Выбрать главу

— Пойдзеш, Аксінька, за мяне замуж?

У яе перасохла ў горле, і яна паспела толькі кіўнуць галавой, аддаючыся яго нястрымным ласкам. Прама з лесу Андрэй павёў яе да сельсавета, дзе здзіўлены, ашаломлены сакратар зарэгістраваў іх шлюб.

Любіла Аксіння горача. Але не доўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. У трыццаць дзевятым годзе надзеў Андрэй шэры шынель, пацалаваў жонку і двухгадовую дачку Еву і пайшоў у доўгі, шматгадовы ваенны паход, з якога ўжо не вярнуўся, Забіла яго ў сорак чацвёртым на пераправе праз Дунай цяжкая фугасная бомба. Выплакала Аксіння ў падушку свае прыгожыя вочы, згорбілася дачасна, без пары пабіў валасы сярэбраны іней. Яшчэ тады, калі ў сельсавеце ўручылі ёй паведамленне аб смерці Андрэя, яна дала сама сабе клятву ніколі і нікому не дарыць сваёй любві. Напусціла на сябе строгасць, і толькі цёмныя ночы былі сведкамі таго, як цяжка перажывала яна адзіноту. Перанесла сваю любоў Аксіння на Еву, адзінае, што засталося ёй ад Андрэя.

Ева расла не па гадах бойкай, гарэзлівай дзяўчынкай. Як і яе бацька, яна любіла верхаводзіць аднагодкамі, спявала, удзельнічала ў самых рызыкоўных налётах вясковых гарэзнікаў на сады і агароды. Хадзіла яна ўся абдзёртая, з сінякамі і крывепадцёкамі, у падраным плацці і разбітых чаравіках.

Калі Еве споўнілася восем год, Аксіння аддала яе ў Закружскую школу і тады адчула, што не перажыве самотнай пустаты. Назаўтра пайшла ў канцылярыю калгаса, папрасіла даць пастаянную работу. Аксінню паслалі на ферму даяркай.

Працавала яна моўчкі, рупліва. Гады праз два пра яе загаварылі на раённых нарадах і сходах, змясцілі партрэт у абласной газеце, вазілі выступаць у горад. Хутка яе выбралі спачатку ў раённы, а потым і ў абласны Савет дэпутатаў працоўных. Аксіння зрабілася вядомай.

Не меншай вядомасцю (мясцовага парадку) славілася і яе дачка. Чатыры класы Ева закончыла, хоць і з горам напалам: пабойвалася сярдзітай старой настаўніцы. А далей справа не пайшла: гарэзлівасць перарасла ўсялякія рамкі, так што Ева больш часу праводзіла ў настаўніцкай і ў калідоры, чым за партай. Разбітыя вокны, сарваныя ўрокі, паламаныя крэслы, падвешаныя да столі папяровыя чорцікі не былі найгоршымі з яе свавольстваў.

Настаўнікі не ведалі, што рабіць. Каб каго другога, дык даўно выключылі б са школы. Але гэта была дачка Аксінні Пляскач, якую ўсе паважалі. Гарачы на паспешлівыя рашэнні класны кіраўнік нават прабавала атрымаць канкрэтнае ўказанне наконт Евы ў кіруючых установах, але там параілі ўзмацніць выхаваўчую работу, а Аксінню Пляскач дробязямі не турбаваць. Пасля такой парады настаўнікі змагаліся з Евіным свавольствам хто як мог, а большасць рабіла выгляд, быццам не заўважае яе пракудаў... Так з іх паблажлівай дапамогай і закончыла Ева сямігодку.

Увечары таго дня, калі атрымала Ева пасведчанне аб заканчэнні сямігодкі і мо ўпершыню за многа гадоў з нецярпеннем чакала яна матчынага прыходу з фермы.

— Вось, закончыла, — падала яна маці складзены надвое лісток.

— Малайчына, дачушка, цяпер якіх тры гадкі засталося...

— У восьмы — не пайду.

— Дык жа я і не прымушаю. Надоечы Сяльчонак пра цябе пытаўся.

— Ну дык што?..

— Папрашу яго добранька, можа ў тэхнікум які прыладзіць.

Ева фыркнула, надзьмула пульхныя вусны.

— Мне і дома добра.

Аксіння пляснула рукамі. 3 тае самае пары, як пайшла Ева ў школу, думала яна над тым, як бы вывучыць сваю дачку. Яшчэ на пачатку вясны схадзіла Аксіння да сакратара райкома партыі, заручылася яго цвёрдым словам памагчы ўладзіць Еву ў бібліятэчны тэхнікум. Не выпадкова быў зроблены такі выбар; з даваенных часоў яшчэ вынесла жанчына мілы сэрцу вобраз танклявай бібліятэкаркі, што працавала ў абласной бібліятэцы. Запомнілася тая дзяўчына Аксінні на ўсё жыццё сваёй увішнай распарадлівасцю і незвычайнай ахайнасцю. Як самы дбайны гаспадар, хадзіла яна сярод ярусаў з кніг і доўга расказвала Аксінні пра кожную з іх, да якой датыкалася яе зграбная, белая рука. Яшчэ тады Аксіння ў думках паставіла на месца бібліятэкаркі сваю Еву і адчула, што гэта будзе самае найлепшае для яе месца. Столькі гадоў таіла жанчына запаветную мару — і на табе: дачка не хоча зразумець маці... Аксіння працягнула да Евы рукі: былі яны парэпаныя, мазолістыя ад цяжкай работы.

— Бачыш?

— Не сляпая.

— А чаму ночы не дасыпала, ведаеш?

— Можа з-за мяне?

— А то ж не? Не хачу, каб ты вось так у брудзе корпалася. Паганю вучыцца.