Выбрать главу

Было гэта ўранку. Скрозь невялікія вокны цадзілася скупое шэрае святло. Дождж гулка стукаў па даху. Але дзяўчаты не чулі яго. Перш за ўсё яны кінуліся да Евы, падхапілі яе на рукі, пачалі гушкаць, быццам яна была самай галоўнай віноўніцай урачыстасці. Ева высока ўзлятала пад столь і ўвесь час крычала:

— Ой, дзяўчаты, пусціце!.. Ну, што вы, архаісткі, робіце!

Яе яшчэ раз падкінулі і шпурнулі на кучу капусных лісцяў.

— Зіну, Зіну цяпер.

— Давайце Зіну, яна лёгкая.

— Веру Антонаўну! — крыкнула Ніна, і дзесятак рук падхапіў Веру. Не паспела яна апамятацца, як ужо ляцела ўверх.

Затым падкідалі другіх, нават хацелі і Аксінню Пляскач, але яна, узяўшы паплавок ад малакамера, прыгразіла:

— Майце, дзеўкі, на ўвазе, калі хто падыдзе, дык так і засвячу цераз лоб.

Канькоў яшчэ здалёк пачуў лямант і віск, падумаў, ці не здарылася што на ферме? Ен было пусціўся подбегам, але як толькі пачуў рогат, здагадаўся, што дзяўчаты блазнуюць. У хляве, здавалася, было цемнавата. Канькоў спыніўся ў дзвярах і тут яго апанавалі дзяўчаты.

— Гушкаць старшыню!..

— Цукеркі прынеслі?

— Віншую, дзяўчаты, з перамогай і ад імя ўсяго праўлення і асабіста ад сябе выношу шчырую падзяку, — ён пачаў паціскаць дзяўчатам рукі.

Яны, прыціхлыя, нясмела жартавалі:

— Скупаваты старшыня.

— Думае, так абыдзецца...

— Хоць бы граматы далі.

— Пакуль граматы, а чырвоны куток патрэбны.

— Радыё ніколі не чуем.

— Хіба пяць рублёў за адну кропку шкада.

— Усё, дзяўчаты, будзе: і радыё, і святло, і прэміі, думаю, будуць. Не адразу толькі. Адно скажу, што перамогу вы атрымалі надзвычай вялікую. Заўтра мітынг правядзем, запалім на ферме чырвоную зорку. Ну, яшчэ наконт таго-сяго падумаем. А цяпер давайце рапарт у райком напішам.

Рапарт Канькоў павёз сам. Хацелася пабачыць Тамару, бо за гэтыя дні надта засумаваў па ёй.

Пад’ехаўшы да самага ганка, Канькоў спыніў матацыкл, зірнуў у акно, але Тамары не ўбачыў. Ёкнула ў сэрцы: няўжо няма? Але Тамара была і, відаць, чакала яго. Яна стаяла збоч стала, камячыла нейкую старую ўжо газету.

— Не чакала? — яшчэ з парога запытаўся Канькоў.

Яна паглядзела на яго з дакорам: навошта пытацца, вядома, чакала, і не толькі сёння, а з дня на дзень.

Яны падалі адзін аднаму рукі, быццам далёкія, затрымалі іх у моцным поціску. Канькоў азірнуўся на дзверы. Тамара ўсміхнулася ледзь улоўнай усмешкай.

— А я да цябе з рапартам. Вось глядзі!..

Яна ўзяла рапарт, палажыла яго на стол.

— Я цябе так чакала, Вася. Увесь час думала.

— Я таксама, — ён абняў яе за плечы.

Тамара страсянула галавой, быццам адганяла ад сябе нешта надакучлівае, адышлася, села ў крэсла, узяла рапарт, пачала чытаць.

— Малайцы, дзяўчаты. Што я табе казала: такія горы перавярнуць могуць.

— Ды я з табой і не спрачаўся.

— Трэба зараз жа Сяльчонку сказаць.

Па лесвіцы яны падняліся на другі паверх. Сяльчонак ужо чакаў іх. Убачыўшы Канькова, усміхнуўся.

— Здагадваюся, чаго прышлі.

Яны крыху збянтэжыліся. Тамара пастаралася хутчэй расказаць пра перамогу закружцаў. Сяльчонак хадзіў па пакоі, заклаўшы за спіну рукі.

— Малайцы, чэснае слова, героі. На шырокую дарогу выходзім. Падтрымаць бы іх, — сказаў Сяльчонак, як толькі Тамара закончыла гаварыць.

— Абавязкова, — падхапіла Тамара.

— На заўтра мітынг намецілі, — паведаміў Канькоў.

— Сам выступлю. Потым правядзем раённы злёт. Людзі павінны ведаць сваіх герояў.

— Райком камсамола будзе прасіць ЦК аб узнагароджанні даярак граматамі, — сказала Ліпанава.

— Добра. А ў калгасе ёсць сродкі, каб прэміраваць людзей? Каб памяць была...

— Знойдзем.

— Вось так, мае сябры, пачынаюцца вялікія справы. Трэба іх толькі падтрымлівадь, не даваць патухнуць таму агеньчыку спаборніцтва, які разгарэўся ў нашым раёне. Сёлета надаілі па паўтары тысячы, налета — па дзве, потым — па тры, чатыры. Уздымем жывёлагадоўлю, птушкагадоўлю, палепшым паплавы, павысім ураджаі...

У кабінет, не стукаючыся, увайшоў пятроўскі старшыня. Убачыўшы Канькова, ён крыху разгубіўся, потым падбег да Сяльчонка, паціснуў руку, пасля ўжо прывітаўся з Ліпанавай і з Каньковым.

— Ну, як справы, рэдактар, — падміргнуў ён. — Можа буксірчык патрэбен? Пазычу.

— Ад таварыскай дапамогі не адмаўляемся, — адказаў Канькоў.

Тады старшыня палез за пазуху, выцягнуў аркуш паперы, складзены ў чатыры столкі.

— Дык вось, дарагія таварышы, надаілі ўжо мы па паўтары тысячы літраў малака і, каб не было ніякіх размоў пасля, прашу прыехаць на ўрачыстасць і на ўласныя вочы пераканацца. Бо як ёсць мы першыя ў раёне, дык могуць быць усялякія размовы.

Ён і не заўважыў, што ўсе ўсміхаюцца, палажыў паперу на стол і толькі тады адчуў, што нешта здарылася.