Выбрать главу

— Не, я ўжо скончу думку. Ты вось кажаш, што ён не раўнівы. А я ведаю, што ў яго ўсё кіпіць у грудзях. А чаму? Бо сумленне ў яго не чыстае. Калі ён быў хлопцам, дык да дзяўчат адносіўся па-хамску. Вось ён і думае, што ўсе такія, як ён. Ён нават і не ўяўляе, што з дзяўчатамі можна шчыра дружыць. А ўрэшце атрымліваецца, што абражае ён толькі сябе. Так табе, Максім, і трэба: пакутуй цяпер за свае старыя грахі.

Максім такога не мог сцярпець.

— А ты адкуль ведаеш?.. У Евы запытайся, як я да дзяўчат адносіўся. Яна ведае. Ну, кажы...

— Дык ці ж я пайшла б за цябе замуж...

— Чуеш... Дык вось што... Каб у апошні раз чуў гэта. I не таму я супроць яе работы ў клубе, што раўную, а таму, што разам хачу працаваць, нароўні. Ясна табе?..

Максім наступаў, а Лёнька ўсміхаўся: дапёк-такі чалавеку. Нарэшце, Максім перастаў крычаць. Тады Лёнька паклаў перад Евай ключы, сказаў:

— Ну, пайшлі, а то людзі ўжо даўно чакаюць, а мы філасофствуем.

Ева зірнула на Максіма. Той зацята маўчаў. Яна ўзяла ключы, сказала:

— Я зараз вярнуся, Максімка.

Максім накінуў пінжак на плечы, моўчкі пайшоў з імі.

ІХ

Ворыва Балоння было намечана на сярэдзіну верасня. Перад гэтым у калгасе пабываў Сяльчонак. Разам з членамі праўлення і Львом Раманавічам ён агледзеў паплавы, адобрыў планы па іх паляпшэнню. Дзён праз тры пасля ад’езду Сяльчонка з калгаса да Канькова прыехаў дырэктар МТС. Старшыню калгаса ён знайшоў на полі.

— Што ж ты, Васіль Мацвеіч, скардзішся Сяльчонку. Можна было б ціха, мірна вырашыць, дык ты адразу ў райком... Дадзім табе трактары. Шкада мне іх, ці што?.. Калі думаеш пачынаць работы?

— Вось старэйшы, — паказаў Канькоў на Даміру, — у яго ўсе планы.

Даміра пасля той размовы з Каньковым акрыяў, развіў кіпучую дзейнасць. На праўленні яго вылучылі брыгадзірам лугаводаў. Па просьбе Евы ён узяў да сябе Максіма Шняка. Цяпер абое былі неразлучныя: разам ездзілі купляць насенне траў, разам намячалі планы ўздыму паплавоў.

У чацвер у калгас прышлі трактары. Пакуль трактарысты аглядалі машыны, Канькоў, Даміра і Вера Алексіч вырашылі яшчэ раз агледзець Балонне. Ішлі памалу. Даміра маўчаў, думаў пра нешта сваё. Вера з Каньковым у гэты час абмяркоўвалі пытанне аб набыцці пародзістых кароў. Яны і не заўважылі, як Даміра адстаў. Ён стаяў ля самага балота, успамінаў даўнія дні. Некалі на гэтым месцы Даміра ляжаў цяжка паранены і думаў над тым, што засадзіць Балонне садам. I вось надышоў дзень, калі Балонне з купкаватай пустошы будзе ператворана ў квітнеючыя палеткі. Думкі перанеслі Даміру больш як на дзесяць гадоў назад.

***

У канцы 1942 года разбітая ў баях пад Ржэвам і Вязьмай нямецкая дывізія была знята з фронта, пагружана ў эшалон і адпраўлена на Захад. Па дарозе на станцыі Рудня генералу Кірхдорфу быў уручаны пакет, Генерал прачытаў яго, аддаў загад разгружацца. Павольна, з традыцыйнай прускай метадычнасцю разгортваліся палкі і батальёны дывізіі. Займалі вёскі, паціху прасоўваючыся ў бок Віцебска. Ніхто не разумеў, што за манеўры прыдумаў стары генерал Кірхдорф. Хадзілі чуткі, нібыта вярхоўная стаўка такім чынам хацела пакараць салдат, якія не надта добра ваявалі на фронце. Пад вечар аднаго дня дывізія заняла Закружжа і яшчэ з дзесятак вёсак. Былі выстаўлены пасты, сакрэты, узмоцнена ахова — як на самай пярэдняй лініі. Ніхто не мог пад вечар выйсці з вёскі — нават за такую спробу генерал дакляраваў расстрэл. Цяпер ужо ні ў каго не было сумнення: дывізія была кінута на барацьбу з партызанамі. У зацятай маўклівасці замёрла вёска. Мала з якой хаты не было чалавека ў партызанах. Але як паведаміш у брыгаду, калі за кожным тваім крокам сочаць пільныя вочы салдат?

У брыгадзе «За Радзіму» аб усім гэтым даведаліся гадзіны праз дзве пасля таго, як дывізія спынілася на адпачынак. Адразу ў трох вёсках была абстраляна конная партызанская разведка. У партызанскім штабе захваляваліся: пагрозліва навісла небяспека быць акружанымі. Дакладна ніхто нічога не ведаў. Сувязь з падпольшчыкамі адразу парвалася. Конная разведка даносіла супярэчлівыя даныя. Вось тады і наспела пытанне паслаць разведчыкаў у Закружжа, звязацца з падпольшчыкамі, высветліць намеры фашысцкага камандавання.

У ёўні, часова абсталяванай пад штаб, сабралася партызанскае камандаванне. Начальнік штаба брыгады ў трох словах расказаў пра абстаноўку ў зоне. Камбрыг, падпяразаны жоўтымі папругамі па чорнай скураной тужурцы, узняўся на ўвесь рост, абвёў вачыма людзей.