— Адзін думаеш справіцца?
Леў Раманайіч, захоплены знянацку, разгубіўся, але ненадоўга.
— Не, аднаму цяжка. Буду прасіць у акадэміі стварыць комплексную брыгаду з вучоных, якая б дапамагла калгасам усё разумна спланаваць, прадугледзець і ажыццявіць намечаныя планы. Вось, калі падтрымаеце, скажу шчырае дзякуй.
Алег Пятровіч прайшоўся па кабінеце, потым спыніўся перад Алексічам.
— Вось табе мая рука ў знак шчырай падтрымкі. Ну, а калі лічыш і мяне за вучонага, дык бяры да сябе ў такую брыгаду.
VIII
Ева неяк адразу адчула смак да сямейнай утульнасці. 3 ранку да вечара яна тупала па Максімавай хаце, наводзячы ў ёй свае парадкі. Неўзабаве знікла пад столлю павуцінне, зазіхацела падлога, на вокнах паявіліся цюлевыя фіранкі. Хата адразу пасвятлела, набыла абжыты выгляд.
Ева амаль усё рабіла сама. У клубе бывала рэдка. На яго дзвярах цяпер праз увесь дзень вісеў чорны вялізны замок. Людзі былі заняты на ўборцы, таму Еву не асабліва турбавалі. Разы са два толькі прыбягаў Лёнька, пагрозліва крычаў:
— Ты што гэта, Ева, надумала. Усю работу трэба на поле перанесці, а ты зусім клуб на замок!..
— I што ты за ўказчык такі, — адмахвалася Ева. — Без цябе ведаю, што трэба рабіць.
Лёнька абураўся:
— Пачакай, не паглядзім, што ты сакратар камітэта камсамола... Кончыцца тваё спакойнае жыццё.
I яно сапраўды неўзабаве скончылася самым нечаканым парадкам.
У той дзень дамалачвалі азімыя і Максім позна прышоў дахаты. Ева цярпліва чакала яго, хоць ёй абавязкова трэба было сёння ісці ў клуб.
Некалькі дзён назад Ева пабывала ў раённым цэнтры. Хадзіла яна туды па сваіх справах, але па прывычцы не магла абмінуць райком камсамола. Ліпанаву яна сустрэла на калідоры, і размова адбылася на хаду.
— Па справе да мяне? — запыталася Ліпанава.
— Ага, па справе, — схлусіла Ева.
— Тады расказвай адразу, бо мне трэба ў калгас ехаць.
— Хацела, каб да нас лектара прыслалі, — сказала Ева першае, што прышло ў галаву.
— Добра... А на якую тэму патрэбны лектар?
— Пра каханне, — павесялела Ева, добра ведаючы, што такога лектара няма.
Але Ліпанава спакойна адказала:
— Прышлем. Калі мяркуеш вечар правесці? Дваццаць трэцяга? Добра, пішы аб’яву.
Ева спадзявалася, што Ліпанава забудзе і не прышле лектара. У апошнія дні работы ў Евы не паменшылася, а прыбавілася. Трэба было прыбраць на двары, падфарбаваць вокны, пабяліць печку. Прыезд лектара быў бы недарэчы.
Але, наперакор усяму, лектар прыехаў.
«Пачакаюць крыху, — думала Ева, гатуючы вячэру. — Вось толькі прыдзе Максім з работы, тады і адчыню клуб».
Пакуль Максім мыўся, вячэраў, дык зусім сцямнела. Праз адчыненае акно далятаў у хату далёкі гул. Гэта ля клуба шумела моладзь. Ева хуценька памыла талеркі, адзела сваё выхадное плацце. Максім курыў, назіраў за яе зборамі.
— Куды гэта ты? — запытаўся ён.
— У клуб. Сёння ж у нас лекцыя...
— Муж — на бакавую, а жонка — гуляць?
— Чаму, пойдзем са мной.
— А калі я замарыўся і ніякага ў мяне жадання ні да лекцый, ні да ганцаў няма.
Ева, збянтэжаная, церабіла матузок, на якім віселі ключы ад клуба.
— Але ж я грошы за гэта атрымліваю. Каб якія танцы, а то лекцыя...
— Ці не Макар Башукевіч гэтую лекцыю прачытае?
— Што ты!.. — задыхнулася Ева.
— А вось так... Спадзявалася, што я пра вашы спатканні нічога ведаць не буду. Памылілася.
— Максімка, пра што ты?..
— А пра тое, як на тым тыдні сустракалася ў клубе.
Толькі цяпер Ева здагадалася, што Максім і сапраўды ведае пра тую кароткую сустрэчу з Макарам, якая была з тыдзень назад.
***
...Макар два разы на тыдзень ездзіў у раённы цэнтр і нават у Віцебск, каб уладзіцца на работу. За месяц свайго цывільнага жыцця ён абышоў каля двух дзесяткаў розных устаноў, арцелей і фабрык, але ўсе прапановы прыходзіліся яму не да спадобы. Макар любіў сваё Закружжа, падзвінскія паплавы, неглыбокую, але рыбную рэчку Пітамку. Ніколі ён не пакінуў бы Закружжа, каб не здрада Евы, а яшчэ больш замужжа маці.
Аднаго разу ён ішоў паўз клуб. Дзверы былі адчынены, і Макар насуперак цвёрдаму намеру ніколі не сустракацца з Евай, заглянуў у бібліятэку. Ева складала план работы на месяц. Пачуўшы гулкія ў пустым клубе крокі, яна прыўзняла галаву, пачырванела. Абое былі збянтэжаны, адчувалі сябе няёмка. Макар ужо раскайваўся, што зайшоў. Хіба будзе лягчэй на сэрцы ад размовы? І ўсё ж ён стаяў: нейкая ўладная сіла ўтрымлівала яго тут.
— Добры дзень, Ева, — нарэшце сказаў ён. Ева ледзь чутна адказала на прывітанне. — Зайшоў вось паглядзець, як ты працуеш. Не сумна табе?
— Не.
— На полі весялей, там людзі.