— Яно так і ў жыцці, — адказала Вера. — Хоць, шчыра кажучы, я не вельмі паважала жыццёвую калатнечу. Мне ўвесь час думалася, што жыццё павінна быць роўным, як поплаў. Аж не, яго пражыць, не поле перайсці.
Вера змоўкла. Нейкі час кожны абдумваў сваё, важнае, што абавязкова трэба было вырашыць.
Дарога пасушэла. Пад нагамі цяпер быў спрасаванц дажджом пясок. Макар прыгнуўся: у двух кроках ледзь прыкметна відаць была рэчка. На яе шэрані цьмяна маляваўся лазовы куст, але кладкі не было відаць. Узяўшыся за лазіну, Макар пашукаў нагой кладку — няма. Нагнуўся, пашукаў рукой — кладкі нідзе не было.
— Нейкі дурань скінуў, — з незахаванай злосцю сказаў ён. — Каб злавіў, дык адарваў бы вушы.
— Трэба масток зрабіць.
— Дык вось жа кажуць, што непатрэбны. Гэта ж старая дарога. На новай — вунь які мост зрабілі, а тут кладка.
— Але ж і тут людзі ходзяць.
— Ходзяць, — Макар пайшоў уніз па рацэ. Вера паціху крочыла за ім. Спачатку яна не разумела намеру Макара, потым успомніла, што ніжэй па рацэ бачыла брод. I сапраўды, там быў вельмі адхонны бераг: відаць, яго разбілі коламі на працягу многіх гадоў.
Макар падышоў да самай вады, зняў боты, звязаў іх за вушкі раменьчыкам, высока падкасаў штаны. Пясок быў мокры і вельмі халодны, аж пякло ў ступні. Макар неахвотна ступіў у раку.
Вера стаяла ў нерашучасці. Што ёй рабіць? Таксама скідаць туфлі і панчохі? Вера зняла боцікі, засталася ў падношаных туфлях. Парашыла пераходзіць раку ў іх: усё роўна прамокла да ніткі.
Макар тым часам таксама вырашаў немалаважную праблему: што яму рабіць? Як чалавек бывалы, ён разумеў, што павінен памагчы дзяўчыне перабрацца на той бераг. Але як? Перанесці? Толькі раптам яна як-небудзь па-свойму і няправільна ўспрыме яго прапанову? Макар патупаў на месцы, яшчэ раз баўтануў нагой насупраць плыні. Вера падышла да яго, спынілася ў нерашучасці. Гэта падбадзёрыла Макара.
— Я вас перанясу, — прапанаваў ён. — Тут, ведаеце, каўдобін многа, ды і вада халодная.
— Не, не, я сама, — запратэставала Вера. Але ў яе голасе не адчувалася рашучасці.
— Ды чаго вы сароміцеся? Вось вазьміце мае боты...
— Вам цяжка будзе, — зноў запярэчыла Вера, але боты ўзяла.
Макар крыху прыгнуўся, каб дзяўчыне лягчэй было абхапіць яго за шыю.
- Сапраўды, я лепш бы сама, — марудзіла Вера.
— Хутчэй вы, а то холадна стаяць, — нецярпліва загадаў Макар.
Вера моцна абхапіла яго за шыю. Макар прыўзняўся, і Вера павісла ў паветры. Макар паволі пайшоў. Верыны рукі балюча сціскалі шыю, заміналі дыханню, ісці было цяжка, але Макар ужо нічога не адчуваў, апрача цёплага, казытлівага яе дыхання над сваім вухам.
На самай сярэдзіне было глыбакавата, Вера войкнула — яе падкурчаныя ногі крануліся вады. Макар ледзьве ўстаяў на нагах. Затое пайшоў шпарчэй.
На тым беразе Макар сеў на траву, старанна абкруціў анучы, нацягнуў боты.
— Вазьміце мой шалік, ён — шарсцяны, — Вера зняла з шыі шалік, падала Макару.
Ён адхіліў яе рукі.
— Ды вы змерзлі. Я прывычны. У арміі яшчэ і не так даводзілася.
Але яна прымусіла яго ўзяць шалік. Ён быў мяккі і цёплы, быццам захаваў яшчэ яе цяпло.
Віднела. Вецер разарваў хмары, і ў бяздонні неба замігацелі зоркі. Дождж зусім перастаў, але ўсё яшчэ з дрэў церушыўся дажджавы пыл. Яны ішлі поруч, трымаючыся за рукі. Макар асцярожна саграваў яе руку ў сваёй. Яны выбраліся на гару. Неба зусім праяснілася, і тады аднекуль з-за хмар в'ыглянуў на небе маладзік, крывенькі, як серп. Вакол яго мігцелі мільярды зорак, чыстых і светлых, нібы абмытых дажджом.
— А вунь і нашая зорка відаць, — паказаў Макар рукой у бок Закружжа.
— Так, зорка, і яна кліча працаваць, — адказала Вера.
Усё гэтак жа трымаючыся за рукі, яны ішлі, не зважаючы ўжо на дарогу, гразь і холад.