— Крыху запазніўся, — развёў рукамі Сяльчонак, — але віншую ад шчырага сэрца. У нас не марафонскі бег — секунды лічыць не будзем. I ўсё ж першынство належыць «Маяку». Табе можна было б даць і дзве тысячы літраў, бо справы ў цябе лепш ішлі.
— I дамо. Толькі не веру я ім.
— Табе паверылі, а чаму ім нельга верыць.
Пятроўскі старшыня раптам стукнуў па мокрых полах паліто.
— Не, ты скажы, калі ласка, мог жа я яшчэ ўчора рапартаваць, дык машыну не захацеў у горад гнаць дзеля гэтага.
Усе засмяяліся. Гэта было падобна на праўду.
Дамовіўшыся пра заўтрашні мітынг, Канькоў і Ліпанава вышлі.
— Ці абедаў ты хоць? — запыталася Тамара.
— Учора, здаецца, абедаў.
У Тамары балюча заныла сэрца.
— Тады пойдзем да мяне.
Яна апранула паліто, вышла следам за ім. Канькоў ужо завёў матацыкл.
— Дык як жа будзе далей? — гадзінай пазней запытаўся ў Ліпанавай Канькоў.
Яна абняла яго, моцна прытулілася да грудзей.
— Няўжо вось так усё жыццё: кароткія сустрэчы і доўгія расстанні?
Тамара прытулілася яшчэ мацней.
— Не магу я, Вася, райком кінуць. Як падумаю, што ў пастанове запішуць: вызваліць па сямейных абставінах, дык горка робіцца.
— Сумна без цябе і цяжка.
— А мне, думаеш, лёгка? Ну, хоць з год яшчэ папрацую, да наступнай канферэнцыі. Добра, Вася?
Яны доўга сядзелі,
— Трэба ехаць, — нарэшце сказаў Канькоў.
— Хутка вельмі час прабег.
— Так. Непрыкметна.
— Заўтра я да цябе прыеду.
Яны яшчэ доўга-доўга развітваліся.
А назаўтра ў калгасным клубе Канькоў уручаў прэміі даяркам. Першай па спісу была Зіна Асташка. Саромячыся, Зіна спачатку не хацела падымацца на сцэну, але яе ўсцягнулі туды за рукі. Яна стаяла збянтэжаная, усхваляваная.
— Зіна Асташка, — пачаў Канькоў, — першая на сённяшні дзень даярка ў нашым калгасе. Яна ўжо надаіла ў сярэднім дзве тысячы трыста літраў малака. Кожная карова, якую доіць Зіна, дала не менш двух тысяч літраў малака. Зіну калгас прэміруе бібліятэкай.
Лёнька Зайчык паклаў на стол тры вялізныя стусы кніг, перавязаныя шпагатам. Зіна разгублена пазірала на іх, не ведаючы, як іх панесці.
— Я табе памагу, — шапнуў ён Зіне і, захапіўшы два стусы, панёс у залу.
— Глядзі, адразу ў памочнікі.
— Зіна, віншуем.
— Трымайся, Зіна!
— Пакажы кнігі! — шумелі ў зале.
Ніна Шумейка доўга трымала, прыціснуўшы да грудзей, прыёмнік, хацела нешта сказаць, потым паціху пайшла на сваё месца. Там яе сустрэла бабуля, падхапіла прыёмнік, паставіла на лаўку побач з сабой і раптам расплакалася.
Апошняя атрымлівала прэмію Вера Алексіч. Канькоў, купляючы прэміі, ніяк не мог прыдумаць, што лепей было б паднесці заатэхніку. Абышоўшы абодва магазіны, спыніў свой выбар на вазе. «Дзяўчына, — думаў ён, — кветкі паставіць». Вера сядзела ў прэзідыуме, моцна апладзіравала кожнай з даярак. А калі Канькоў назваў яе прозвішча, дык нават не паверыла. А ёй за што?
ГІрымаючы вазу, перачакала, пакуль надціх шум.
— Дарагія таварышы мае, — пачала яна крыху дрыжачым голасам. — Я разумею, што ваша прэмія — гэта аванс за тую работу, якую я павінна яшчэ зрабіць. I я ўсё зраблю для таго, каб апраўдаць вашы спадзяванні. Я бясконца шчаслівая сёння. Здабыць гэтае. шчасце дапамаглі мне вы, таварышы.
Многія не зразумелі, пра што гаворыць заатэхнік. Але Ліпанава зразумела ўсё. Яна падышла да яе, моўчкі паціснула руку.
XIV
Цемра здавалася непрагляднай. Ісці было цяжка: ногі ўвесь час траплялі ў нейкія яміны і выбоіны, пад імі ледзь угадвалася дарога. Халодны лівень хутка пранёсся, адразу ўсё сціхла, толькі шапацеў дробны дождж. Ён то надціхаў, то зноў сыпаў, часты і спорны.
Яшчэ раз трапіўшы ў каляіну, Макар спыніўся на абочыне дарогі. Недзе побач, на другім баку, ішла Вера. Яе не было відаць, толькі чулася, як чоўкае пад нагамі гразь.
— Пачакайце, закуру, — сказаў у цемру Макар. — Пагрэюся. Наліло за каўнер, аж дрыжыкі бяруць.
Вера спынілася: больш не чуваць было яе асцярожных крокаў. Яна стаяла недзе побач, і Макар яскрава ўяўляў, якая яна прамоклая.
Дождж гулка шуршэў у голлі лесу. Самотна і глуха шумелі яліны. Макар дастаў папяросу, запалкі, павярнуўся спіной супраць ветру.
— Што я рабіла б, каб не вы? — скрозь шум ветру пачуў Макар Верын голас.
Макар шаркнуў запалкай, галоўка з трэскам адляцела, пакінуўшы ў цемрачы чырвоны след. Прыкурыў ён толькі ад трэцяй, але запалку не кінуў, а, пакуль яна стухла, грэў азяблыя рукі. Жаўтаватае цяпельца асвятляла яго твар, вузкі і доўгі.
— А я чамусьці люблю вось такое надвор’е, — азваўся Макар і перайшоў на другі бок дарогі:—Дождж, вецер, а ты ідзеш сабе насустрач і адчуваеш, як сілай наліваецца ўсё цела. Моц сваю чуеш. А калі прыгравае, дык спаць хочацца.