Выбрать главу

Пісьмо ўразіла Алексіча. Неспакойныя, пакутлівыя думкі апанавалі яго. «Хто мог так перакруціць факты? Што гэта ўсё азначае?»

— Мы можа і не звярнулі б увагі, але, разумееш, пісьмо было напісана на інстытут. Выпадкова яго распячатаў Мажэйка. Ну, і, вядома, як толькі дазнаўся, што Лілія Нікадзімаўна табе пісала, адразу прыбег да мяне. Я спрабаваў угаварыць яго. Нават трапіў у няёмкае становішча. Кажу яму: «Паклёп гэта, Іван Іванавіч». Дык ён пры мне пазваніў жонцы, а яна кажа, што сапраўды пісала табе. Я, вядома, дрэннага тут таксама нічога не бачу: у яе твой сын. Магла яна, нарэшце, расказаць бацьку пра сына? Я нават і цяпер не ўпэўнены, што ты атрымаў іменна такое пісьмо.

Алег Пятровіч уважліва сачыў за Алексічам. Думаў, што вось зараз ён нецярпліва ўскочыць з крэсла, пачне абурацца, крычаць. Але той чамусьці ўсміхаўся зморанай усмешкай.

— Нажаль, дарагі Алег Пятровіч,—Алексіч зноў ледзь усміхнуўся, — я не магу выкарыстаць вашу падказку, каб апраўдаць сябе. Лілія Нікадзімаўна сапраўды пісала мне пра сына, але з тым разлікам, што я забуду пра ўсё былое.

— Дык ўсё ў пісьме праўда? — здзіўлена запытаў Алег Пятровіч.

— Не зусім. Аўтару, відаць, многае вядома, вось толькі ён не мог мае намеры адгадаць. Калі я ехаў у Закружжа, дык нават і не падазраваў, што сустрэну там Веру Антонаўну. Можа тады я і не паехаў бы. Нашы сустрэчы праходзілі на людзях, за выключэннем адной. Паехаць у Мінск і не пагаварыць з ёй я не мог. I мы пагаварылі. Мне было ведьмі цяжка: я ўсё яшчэ кахаю яе і, мусіць, буду кахаць да самай смерці... Як мне ні было цяжка, але я не выказаў ёй сваіх пачуццяў. Яна зразумела мяне і, павер, Алег Пятровіч, мне здалося, што нават з палёгкай уздыхнула.

Яны доўга маўчалі. Алег Пятровід, шчыра кажучы, не ведаў, што яму трэба гаварыць у такіх абставінах. Яму толькі было незразумела адно, чаму раптам Алексіч гэтак памякчэў, быццам нехта падмяніў яго. Не вытрымаў, запытаўся. Леў Раманавіч адказаў не адразу. Устаў, прайшоўся па пакоі, потым зноў сеў.

— Паплавы ўсё, — нарэшце сказаў ён. — Я за гэтыя дні шмат думаў. Вельмі мы многа і дарэмна спрачаліся ў сценах гэтай установы. 3 сябе віны таксама не скідаю. Ваяваў я супраць Мажэйкі, ну, проста сказаць, з адвагай незвычайнай. А якая з таго была карысць? Спрэчкі ў навуцы трэба весці не за кафедрай, а на месцы. Спачатку я сваю праўду ў адным калгасе дакажу, потым у раёне, у вобласці — вось і спрэчкам канец. Калі ты сапраўды заняты важнай справай, дык, па-першае, часу няма на бязмэтныя спрэчкі, а па другое, раптам пачынаеш бачыць, што важней. Ты вось мне толькі адно скажы, Алег Пятровіч, хто гэта так добра за кожным маім крокам сочыць? Вядома, калі гэта не сакрэт.

— Ніякага сакрэту няма. Нейкі Дзямід Пракуда, пастух.

Алег Пятровіч быў зноў здзіўлены. Алексіч ускочыў, прабег па пакоі, пабарвавеў ад злосці.

— Пакажы подпіс,— запатрабаваў ён. Перш чым прачытаць пісьмо, ён надзеў акуляры, доўга глядзеў на канверт, на подпіс, потым кінуў пісьмо на стол. — Хлусня, падлог... Не ён пісаў...

— Але пісьмо з Закружжа.

— Адтуль. Але нізашто не паверу. Дзямід пра ўсё мне сказаў бы і толькі б тады напісаў.

— Чаму ты так думаеш?

— Бо людзям веру. А гэта нейкі бессаромны хлус пісаў.

— Дык чаго ты хвалюешся?

— А таму, што вось такія тыпы перашкаджаюць і працаваць і жыць. Вось скажы, Алег Пятровіч, напрыклад, вы высветліце, што гэта агідная хлусня, злосны паклёп. Што будзе таму чалавеку? Нічога. У лепшым выпадку палаюць яго крыху. А да яго такія ўшчуванні не прыстаюць, як гарох да сцяны. Затое і мне і вам яго паклёпы немала турбот прынеслі. А чалавек той зноў пачне пісаць, абліваць каго-небудзь брудам. Калі ж такое скончыцца?.. Мне кажуць, каб я не звяртаў увагі. Але ж гэта не вырашэнне такіх спраў.

— Гэта праўда, Леў Раманавіч. Калі на дрэве тырчыць сухі востры сук і кожнаму ён ірве вопратку, дык такі сук абразаюць.

— Вось-вось. Але ліха з ім, ёсць больш важныя справы. Думаю, Алег Пятровіч, брацца за вялікую справу. Хачу, каб не ў адным «Маяку», а ва ўсім Падзвінскім раёне ўзняліся на паляпшэнне паплавоў. Ты і не ўяўляеш, Алег Пятровіч, якія гэта адкрые перспектывы!.. Высокаўраджайныя палі, багатыя сенакосы культурных траў, статкі пародзістай жывёлы, цудоўныя калгасныя пасёлкі — вось якім будзе Падзвінне, вёскі якога былі зруйнаваны вайной. Тады і ў людзей зусім загояцца тыя раны, якія нанесла вайна.