў бы. Бліжэй да жыцця, да людзей! Найвялікшыя адкрыцці чалавецтва нарадзіліся якраз не ў кабінетах, а ў маленькіх хацінках, у глушы. Цыялкоўскі вынайшаў ракетныя рухавікі ў Каломне, Мічурын вывеў новыя пароды пладовых дрэў у Казлове, а першы паравоз паявіўся на Урале. Потым чаму мы так вузка вывучаем праблемы?.. Адзін выводзіць пароды жывёлы, другі новыя гатункі пшаніцы, трэці вывучае лугі. А хто займаецца ўсім комплексам сельскагаспадарчых задач? Эканамісты? Але не ўсе яны дасканала ведаюць тэорыю земляробства і таму таксама абстрактна вырашаюць свае праблемы. А што, каб разам узяцца за ўсё адразу. Разлічыць, спланаваць, ажыццявіць поўны комплекс работ па ўзмацненню такіх калгасаў, як закружскі «Маяк». Я ведаю травасеянне, заатэхнію, ветэрынарыю, паляводства. А эканоміку? Толькі ў аснове. Мала! Сёння ж засяду!..

Ён адчыніў цяжкія дубовыя дзверы, зайшоў у вестыбюль. Там панавала прахалода, мабыць, гэта толькі здавалася пасля доўгай хады па яркай вуліцы.

Не заходзячы да сябе, Леў Раманавіч пайшоў да Алега Пятровіча. У пярэднім пакоі бялявая Любачка друкавала нешта на машынцы. Убачыўшы Льва Раманавіча, яна перастала друкаваць, прывіталася.

— Алега Пятровіча, відаць, няма?

— Ёсць, ёсць. I вас даўно чакае. Мы ўжо думалі, што вы не прыедзеце.

— I былі вельмі рады?..

— Не... — збянтэжылася Любачка.

3 кабінета вышаў Алег Пятровіч, моцна паціснуў руку, запрасіў:

- Заходзь, калі ласка.

Як і месяц назад, у кабінеце было адчынена акно. Як і тады, ярка свяціла сонца. Яны селі адзін супраць другога. Потым Алег Пятровіч дастаў з папкі канверт, павярцеў яго ў руках.

«Зноў заява...» — абыякава паДумаў Леў Раманавіч.

— Што ты там нарабіў? — Алег Пятровіч прыжмурыў вочы, але чамусьці ўсміхнуўся. — Мы тут нічога не ведаем, а нейкі Іван Іванавіч Ашман піша нам пісьмо, просіць адклікаць яго ў Беларусь, каб ажыццяўляць твае праекты.

Алексіч і сам нічога не разумеў. «Ці не жартуе Алег Пятровіч?» Але той не жартаваў.

— Я ўжо ўсе часопісы і газеты перагледзеў, — прадаўжаў ён. — Думаў, можа ты сам дзе пісаў ці карэспандэнт які. Але нідзе нават радка пра вашы справы не знайшоў, калі не лічыць аднаго крытычнага артыкула аб калгасных справах ды яшчэ аднаго пісьма, таксама крытычнага парадку.

— Сам не ведаю, адкуль ён пачуў пра маю работу,— шчыра адказаў Алексіч.

— Выходзіць, добрая справа мае хуткія крылы. Ну, расказвай усё, толькі па парадку.

Леў Раманавіч коратка расказаў пра тую работу, якую ўдалося правесці, не прамінуў падзяліцца сваім планам пераехаць на год-другі ў Закружжа.

— Бліжэй да жыцця?

— Так. У само жыццё.

— Гэта вельмі добра. Праз тры дні даложыш пра ўсё на прэзідыуме. Толькі што быў у прэзідэнта. Ён таксама вельмі зацікавіўся і пісьмом гэтага Ашмана, і тваёй работай. А цяпер, не хацелася мне псаваць табе настрой, але, напэўна, давядзецца, — ён пільна паглядзеў у вочы Алексічу, быццам хацеў у іх глыбіні прачытаць яго думкі. Леў Раманавіч захоўваў спакой, быццам тое, што будзе сказана зараз, датычыць не яго, а кагосьці далёкага і незнаёмага.— Паступіла тут на цябе скарга, адным словам, абвінаваўчы акт. Абвінавачваюць цябе ў маральным разлажэнні, пішуць, быццам ты кінуў жонку, ездзіў у калгас зусім не для таго, каб весці навуковую работу, а каб зноў сысціся з ёй. Але як толькі атрымаў ліст ад першай жонкі, дык кінуў другую і зноў паспяшаўся ў Мінск.