Выбрать главу

Пальчыкаў распрацаваў дзесяткі разнастайных табліц, па якіх будучыя заатэхнікі павінны былі складаць рацыёны. I хоць прафесара не любілі, дражнілі яго казіным дыетолагам, але табліцы вызубрывалі напамяць, бо гэты чалавек быў абыякавы да студэнцкіх слёз.

Але навошта гэтыя пальчыкаўскія табліцы ёй тут? Разнастайнасць, каларыйнасць!.. Самай каларыйнай будзе салома, не інакш.

3 клуба на абед прышла Ева. Як заўсёды вясёлая, задаволеная сабой і ўсім белым светам. За тыдзень у яе з’явілася да Веры гарачая прыхільнасць і нават любасць. Часам яна абдымала Веру або тулілася да яе.

Зайшоўшы ў пакой, Ева кінулася да Веры, абхапіла яе і моцна прытулілася да грудзей.

— Ой, чаму ты такая невясёлая?

— Вось жа лізуха,— усміхнулася маці і вышла на кухню.

— А ты чаму вясёлая такая?

— Мне Максім Шняк у каханні прызнаваўся.

— А Макар?— напомніла Вера.

— Макара ні на каго не прамяняю.

— Навошта ж тады?..

— А так. Люблю хлопцам галовы задурваць.

— Навошта?— Вера прыкусіла язык, успомніўшы пра свае нявырашаныя сардэчныя справы.

— А няхай,— бесклапотна зарагатала Ева.— Сядзіць вось так і вачэй не зводзіць. А я думаю: «Вось дурань, дык дурань». Вера, а гэта нічога, калі я з ім сёння на вечарынку схаджу?

— Сама глядзі.

— Пайду. Ці ж я з Макарам абвянчаная? Мацней кахаць будзе.

У Евы думкі скакалі, як вераб’і. Не паспела закончыць размову пра каханне, як пачала зусім пра другое.

— Слухай, зрабі даклад на сходзе.

— Які даклад, дзе?

— Пакуль Ліпанава прыедзе, дык я хачу сход правесці і камсамольцаў на фермы паслаць. Яна вельмі любіць, калі ініцыятыву праяўляеш. Га?.. Зробіш? Ну, Верачка, міленькая, даражэнькая...

— Я не зусім веру ва ўсё гэта...

— Ты што?— здзівілася Ева, ад неспадзяванасці яе карыя вочы зрабіліся вялікія і былі цяпер вельмі прыгожыя. — Гэта ж пастанова ЦК.

«Яе за вочы любяць»,—падумала Вера, а ўголас казала:

— Кармоў не хапае. Што тут камсамольцы зробяць?

— Усё зробяць, а што кармоў не хапае, гэта ўжо няхай Даміра думае. Дарэчы, ты і яго пакрытыкуй. Скажы, што кармоў не хапае. Ну, ты сама ведаеш, як лепш яго закрануць. Дык я сёння ж напішу аб’яву.

— Добра,— неахвотна згадзілася Вера.

VII

Апошняя вайна павырывала людзей з наседжаных месц, параскідала іх па свеце, як вецер апалае лісце. Многія, асабліва мужчыны, так і не вярнуліся да родных сем’яў.

I ў калгасе «Маяк» кожная другая хата стала называцца ўдовінай. А ўдовы таксама не сядзелі на месцы. Муштравалі іх спачатку за партызанства мужоў і братоў, а пасля, перад самым прыходам Савецкай Арміі, пагналі ў Нямеччыну. Жанчыны думалі: не сустрэнуцца болей ніколі. Але жывучы чалавек: калі ён яшчэ дыхае, дык хоць паўзком прыпаўзе на тую зямлю, якая ўскарміла яго.

Не адразу пасля вызвалення, але папрыязджалі і ў «Маяк» яго жыхары. Жылі спачатку ў зямлянках, падлічвалі страты, галасілі па тых, хто не вярнуўся. Па вечарах, сабраўшыся дзе-небудзь на свежым бярвенні, успаміналі пра сваіх родных, любімых і проста знаёмых. I здавалася тады, што ў вёсцы былі толькі добрыя людзі: для кожнага знаходзілася цёплае слова.

У жыцця ёсць свае законы. Абсохлі гарачыя жаночыя слёзы, надціхла гора. Усё часцей і часцей пачала абуджацца вёска не плачам, а смехам і буйнай весялосцю, гарачым шэптам жанок, засумаваўшых па мужчынскіх абдымках, не па-дзявочаму смелымі пацалункамі, маленькімі, ціхімі вяселлямі.

А там неўзабаве павыпаўзалі на прастор вясковых вуліц новыя жыхары — замена тым, хто не дайшоў да роднай хаты. Мацярынскай любоўю зноў загарэліся жаночыя вочы, ад паўнаты шчасця распірала пад кофтачкамі грудзі. I нават тыя, хто не мог знайсці вялікага шчасця, задавальняючыся малым, былі рады мірнаму, неяк адразу пасталеўшаму жыццю.

Адна Аксіння і праз дзесяць гадоў пасля вайны не магла забыць горыч страты. Маладой, нікім нецалаванай дзеўкай вышла яна замуж за Андрэя Плескача, першага на ўсю акругу гарманіста і гуляку. Чубаты, невысокі, зграбны, моцны, ён падабаўся ёй даўно. Але як скажаш пра гэта хлопцу? Хіба сэрцам? Ды не кожны здагадаецца зазірнуць у яго. Вачыма? Але яны самі апускаюцца долу, ад сораму закрываюцца густымі чорнымі вейкамі. Выдала Аксінню дзявочая чырвань, што ўспыхнула аднойчы на шчоках, калі Андрэй на вечарынцы запрасіў яе танцаваць кадрыль. Праз які месяц Андрэй сустрэў яе яшчэ раз, за рэчкай у лесе, запытаў: