Выбрать главу

— Чаго, бабачкі, раскрычаліся? Галубачкі, ясачкі, усё вам будзе, дайце толькі срок, будзе вам і белка, будзе і свісток. Табе, Дар’я, чобаты пашыем, жоўтыя, на высокім абцасе і пеўнямі вышытыя. Помніш, як у артысткі, што залетась прыязджала.

Дар’я замахала рукамі.

— Не хачу я чобатаў. Хай бы бахілы купілі.

— Бахілы само сабой. На свае вушы чуў, як Даміра Лёньку лаяў: купі, кажа, маім дарагім даяркам бахілы. Ды не простыя, а лакіравакыя. Заслужылі, кажа, яны ў мяне іх. I зноў жа, карэспандэнт які прыедзе, адразу відаць — культурная ферма.

— Чулі ўжо...

— Далібог, вось каб я з гэтага месца не сышоў, — Дзяжэвіч пастукаў кулаком у грудзі. — Купяць, і шабаш дзела. А табе, Агапа, пуцёўку дамо ў Маскву. На самалёце паляціш.

— Каб разбілася яшчэ...

— Дзівачка ты, Агапа Абрамаўна, паляціш, і шабаш дзела. Залетась, як я ў сына быў, дык на самалёце сам лятаў. Мякка, чай падносяць. Пі сабе на здароўе, і шабаш дзела.

Жартачкамі, кепікамі Дзяжэвіч супакоіў жанчын. Даяркі павесялелі, перакідваліся словамі.

— Гэты ўлагодзіць...

— Ат, трэці год абяцае.

— Хоць пагаворыць добра.

— Ну, бабачкі, — Дзяжэвіч паляпаў па плячы даярку, што стаяла бліжэй да яго. — Памыйце, ясачкі, посуд, ды на шабаш.

Жанчыны неахвотна пайшлі. Дзяжэвіч пазіраў ім услед.

— Навошта вам спатрэбілася хлусіць? — не вытрымала Вера.

— Вы тут каторы дзень, а я трэці год шурую. Не схлусіш — не паедзеш.

—Далёка на гэтым не праедзеце...

— На мой век хопіць. Здымуць — другі будзе хлусіць, і шабаш дзела.

— Лепей скажыце, чаму надоі нізкія? Лета, самы сезон, а вы па пяць літраў ад каровы надойваеце.

— Дык жа, дарагі таварыш, не ўсе даяркі па пяць літраў надойваюць. Матрона Башукевіч, нашая паважаная перадавічка, узоры працы паказвае. Таксама гаспадыня вашая, Ксютка Пляскач...

— Значыць, можна і больш надойваць?

— А я хіба кажу не можна? Ай-яй-яй, таварыш заатэхнік, да чаго вы яшчэ маладыя. Даяркі ў нас працаваць не хочуць.

— Навошта трымаць такіх даярак?

— А мы трымаем... Яны з радасцю адсюль уцякуць.

— I няхай.

— Тады вы кароў даіць будзеце ці можа апараты якія паставіце?

— Што ж рабіць?

— Не хвалюйцеся, Дзяжэвіч вывезе.

— Дзяржаву ашукаць не ўдасца. Летась абавязацельства бралі? На вашае слова людзі разлічвалі. Ім малако патрэбна, а не вашыя абяцанкі.

— Я так думаю, — Дзяжэвіч перайшоў на паўшэпт, — мы можам болей здаваць малака. Цяляты могуць ужо і так выладнець. Ды і малако ў нас вельмі тлустае... Другія так і робяць. Трэба болей, хай будзе болей. I шабаш дзела.

Вера загарэлася ад злосці.

— На злачынства мяне штурхаеце? Скажу я вам шчыра: калі даведаюся пра махінацыі — аддам пад суд.

Дзяжэвіч развёў рукамі.

— Я штурхаю?.. Вас?.. Проста, дарагі таварыш, вы не дачулі, — перастаўшы крыўляцца, са злосцю ў голасе ён сказаў: — Здымайце. Страшна, думаеце? Мне гэтая пасада патрэбна, як шчупаку парасон. Надавалі старых жанчын, ды яшчэ хочаце, каб я з імі план выконваў, малачко вам даваў. Што ад той жа Ганкі патрабаваць будзеш? Доіць карову, а сама сапе, як паравік няспраўны. У яе ад старасці ногі не гнуцца, а мы прымушаем яе кароў даіць. Здымайце, і шабаш дзела.

Дзяжэвіч зняў шапку, шпурнуў яе вобземлю. Вера стаяла перад ім разгубленая, ашаломленая. Няўжо ў яе нічога не выйдзе? Няўжо дарэмна забрала заяву, не засталася на кафедры? Можа Рамірава праўда? Сказала не вельмі ўпэўнена:

— Хутка камсамольцы прыдуць на ферму.

— Пойдуць яны!..

— Пойдуць.

— А няхай і так. Вельмі яны тут многа наробяць. Уцякуць у першы ж дзень.

— Не збягуць, — стаяла на сваім Вера. — Вось тады самі пераканаецеся, што ўсё ад людзей залежыць, калі, замест трох бітонаў, дзесяць будзем на малаказавод вазіць.

Дзяжэвіч падняў шапку, ударыў ёю разы са два па калене, каб вытрасці пыл.

— Дзе ж яны малако тое возьмуць? А вы на выпасах былі? Вось у тым і справа. Можа па-вучонаму гэта і не зусім так, прабачце, не ведаю. Але кармоў не будзе — малака не чакайце.

Вера ўспомніла, што, складаючы справаздачу, зусім і не падумала аб тым, ці хопіць кармоў на зіму, ці хапае іх цяпер, улетку.

Вярталася Вера ў вёску з сапсаваным настроем. Уся задума з пасылкай камсамольцаў на фермы здавалася ёй цяпер нікуды не вартай задумай. Што зробяць дзяўчаты, калі ў пажылых жанок апускаюцца рукі?

Прагледзеўшы справаздачу, Вера выявіла тое самае, пра што гаварыў Дзяжэвіч: кармоў не хопіць. Успомніла загадчыка паштовага аддзялення Дземідзенку. Прыгадаліся лекцыі прафесара Пальчыкава. У вушах загучалі яго словы:

«Правільныя рацыёны — аснова заатэхнікі. Запомніце гэта, маладыя людзі, назаўсёды. Старая руская прымаўка кажа: малако ў каровы на языку. Векавы вопыт жывёлавода і ніхто іншы ствараў гэтую цудоўнейшую прымаўку. Мы таксама кажам: малако ў каровы на языку, але тут жа з уласцівай вучоным схільнасцю да фармулёвак дадаём: колькасць малака прама прапарцыянальна якасці кармоў і адваротна прапарцыянальна іх аднастайнасці. Таму галоўнае — рацыёны, рацыёны і яшчэ раз рацыёны, высокаякасныя, высокакаларыйныя і разнастайныя кармы. Усё гэта, маладыя людзі, павінны рабіць вы... і дамагайцеся свайго».