— Эх, Ева, Ева, сэрца ты майго не бачыш... Сядзіш у сваім клубе. Вось жа тужу па табе. Ну, ды няхай — мая бяда. Не прашу многага — адно слова скажы. Ну, хоць насварыся... Або на вось пугаўё, бі мяне, колькі хочаш, а толькі, — і тут ён неспадзёўкі прытуліў Еву, пацалаваў і спрытна адхіліўся, чакаючы аплявухі. Ева сядзела нерухомая. Тады Максім падумаў: «Лапух я, ланцуг з дзёгцем!..» Але як толькі паспрабаваў зноў пацалаваць Еву, атрымаў адпор. Здзіўлены, адступіў, падумаўшы: «Дзевак сам чорт не разбярэ».
Хіба падслепаваты маладзік угледзеў іх пацалунак — больш ніхто не бачыў таго граха, але папаўзлі па вёсцы чуткі, адна за другую больш пачварныя.
Максім усміхаўся, а маці яго, даярка Ганна, не раз злосна шыпела ўслед сыну — у вочы сказаць баялася:
— У-у-у, нехрысць паганая, у бацьку-валацугу пайшоў, да Плескачышынай дабраўся.
Адна Еўка ды маці яе нічога не ведалі. Ева нічога дрэннага не бачыла ў Максімавым заляцанні. Паводзіў ён сябе прыстойна, праўда, рукам любіў даваць волю.
Ды і не вельмі аб чым знойдзеш гаварыць, калі сустракаешся кожны дзень. А так, ударыш па хлапечых руках, жартам раззлуешся — на ўвесь вечар размовы хопіць!
Бывалі яны разам не вельмі часта: можа пасля таго вечара разы са тры. Атрымаўшы ліст ад Макара, Ева клялася болей з Максімам не сустракацца. Вытрымлівала тыдні два, потым выпадкова трапляла яму на вочы. Нешта цягнула яе да Максіма, далёкі вобраз Макара засланяўся больш блізкім і куды прыгажэйшым Максімавым вобразам. Падабалася ёй і тое, што Максім, ад якога плакала ўжо не адна дзеўка, трымаўся з ёю прыстойна.
— Скруціла ты мяне, Еўка, зусім,— скардзіўся ён.— Паглядзіш на цябе — ціхмяная, а вось, хоць плач, баюся цябе.
— Такая страшная?..
— Не страшная, а недаступная, як бог.
Ева задаволена ўсміхалася: прыемна было верхаводзіць над такім зайздросным хлопцам. Але ў клуб з Максімам яна ўсё ж не пайшла.
Вера, убачыўшы яе дома, запыталася:
— Ты чаму не пайшла?
— Так, не захацелася.
За акном галасіў гармонік. Потым нехта пастукаў у шыбу.
— Выйдзі на хвілінку,— папрасіў ціхі голас.
Еўка схавалася за перагародкай, шапнула Веры:
— Скажы, што мяне няма.
— Сама гавары.
— Тады будзем маўчаць.
Максім доўга стукаў, потым пайшоў.
— А можа трэба было сёння схадзіць? — занепакоілася Ева, але тут жа перамяніла думку: — Не. Ну яго. Макар лепшы.
Не запальваючы лямпы, яны сядзелі на ложку: адна з аднаго, другая з другога краю, абедзве абапіраліся на гнутыя нікеляваныя дужкі.
— Сумна ў вас,— сказала Вера, ёй здавалася пошлым і гэтае недарэчнае заляцанне, і Ева, і наогул усё.
— Вядома, не ў горадзе. Там танцы, кажуць, кожны дзень. Перад камсамольскім сходам і мы зробім.
Памаўчалі.
— Не буду я даклад рабіць,— азвалася Вера.
— Чаму?
— Так. Пачакаем Ліпанаву. Ды і наогул...
— Ну, не! Гэта табе камсамольскае даручэнне.
Вера ўсміхнулася:
— Добра.
Ева абняла Веру. Тая адхіліла яе рукі.
— Запалі лямпу.
Скупое святло лямпы разагнала па закутках цемру. Загулі сонныя мухі, патрывожаныя нязвычнай віднатой.
VIII
У той дзень камісія, якую прызначылі на апошнім пасяджэнні бюро для праверкі спраў у калгасе, не прыехала. Даміра дарэмна чакаў яе да самага вечара. Назаўтра раніцой яе таксама не было. «Мусіць і не прыедуць,— думаў Даміра.— Канькоў жа мяне ведае. Разумны чалавек — не паверыў ім».
У добрым настроі Даміра прышоў у кантору. На стале ляжала справаздача, складзеная заатэхнікам. Даміра прабег вачыма па слупках лічбаў, ухмыльнуўся: надта ўвішная гэты заатэхнік. Асцярожна даставіў нулі — кармоў адразу павялічылася. У гэтым Даміра не бачыў нічога дрэннага. «Хоць не будуць цягаць па розных пасяджэннях ды пытацца: чаму лугі неўраджайныя? Чаму сіласу мала? Чаму саломы не хапае? Тысячу пытанняў. А пасля вывады: не справіўся, недаацаніў, вымова. I так гэтых вымоў, як розных медаляў у чэмпіёна. Суровых, з папярэджаннем, найстражэйшых з апошнім, з занясеннем і без занясення ў асабістую справу, проста вымоў, растлумачэнняў і зусім ужо незразумелых — паставіць на від.
Прывык Даміра да вымоў, як лянівы конь да аваднёў, нават не адмахваўся. Знаёмыя, пачуўшы пра чарговае спагнанне, спачувальна казалі:
— Не шанцуе табе, Даміра.
Ён згаджаўся:
— Пад нешчаслівай зоркай нарадзіўся.
— Крылы ты апусціў, вось што.
— Спрабаваў падняць, абрэзалі. Яшчэ дзякуй, Сяльчонак падтрымлівае, а то зусім нявыкрутка. Усё таму, што матку-праўду ў вочы рэжу.
Што Даміра не саромеўся крытыкаваць начальства, дык гэта ведалі ўсе. На нарадах, канферэнцыях ахвотнікі да незвычайнага з нецярплівасцю чакалі выступлення Даміры. Ен ішоў да трыбуны і, яшчэ нічога не сказаўшы, усміхаўся сваім словам. Граміў ён кожнага, хто трапляў на вочы. Шанаваў аднаго Сяльчонка, хоць часам пападала і яму. Астатніх не шкадаваў, нават свайго даўняга сябрука Канькова, рэдактара газеты. Той пасля кожнага такога выступлення звычайна браў Даміру пад руку, нязлосна папікаў: