Выбрать главу

— Хто пойдзе? — запытаў ён.

Наступіла цішыня. Тады Даміра вышаў на сярэдзіну ёўні, казырнуў:

— Дазвольце мне, таварыш камбрыг. Я — тутэйшы.

— Добра.

— Толькі мне нікога не трэба. Адзін пайду.

Яго спрабавалі адгаварыць: аднаму будзе цяжка.

— Добра, дайце сувязную.

Апоўначы Даміра падышоў да Закружжа з боку Балоння. Дзяўчыну сувязную пакінуў пад капой сена. Сказаў на развітанне, паказаўшы вялізную супрацьтанкавую гранату.

— Пачуеш выбух, уцякай, значыць, канец. На страляніну ўвагі не звяртай. Ясна?

Дзяўчына кіўнула галавой. Даміра неяк адразу знік у цемрадзі жнівеньскай ночы. Спачатку ён ішоў асцярожна, намацваючы нагамі зямлю. Потым папоўз, хаваючыся ў бульбяной баразне. Направа пад кустом парэчак стаяў кулямёт. Даміра ўсё бачыў, здзіўляючыся свайму зроку. Злева ля лазні ўгледзеў вартавога. Той, скамянелы, стаяў за вуглом, толькі часам вытыркаў галаву, якая і выдабала яго.

«Густавата панатыркалі», — падумаў ён і папоўз далей. Хутка бульбоўнік скончыўся. Даміра запоўз у палісаднік. Ляжаў прытуліўшыся да зямлі, слухаў. 3-за хаты вышаў немец, пастаяў і зноў схаваўся. Даміра агародамі папоўз далей. Некалькі разоў адпачываў і тады чуў, як холад падбіраецца да грудзей, зводзіць сутаргай сківіцы. Баяўся толькі аднаго, каб не забрахалі вясковыя сабакі. Але яны, мусіць, не чулі яго, ці баяліся падаць голас пры чужынцах.

Вытыркнуўшы галаву з град, ён раптам убачыў непадалёк вартавога. Той тупаў ля ганка вялізнай хаты: тры крокі ў адзін бок, тры назад. «Штаб! — мільганула думка, рука мімаволі пацягнулася за гранатай, але ён стрымаў сябе ад такой спакусы. — Дзе ж жыхары? Не маглі ж іх пакінуць у доме». Агародамі ён дапоўз да хлява, паляжаў крыху, прыслухоўваючыся да цішыні. Чутны былі толькі крокі вартавога.

Даміра ведаў, што ў хаце жыве ўдава Яніха са сваёй дачкой Анютай. Але дзе яны цяпер? Можа ў свірне? Падлез пад яго, спачатку выглянуў на двор. Там вартавога не было. Тады паспрабаваў узняць падлогу. Доўга не мог знайсці дошкі, якая была б не прыбіта. Потым знайшоў, паціху прыўзняў яе, прасунуў галаву ў дзірку. У свірне было цёмна, вочы не маглі нічога разгледзець. Працягнуў руку і раптам намацаў кажух і босую цёплую нагу.

— Хто тут? — пачуў ён спалоханы голас.

— Анютка, маўчы, — ён баяўся, каб яго не пачулі, таму гаварыў прыглушана.

Анюта села, цяпер Даміра адрозніваў яе шэраватую постаць.

— Прысунься да мяне бліжэй, я сюды не магу ўлезці, — постаць наблізілася зусім блізка. Даміра бачыў ужо абрысы Анюцінага твару. — Я — Тарас, разумееш, з лесу. Хачу ў цябе распытаць.

— Як вы сюды прабраліся. Уцякайце, вас схопяць.

— Не бойся. Ты мне скажы, адкуль гэтыя немцы і чаго яны прыехалі?

Гаварылі яны шэптам.

— Я ўсё, усё ведаю. Іх прыслалі сюды супраць партызан. Так нам генеральскі дзяншчык казаў. Заўтра збіраюцца выступаць.

— Можа ён схлусіў? — запытаўся ён.

— Не, праўда. Тут прыслалі на падмацаванне ім цэлы полк здраднікаў, казакамі называюцца, дык я падслухала, як іхняму палкоўніку ад’ютант тое самае, што і мне, гаварыў.

— Што б, Анюта, ні здарылася... што б ні здарылася, а заўтра днём абавязкова прыдзі на Балонне. Ля самага балота стажок ведаеш? Пакладзі пад яго запіску, а ў ёй напішы пра тое, колькі і якой зброі ў дывізіі. Толькі абавязкова...

— Добра, Тарас Тарасавіч...

Назад Даміра поўз яшчэ больш асцярожна. Перадаў сувязной запіску і звесткі, сказаў, ляскаючы ад холаду зубамі:

— Назад адна пойдзеш. Мяне чакайце заўтра ўночы. Гранаты свае, аўтамат мне аддай. Табе і пісталета хопіць. Фрыцы самі дрыжаць. Іх цяпер далёка за вёску не выправадзіш.

Яшчэ там, пад свірнам, склаў Даміра смелы план: сарваць заўтрашняе наступленне, пераблытаць усе карты карнікаў.

Як толькі сувязная знікла ў цемры, Даміра зноў папоўз у вёску. Цяпер ён не вельмі асцерагаўся, бо пайшоў дождж і буйныя кроплі гулка шамацелі ў бульбоўніку. Ля лазні Даміра замёр у напружаным чаканні, потым, улучыўшы зручны момант, адным скачком апынуўся ля вартавога, усадзіў у спіну фінку. Зацягнуў карніка ў лазню. Там, падняўшы маснічыну, запіхнуў яго пад падлогу. Забраўшы аўтамат, папоўз туды, дзе былі кулямётчыкі. Падкраўся зусім блізка, размахнуўся, шпурнуў супрацьтанкавую гранату і, ужо не зважаючы ні на што, узняўшыся на ўвесь рост, пабег да Балоння.

Чуў, як у вёсцы забрахалі сабакі, потым узнялася страляніна. А ён бег і бег. Раптам нешта кальнула ў бядро, ён яшчэ прабег крыху, упаў. Але і ўпаўшы, поўз, толькі мацней сціскаў зубы. Схаваўся ў гушчары асаковых зараснікаў, перавязаў нагу кашуляй, сказаў сам сабе: «Баста, адваяваўся Тарас. Ну, яшчэ перад смерцю двух-трох кокну. Каб толькі не самлець, тады капут».