Выбрать главу

А перад самай дэмабілізацыяй атрымаў Макар пісьмо ад маці. Тая пісала, што Ева гуляе з Максімам Шнякам і таго глядзі прынясе Аксінні пісклянё ў прыполе. Так што, калі наважыўся Макар з ёю жаніцца, дык няхай наперад добра падумае.

I таму, што гэта была маці, Макар паверыў кожнаму яе слову. Маладая кроў стукнула ў галаву, заліла твар чырванню, напоўніла сэрца пякучай крыўдай. Чаму так не шанцуе? Адна не дачакалася, вышла замуж, другая... Забыўся Макар, што зусім нядаўна напісаў Еве вялікі ліст, поўны намёкаў. Не задумваўся ён і над тым, што Ева таму-сяму расказала пра іх адносіны і ў Закружжы ўжо лічылі яго жаніхом, зайздросцячы Еве.

Чакаў Макар загаду аб дэмабілізацыі з нецярпеннем, але яго ўсё не было. Хацелася яму хутчэй трапіць дамоў і ўсяго адзін раз сустрэцца з Еўкай, каб выліць на яе галаву чорны гнеў, накоплены за многа дзён і начэй вымушанай разлукі.

Ева нічога пра гэта не ведала. Расказваючы заатэхніку пра Максіма Шняка, яна прызналася не ва ўсім. Было ў іх адносінах нешта такое, што прымушала Еву маўчаць, з-за чаго яна не раз злавала на сябе і ў той жа час не магла ўтрымаць сябе.

На пачатку сёлетняй вясны падвозіў Максім Еву з раённага цэнтра. Сустрэліся яны выпадкова: Ева прыходзіла ў райком камсамола, Максім з падводай знаходзіўся ў гарадку другі дзень. Вышаўшы з райкома, Ева ўбачыла Максіма, папрасіла:

— Пачакай мяне, разам дамоў пойдзем. Удвух весялей будзе.

Прыгожыя, навыкаце Максімавы вочы наглавата глядзелі на яе, вусны ледзь-ледзь уздрыгвалі. Ева толькі цяпер убачыла, што Максім крыху выпіў, і ўжо раскайвалася ў сваёй паспешлівасці.

— Я нават і падвезці магу.

— Я і не ведала, што ты на кані, — у Евы адразу палепшыўся настрой: не вельмі зайздросна адмерваць пятнаццаць кіламетраў, ды яшчэ на прыцемках.

— Падвезці можна, але не за так...

Максім падміргнуў.

— Ды ну цябе, ужо выпіў.

— I цябе магу пачаставаць, — ён выцягнуў з кішэні ладны пачак грошай. — Пайшлі ў чайную.

I абняў Еву доўгімі рукамі.

— Адчапіся! — яна моцна штурханула хлопца. Максім ледзь утрымаўся. Раззлавана буркнуў:

— Ну, і шлёпай пехатой.

— Ды ты не шалей. Прасіць яшчэ трэба...

— А з табою і пажартаваць ужо нельга. Я пра якую плату казаў — для абодвух прыемную: пацалуначак жа толькі, так сказаць. А ты спалохалася. Дзівак твой Макар — не навучыў цалавацца.

— За Макара не бойся. Табе да яго далёка.

Спрачаючыся, яны дайшлі да Максімавай цёткі, дзе стаяла падвода. Селі поплеч. Адчыняючы вароты, цётка выгукнула, успляснуўшы рукамі:

— Дальбог, хоць пад вянец...

Ева скасіла вочы. На Максімаў лоб звісалі пасачкі белых кучаравых валасоў. Вочы ўсміхаліся, вусны, здавалася, былі наліты вішнёвым сокам. А ўся яго ладная, зграбная постаць так і дыхала здаровай, нерастрачанай сілай і свежасцю. Ева неяк незаўважна для сябе залюбавалася ім.

Ехалі паціху, прыміроныя вясновымі пахамі лесу і бесклапотнымі песнямі салаўёў. Максім раз-по-раз кратаў лейцы, і тады маленькі канёк весела фыркаў, дробна перабіраючы нагамі, бег. Падскокваючы на выбоінах, грукацелі колы. Тады адразу знікалі песні салаўёў. Цемрадзь усё шчыльней ахутвала наваколле, малады месяц амаль не даваў святла, Калі даводзілася ехаць па вузкай лясной дарозе, дык нават дрэнна відаць была галава каня. Было крыху страшнавата, і Ева неяк незаўважна пасоўвалася бліжэй да Максіма. Потым канёк пераставаў бегчы, і зноў наваколле запаўнялася шумам лесу, лёгкім парыпваннем калёс і разамлелым свістам салаўёў.

Максім спачатку дасціпна, хоць і грубавата, жартаваў. Ева таксама за словам у кішэню не лезла. Потым ён змоўк, пакурваў беламорыну і больш не паганяў каня, які ледзьве плёўся і толькі з горкі неахвотна бег. Ева думала, што на Максіма падзейнічала ціхая ноч, разлітая ў паветры стома і душная цішыня. Яна і сама неяк паддалася насланню. Здавалася, у свеце толькі іх двое, а навокал на тысячы вёрст — пустыня. Калёсы моцна нахіліліся, Максім падтрымаў за талію Еву, ды так і не прыняў рукі. Ева адчувала моцную і нейкую пяшчотна-бездапаможную руку. Максім проста пабойваўся праяўляць характар: не раз пападала яму ад вясковых дзяўчат, якіх прырода са шчодрасцю надзвычайнай надзяліла мужчынскай сілай. Ён кінуў недакурак — залаты аганёк папяросы апісаў дугу, упаўшы на зямлю, разляцеўся вогненнымі пырскамі.

Каб ён неяк інакш загаварыў або раптам моцна прытрымаў яе рукой, што ляжала на таліі, можа, не было б таго нечаканага, па-зладзейску кароткага пацалунку.