Выбрать главу

У гэты час па агародах у вёску прабіралася жанчына, амаль распранутая, у какетліва павязанай касынцы. Яна ішла, размахваючы рукамі, крычала нейкую песню. Салдаты ўбачылі яе і зарагаталі. Афіцэры выцягнулі фотаапараты, пачалі здымаць яе. А яна снявала і махала рукамі. Моцны рогат спыніў яе. Яна перастала пець. Нехта з салдат свіснуў. Тады жанчына павярнулася да іх спіной, зрабіла лепрыстойны жэст.

Афіцэр марудна выцягваў з-за халявы пісталет.

— Пан, пан, то вар’ятка, хворая, з вар’яцкага дому, — стары Яўтух, каб пераканаць немцаў, пакруціў ля скроні пальцам.

Дзед Баўціль, пагладжваючы бараду, мармытаў: «I прыдзе вайна, голад і смерць, але не праціўцеся ім, бо гэта кара за грахі вашыя».

Афіцэр марудна паднімаў руку з пісталетам. Дзябёлы, даўгавалосы салдат нагнуўся, дастаў з багажніка аўтамат. Людзі загаманілі, наперабой упрошваючы прышлых не забіваць хворую жанчыну. Яўтух, які пабываў некалі ў палоне, блытаючы словы, прасіў:

— Пан, яна кранк, ду біст ніх страляць...

Вар’ятка прадаўжала рагатаць.

— Цурук, — гаркнуў на вяскоўцаў нейкі афіцэр. Усе адразу зразумелі, што гэта значыць і адышліся. Грымнуў адзін, потым другі стрэл. Прадаўжаючы рагатаць, жанчына ўпала.

I раптам той жа афіцэр на чыстай рускай мове загадаў:

— Зарыть! Имеют право на жизнь те, кто здоров и верен нам. Все остальные должны умереть...

Забітую пахавалі ля могілак. На могілках не дазволіў хаваць усё той жа дзед Баўціль. Гады праз два маленькі курганок зраўняўся з зямлёй. Не ўспамінала пра той выпадак і Вера; быццам яго ніколі не было.

Чаму ж цяпер той забыты выпадак ускалыхнуў усё нутро? Таму, што поруч з ёй ідзе Бэдзя — няшчасная ахвяра вайны. Але ж і раней яна чула, такія расказы, а вось жа не задумвалася над імі. А ці задумваласяіяна наогул над жыццём? I раптам апякла думка: можа і не бачыла яна таго жыцця?

Верыны думкі перапыніў Бэдзя.

— Тывырыш зытыхнык, можа вы прывезлі з сабой мудрасць вучоную?

— Якую мудрасць? — здзівілася Вера.

— Кнігі якія-небудзь. Веды — цудадзейны бальзам, які працягвае жыццё чалавека.

Вера ўспомніла, што, збіраючыся ў Закружжа, яна захапіла з сабой блузкі, спадніцы, бялізну, духі і не ўзяла ні адной кнігі. У апошні час яна і не помніць, калі бралася за кнігу, вядома, апрача падручнікаў. Усё не хапала часу.

— Хіба ў бібліятэцы няма кніг?

— Прачытаў ужо ўсе. Ды вы, таварыш заатэхнік, не думайце, што я зглумлю кнігу. Рэч гэтая даражэй за золата. Ад золата — вар’яцеюць, ад кніг — разумнеюць.

— Пакул у мяне няма, не прывезла, — растлумачыла яна. — Як толькі паеду ў горад, абавязкова прывязу, тады прыходзьце. Вы найбольш якую літаратуру любіце?

— Бальзак — сэрцу майму блізкі. А то яшчэ Ралан...

У далечыні паказаўся лагер. Размова зноў спынілася. Да кашары дайшлі моўчкі.

Бэдзя адразу ўзяўся за працу: паднёс бітоны, збегаў у выгарку за вадой, насек дроў, распаліў вогнішча пад вялізным катлом. 3 будана вылез другі пастух Дзямід Пракуда, даўгалыгі, з сівой барадой мужчына. 3 Верай ён прывітаўся спаважна, распаліў кароценькую піпку і, пасмоктваючы яе, запытаўся:

— Панаглядаць прышлі?

— Наглядчыкаў у вас, мабыць, хапае і без мяне, — не вельмі прыхільна адказала Вера.

Старшы пастух чамусьці ёй не спадабаўся.

— Справядліва сказана.

— Колькі малака цяпер надойваеце?

— Менш трох бітонаў не бывае.

— Не многа.

— Па сёлетняй траве не блага. Павыгаралі выпасы.

— Трэба старацца...

— Стараемся, таварыш заатэхнік.

Да іх падыходзілі даяркі. Гэта былі ў большасці старыя жанчыны; вылучалася сярод іх адна, высокая, чорнавалосая з белым прыгожым тварам. У яе былі выгнутыя вузкія бровы, і ад таго здавалася, што паглядае жанчына на Веру здзіўленым позіркам.

Спачатку даяркі маўчалі, але як толькі Вера загаварыла пра надоі — бязладна загаманілі, перапыняючы адна другую.

— Доім во які год, а замест прэміі хвігу...

— Глядзі, атрымаеш!

— Дзеўкі хай бы кароў даілі...

— Надояць!

— Каторая дык і даёнку ніколі не трымала...

— Дамірыха хай падоіць.

— Плявузгаеш нямаведама што. Тая ў труну глядзіць.

— Усе там будзем.

— Цябе чорт туды не зацягне.

— Працадзень ад надояў ідзе. А малако я адкуль браць буду?

— У выгарцы.

— Па чарзе хай бы даілі...

Жанчыны, мабыць, яшчэ доўга крычалі б, але тут падышоў брыгадзір Раман Дзяжэвіч, нізенькі, кругленькі чалавечак.