— Хваліся, як жывецца?— пачаў Даміра.
— А чаго? Добра.
— Даўно бы так. Цяпер жыццё шануй... Вочы — яны, брат, дурныя, не туды часам заводзяць, асабліва нашага брата.
— Дык я нічога...
— Ты — як бы хрэснік мой. Не крыўдуеш, што я цябе тады бэцнуў?
— Дарэмна. Я, далібог, нічога.
— Ну-ну, ведаю. А хто Нінку ў лазню клікаў? Я, брат, усё ведаў...
— Пажартаваў жа толькі.
— Трэба ведаць, з каго жартаваць... Сёння я ўвесь час сачыў за табой. У рабоце ты — спрытны. А некалі я думаў, чалавека з цябе не будзе.
— Памыліўся, выходзіць?
— Конь і той спатыкаецца. Вось папрацавалі разам, і па-іншаму на цябе зірнуў. Праца, як бой на вайне, — вялікай сілы праверка чалавеку. Я, скажам, так разважаю: пройдзе яшчэ гадоў трыццаць — тыя, што пастарэюць, калі які вітамін ад старасці не прыдумаюць да таго часу, памруць. Ну, а дзецям нашым у камунізме жыць давядзецца. Дык ты вось скажы мне, як іх туды пускаць будуць?
— Не ведаю нават, не думаў.
— Вось бачыш! А думаць трэба. Я так мяркую: у першую чаргу будуць глядзець на чалавека па тым, як ён працуе. Калі сумленна, не задумваецца над тым, а што ён для сябе атрымае, — пусцяць. Потым яшчэ паглядзяць, які ён: калі помслівы, ганарлівы, хітры, жміндлівы, раўнадушны, скваплівы, — такіх і блізка не падпусцяць да камунізма.
— Дзе ж яны, па-твойму, дзенуцца?
— Вось у тым і бяда, што не прыдумаю. Мусіць, адразу камунізм не ўсюды наступіць. Спачатку, напрыклад, адна брыгада ўступіць у камунізм, потым калгас, два, тры ў раёне, потым ужо ўвесь раён пачне жыць пры камунізме. Я вось сёння працаваў і думаў сабе: крыўдна будзе, калі пры камунізме хоць адзін дзень не пажыву. I такая мяне злосць апанавала. Ну, чаму я, дурань, дасюль жыў неяк не па-людску?!
Яны яшчэ доўга размаўлялі пра тое, як бы хутчэй наблізіць камунізм. Потым памалу пайшлі дамоў.
— Можа зойдзеш? — папрасіў Максім Даміру. — На вяселле не прышоў.
— Не мог. У мяне, брат, на ўсё жыццё жалоба.
— Зайсці ўсё ж можна.
— Не, брат, дамоў трэба спяшацца, дзеці адны.
Развітаўшыся, ён пайшоў у свой завулак. На дзвярах вісеў замок.
Даміра пакратаў за дужку, яна адскочыла. Але ў хату не стаў заходзіць, хацеў знайсці дзяцей. Перайшоў вуліцу, зайшоў у хату старой Шумейчыхі. Дзеці ўжо спалі на ложку, прытуліўшыся адно да другога. Бабулька нешта рабіла ў парозе. За сталом сядзела Вера Алексіч. Даміра не ведаў, што адразу пасля Евінага вяселля Вера перайшла жыць сюды, таму сустрэча была для яго нечаканай:
— Не трывож ты іх, Тараска, — папрасіла бабулька, паглядаючы на дзяцей, — самы сон у іх...
— Вам жа замінаюць.
— Чаго там замінаюць. Ніна з Верай Антонаўнай на гары спяць, а мне, старой, толькі весялей з імі.
Нешта трымклівае сціснула Тарасу грудзі. Ён стаяў збянтэжаны, як сам не свой. Вера, мабыць, запрыкмеціла яго разгубленасць, супакоіла:
— Ды вы не бойцеся, яны дагледжаны. Мы іх з Нінай накармілі. Добрыя яны ў вас, ласкавыя такія...
Даміра неяк вінавата паглядзеў на дзяцей, сказаў, хутчэй сам сабе:
— Дык і мне ж без іх сумна, — ён узяў на рукі соннага Колю. Той, не прасынаючыся, абхапіў яго шыю ручкамі, паклаў галаву на плячо.
— Пачакайце, Тарас Тарасавіч, — кінулася на дапамогу Вера. Ёй хацелася ўзяць на рукі Волечку, але яна адчула, што не здолее падняць яе.
— Вазьміце ўжо Колю, — Даміра перадаў Веры хлопчыка.
Той цяпер абхапіў яе шыю рукамі, мяккімі і гарачымі. Яго русявая галоўка прытулілася да пляча. Цеплыня ад яго дыхання разлівалася па целе, сагравала Веру, напаўняла грудзі нейкім незразумелым, невыразным пачуццём любві. Яна прыціснула Колю да сябе, ён пацёрся цёплай шчакой аб яе шыю. Тады Вера прыгнула галаву, пацалавала хлопчыка у пульхную, ружаватую шчочку.
Даміра ішоў наперадзе, цяжка ступаючы запыленымі кірзавымі ботамі. Часам ён схіляўся да Волечкі і нешта мармытаў. Веру кранала гэтае пяшчотнае мармытанне. I ўжо каторы раз яна думала, што так бязглузда памылялася ў людзях, меркавала аб іх па першаму ўражанню і потым ні за што не хацела мяняць сваёй думкі. Зноў перад ёю паўставаў той вечар, калі Рамір намаляваў яе партрэт з адным вокам на твары. Няўжо яна і сапраўды глядзела на ўсё адным вокам?
Даміра паклаў Волечку на ложак.
— Дайце мне яго, — працягнуў ён рукі.
Вера перадала яму хлопчыка, сачыла за тым, як клапатліва захутваў Даміра яго ў лёгкую посцілку, потым паправіў падушку і адышоўся. А яна не магла адарваць позірку ад двух маленькіх істот, што мірна спалі на ложку, ды адчувала на плячы і шыі кволае цяпло дзіцячага цела.
Не разумеючы чаму, яна раптам выбегла з хаты, нават не развітаўшыся з гаспадаром. Штосьці ўладна трывожыла сэрца, і яно то балюча сціскалася, то пачынала соладка заходзіцца.