Выбрать главу

— Сама вучыся. А я з вёскі ні нагой. Чуеш?..

Паплакала Аксіння, пасварылася на сваю дачушку, а потым змірылася, што зробіш, калі гэтак не шанцуе.

У Евы ж былі свае меркаванні. Калі ёй было няпоўных шаснаццаць гадоў, па-дзіцячаму недарэчна і смешна закахалася яна ў Макара Башукевіча. Як некалі і маці, кахала Ева Макара, затаіўшы глыбока ў сэрцы любоў. Падабалася ёй Макарава разважлівасць і не па гадах спакойная сур’ёзнасць. Было гэта тое, чаго ёй не хапала самой. Макар жа доўга не здагадваўся, што гэтак моцна прываражыў дзяўчыну. Глядзеў на яе невідушчымі вачыма. Аднойчы, падвыпіўшы, Макар на ўсю вечарынку асароміў яе. Крыкнуў так, каб пачулі нават тыя, што стаялі на вуліцы:

— Ну, вы, тыя, што да ўрокаў не падрыхтаваліся, — кыш дадому!

3 тае пары і засела ў Евінай галаве думка — кінуць вучобу, стаць нароўні з Макарам. На сенакосе, на малацьбе ці на другой якой рабоце Ева старалася з усіх сіл. Яе хваліў брыгадзір, старшыня, старыя жанкі ставілі Еву ў прыклад, мужчыны спагадліва ўсміхаліся яе жартам, адзін Макар па-ранейшаму не звяртаў на дзяўчыну ўвагі. Толькі ідучы ў армію, ні то жартам, ні то сур’ёзна сказаў:

— А ты, курносая, падрастай, а то яшчэ так і застанешся недаросткам. Тады ніхто і замуж не возьме.

Праз паўтара гады Макар прыехаў на пабыўку дамоў. К гэтаму часу не без Аксініных старанняў Ева была прызначана загадчыкам хаты-чытальні, хоць гэта было і не зусім тое, пра што марыла жанчына.

Макар, сустрэўшы Еву, здзівіўся. Пакідаў яе рыжай вяснушчатай дзяўчынай, а знайшоў мілую таўстушку, пышнавалосую, з дзвюма прыгожымі ямачкамі на шчоках.

— Змянілася ты, Ева, проста сказаць, здорава!.. Не пазнаць, — гаварыў Макар, праводзячы дзяўчыну з вечарынкі.

— Вы таксама... пахарашэлі.

— I ты...

Яны абое збянтэжыліся. Ева —наўмысна сарамліва, Макар — усур’ёз.

Ішлі моўчкі.

— Каханка вашая здрадзіла вам, замуж вышла, — сказала Ева, намякаючы Макару на нядаўняе вяселле Ксенькі Цітавай, да якой перад адпраўкай у армію заляцаўся Башукевіч.

Да Ксенькі ў Макара не было асабліва вялікага пачуцця, замуства яе прыняў ён даволі спакойна, пачырванеў толькі, калі чытаў пра гэтую падзею ў лісце ад маці.

— Дзеўкі знойдуцца. Іх цяпер вунь колькі...

— А ўсё ж, мусіць, шкада, — не здавалася Ева.

— Зусім не. Дзеўка кручаная, хоць і прыгожая.

— Зубы толькі рэдкаватыя. I вусны тонкія. Страх, як непрыгожа.

Макар паглядзеў на Еву: у дзяўчыны сакавітыя, пунсовыя вусны, маленькі рот, белыя, густыя, роўныя зубы. На світанні Ева выглядала значна прыгажэй за Ксеньку Цітаву. «Вось табе і Еўка!» — падумаў Макар, а ўголас сказаў:

— Усе вы такія, няверныя.

— Не ўсе, — разважліва адказала Ева. — Па-мойму, калі ўжо кахаеш чалавека, дык навечна. Інакш скажы яму без падману.

Прыехаўшы ў часць, засумаваў Макар па роднай вёсцы. Снілася яму ў кароткія салдацкія ночы вуліца, клуб, вечарынка і часцей за ўсё Ева і Ксенька. Хацелася як можна больш ведаць пра жыццё ў вёсцы, а пісьмы маці былі даволі бедныя такімі звесткамі. Аднойчы, калі было крыху больш, як звычайна, вольнага часу, напісаў Макар Еве пісьмо. Напісаў і адразу неяк палягчэла на душы. А дзён праз колькі старшына ўручыў Макару ружовы канверт, на якім замест маркі быў намаляваны сіні галубок з чырвонай стужкай на шыі. Крыху ніжэй акруглымі ў развалку літарамі было напісана:

«гор Тыбылысы.

васковая чась

Башукевічу Макару Цімафеічу»

Нічога не схаваеш ад салдацкіх вачэй. Прачытаў нехта адрас, і пайшла гуляць па казарме «васковая чась». Каб папярэдзіць салдацкія кпіны, Макар напісаў Еве ў лісце просьбу пісаць яму на «Галоўны паштамт, да запатрабавання».

Як ні цяжка было атрымаць адпускную запіску, Макар здолеў вырвацца на гадзінку ў горад. Падмаляваная, каротка падстрыжаная дзяўчына доўга корпалася сярод рознакаляровых канвертаў і нарэшце выцягнула трохкутнічак у клетку, падала яго Макару з усмешкай, якую ледзьве стрымлівала ў куточках вачэй. Макару добра знаёмы былі такія ўсмешкі. Ён адчуў, як раптам стала вельмі горача. «Што яна ўмудрылася напісаць цяпер», — мільганула думка. Макар схапіў канверт, выбег з пошты.

Ева зноў нарабіла самых бязглуздых памылак, перарабляючы словы ў блізкія і знаёмыя ёй. I неяк адразу страціў сваю прывабнасць выпеставаны ў думках вобраз таўстушкі. Пад настрой напісаў ёй халаднаватае пісьмо. Потым доўга раскайваўся, што пакрыўдзіў дзяўчыну. Нават сумаваў. Тады перачытаў яе апошняе пісьмо, напісанае яшчэ больш непісьменна, як адрас на канверце, і знайшоў Макар у ім нешта дарагое і блізкае сэрцу, ад чаго развеяўся сум шэрай салдацкай будзёншчыны. Зноў напісаў Еве цёплае пісьмо, у якім даў волю пяшчотным словам. Перш чым заклеіць, перачытваў ліст, старанна расстаўляючы коскі, выпраўляючы памылкі, якія дапусціў у спешцы. Пісьмо рабіла на яго самога найвялікшае ўражанне. Тысячавёрсная адлегласць сцірала ўсё, што не падабалася яму ў Еве, пакідаючы толькі тое, што сагравала сэрца.