Выбрать главу

— Завошта яны вас?

— Чалавеку, ператворанаму ў звера, недаступна прыгажосць стваральная. Кветка расце на полі, каб цешыць чалавека, а карова гам яе — і з'ела... Галаве харч патрэбны — мысля. Няма яе — жывот думае. У жываце ад голаду — буркатня, у галаве — звон. Ад таго звону ў ваччу цямнее, ноч апускаецца. А ўначы звярам раскоша.

Нейкі час яны ішлі моўчкі. Бэдзя грукаў вялізнымі ботамі за двух. Час-ад-часу ён варушыў патрэсканымі вуснамі — думаў.

У Верынай галаве раіліся думкі, разварушаныя размовай з Бэдзям. Вайна неяк абмінула іх вёску. За чатыры гады ў ёй не згарэла ніводнай хаты, на яе вуліцы не ўпала ніводнага снарада, з яе жыхароў ніхто не быў забіты ля сваёй хаты, ніводзін чалавек не служыў у паліцыі, але мала іх было і ў партызанах. Хто выпадкова ці не выпадкова застаўся дома — адпусцілі бароды, і на малы Верын розум здаваліся надта старымі дзядамі. Жылі ціха. Не пелі песень, не гаварылі аб палітыцы, нават не смяяліся. Плакалі ўпотай, бо тады і гэта было палітыкай. Стараста, высокі белабароды дзед Баўціль, кожны дзень абходзіў хаты, суцяшаў, раіў: «Пацерпім, брація і сёстры ў Хрысце. Нараканне людское падобна шуму марскому. Яно даходзіць не толькі да бога, але і да ворагаў яго. Памаўчым і памолімся, не весялосцю супакоім душу сваю, а доўгім цярпеннем і надзеяй на лепшае».

Аднаго разу Вера чула, як дзед Баўціль, прасціраючы худую, жылістую руку з двума выцягнутымі пальцамі, крычаў на Ганначку Багданаву:

— Для каго надзела плацце гэтае? Сатану заманьваеш, паказваючы сцежку яму праз кола вогненнае. Прыдзе сюды спакусіцель роду людскога, і пеплам стане зямля гэтая і жывое на ёй.

Сагнутымі пальцамі дзед ірвануў плацце, і яно, затрашчаўшы па швах, парвалася. Ганначка войкнула і пабегла. Вера абуралася па-дзіцячаму шчыра, але моўчкі; толькі злосна зыркала сінімі вачанятамі.

Не ўсе і вяскоўцы былі на баку дзеда. Употай гаварылі, што ён нямецкі паслугач, але пабойваліся. Затое старыя дзяды і бабулі, ды тыя, хто ўцёк з фронту, былі на баку дзеда Баўціля.

— Справядлівы чалавек — справядліва і робіць.

— Пусціў бы сюды гарадскіх мяняць — закурэла б вёска дымам.

— Не ў трантах шчасце, абы жывот быў набіты.

— Галава цэлая хай застанецца.

— Людзі гінуць, а вы пра жывот...

— Такія і гінуць... Шыбкія надта. Кожны пра сябе дбае.

У гадзіну ліхіх выпрабаванняў нават самая недарэчная бязглуздзіца, якая давала хоць бы кволую надзею на выратаванне, глыбока ўразаецца ў чалавечую душу.

Па шчаслівай выпадковасці вёска, дзе жыла Вера, уцалела, і многія ўгледзелі ў гэтым мудрасць дзеда Баўціля, велічнасць і непахіснасць яго «вучэння». Дзедавы павучэнні непрыкметна ліплі да людзей, раз’ядалі іх душу, як іржа жалеза. «Абы была цэлай галава. Гінуць такія... шыбкія надта».

Пройдзе шмат часу, і Вера Алексіч задумаецца над тым, што цяпер лёгкім успамінам праплыло ў галаве. Тады яна запытае ў сябе: а ці не ад дзедавых павучэнняў пачаліся ўсе яе бядоты. I калі яна задумаецца, дык убачыць Раміра, самага любімага ёю чалавека, гэткім жа агідным, як і дзед Баўціль, і тады размовы мастака Раміра і евангеліста дзеда Баўціля аб шчасці і жыцці здадуцца вельмі блізкімі.

А пакуль думкі яе плылі ў другім кірунку. Раптам яна яскрава ўбачыла сябе ў сваёй хаце. Яна сядзіць на акне. У небе цяжка, нібы надрываючыся, гудзе самалёт. Над гарадком плывуць клубы чорна-бурага дыму. Душна і цяжка, як перад навальніцай. Чамусьці хочацца плакаць, але рыданні толькі сціскаюць грудзі, не вырываючыся з іх. Маці няма. Вера глядзіць на дарогу, якая паяўляецца з-за сасновага бору, выкручваецца між хмызнякоў і прысад, то хаваецца ў раўчуках і далінах, то ўзбіраецца на ўзгоркі, каб зноў спаўзці да якой-небудзь рачулкі, акунуцца ў яе мелкія воды.

Вера чакае нечага жудаснага, і яно вось-вось павінна паявіцца на гэтай жаўтаватай дарозе. I сапраўды, неяк незаўважна з-за лесу выкатваецца чорны хвастаты ком. Ён коціцца марудна, мяняючы сваю форму — з круглага робіцца сплюснутым, доўгім, як падцёк чорнай фарбы. Вера здагадваецца, што гэта калона нямецкіх машын. Як скамянелая, дзяўчынка нейкі час сядзіць на падаконніку, потым саскоквае з яго, хаваецца за печкай. Час цягнецца надакучліва доўга. I калі Вера ўжо было падумала, што ліхая навала мінула іх, нешта завурчэла, залязгала, потым сціхла і тады да дзяўчынкі данеслася музыка, быццам хто іграў на жалейцы. Дзіцячая дапытлівасць перамагла страх. Вера выскачыла на вуліцу і спынілася ад здзіўлення: уся дарога была забіта матацыкламі, танкамі і невялікімі, падобнымі на дамавіну, машынамі. Загарэлыя салдаты, голыя па пояс, хадзілі між машын, смяяліся і гучна размаўлялі на чужой, незразумелай мове. Белы высокі салдат сядзеў на гусеніцы танка і, прыклаўшы да вуснаў блішчастую пласцінку, дзьмуў у яе. Афіцэры разглядалі карту. За канавай стаялі жанчыны, баязліва паглядалі на чужынцаў.