Выбрать главу

У зале, дзе змяшчалася выстаўка, было многа народу. Людзі стаялі ля карцін, размаўлялі напаўголаса. Рамір, як толькі зайшлі, спыніўся, узяў Веру за руку.

— Бачыш, падабаецца, — паказаў ён на натоўп, што стаяў перад вялізнай карцінай, на якой была намалявана партызанка. Маладая дзяўчына, падпяразаная па ватоўцы шырокай папругай, з аўтаматам у руках, стаяла ля папялішча, якое яшчэ курылася дымам. Відаць, толькі што закончыўся бой, і дзяўчына першая ўварвалася ў сваю родную вёску. На твары партызанкі было безвыходнае гора, вочы гнеўна глядзелі на гітлераўскага афіцэра, які ляжаў пластам непадалёк ад папялішча. Але ў постаці, у імклівым руху і ў задуменнасці дзяўчыны адчувалася непераадольнае жаданне хутчэй скінуць аўтамат, аднавіць толькі што спаленую хату.

— Ім падабаецца, — бурчаў побач Рамір, — а што тут добрага. Мазня. Фатаграфія. Няма палёту думкі. Гэта не мастацтва, а калька жыцця. Так, так, калька.

— А мне падабаецца, — сказала Вера.

Рамір скрывіў тонкія вусны.

Яны ішлі па залах, Рамір бязлітасна крытыкаваў карціны. Але вось ён змоўк, і тады Вера ўбачыла яго карціну. Некалькі чалавек стаяла ля яе. Вера заўважыла, як людзі паціскалі плячыма, ківалі галовамі. Вера спынілася, як утрапёная. 3 вялізнай пазалочанай рамы выплёскваліся чырвоныя языкі полымя. Сярод іх стаяла жанчына, пераможна пазіраючы на людзей. А перад ёй ляжалі ніцма нейкія невыразныя чалавечыя постаці. Вера падышла бліжэй, зазірнула на надпіс, прачытала: «Адрачэнне».

— Што гэта азначае? — запыталася яна.

— Кожнаму сваё, — загадкава адказаў Рамір, але Вера добра зразумела карціну. Раптам ёй успомніліся словы сакратара абкома пра таго баптысцкага прапаведніка, які раіў не працаваць, а маліцца. Яна паглядзела на Раміра, усміхнулася.

«Таксама ў прапаведнікі лезе. А дамагаецца толькі таго, што людзі паціскаюць плячыма».

— Можа, паслухаеш нашу братву? — запытаўся Рамір. — Сёння ж абмеркаванне карцін з удзелам гледачоў. Бачыш, вунь ужо і стол накрыты, Хутка за яго і «суддзі» сядуць.

— Добра, нават выступлю, — Вера зноў загадкава ўсміхнулася.

Яны агледзелі ўсю выстаўку. Веры яна падабалася сваёй узнёсласцю, смелым паглыбленнем мастакоў у жыццё. I толькі Рамірава карціна стаяла асобна, быццам была прывезена з другога свету.

Веры выступіць не давялося. Усе яе думкі былі сказаны гледачамі і мастакамі. Рамір стаяў у баку, нервова пакусваючы вусны, а людзі бязлітасна крытыкавалі і мастака, і тварэнне яго рук. Нехта прапанаваў зняць Раміраву карціну з выстаўкі, і яму дружна пачалі апладыраваць. Тады Рамір кінуў гнеўны позірк на людзей, вышаў з залы. Вера даслухала выступленні і таксама вышла. Рамір яе чакаў на вуліцы.

— Яны хочуць, каб я пісаў так, як і ўсе, — адразу ж пачаў ён, — але я гэтага не хачу.

— Ну і дзівак, — адказала Вера. — Навошта ж ты выстаўляў карціну, калі цябе не цікавіць думка людзей. Няхай бы вісела ў тваёй кватэры, — і яна, не развітаўшыся, пайшла.

Рамір дагнаў Веру. Доўга ішлі моўчкі. Потым Рамір загаварыў нейкім незвычайным голасам:

— Я люблю цябе, Вера. Я адчуў, што цябе не хапае для майго шчасця.

Вера ўважліва паглядзела на яго, падала руку.

— Бывай, Рамір. Той дурной дзяўчыны, якую ты намаляваў з адным вокам, ужо няма. Яна цяпер ўсё добра бачыць. А вось ты многае ці не можаш, ці, можа, не хочаш разгледзець. Калі разгледзіш, скажаш мне, тады і пагаворым.

XII

Кожны дзень, а на дні па тры разы атакоўвалі даяркі ўчотчыцу Феню Крушаль, высвятлялі, колькі яшчэ трэба надаіць малака, каб выканаць узятыя на камсамольскім сходзе абавязацельствы. Камітэт камсамола вынес рашэнне, якое было падтрымана ў райкоме камсамола. У ім было запісана, што як толькі абавязацельствы будуць выкананы кожнай даяркай, над закружскай фермай будзе запалена чырвокая зорка. Яна абвесціць усім калгаснікам аб перамозе дзяўчат. Таму так і хваляваліся даяркі.

Феня, не спяшаючыся, перагортвала сшытак, падлічвала, колькі малака надоена. К канцу верасня на першае месца вырвалася Зіна Асташка. Яна ўжо надаіла ад кожнай каровы па тысячы восемсот літраў малака. Амаль столькі было і ў Ніны Шумейка. Іншыя дзяўчаты адставалі, хоць і яны вось-вось павінны былі давесці надоі да запаветнай рыскі. Затое ў Матроны Башукевіч справа не ладзілася. Неяк адразу пасля таго, як каровы былі перагнаны на ферму ў Закружжа, Матрона пачала надойваць усё менш і менш малака. Дзяўчаты злаваліся.