Выбрать главу

— Зноў ты, Тарасе, не вытрымаў. Думаеш, крытыкаваў? Не, брат, клаўнаду разыгрываў. Пасля твайго выступлення трэць пакінула залу. Цябе слухаць прыходзілі. Цыцэронам не станеш: мелкаваты. Ад галоўнага ўвагу адводзіш. Напаў на пракурора Пацехіна. Прызнайся, што выдумаў жа гэтую гісторыю з цялём, якое зжавала партфель, пакуль Пацехін з селішчанскай настаўніцай мілаваўся. Выдумаў?..

— А ты толькі праўду пішаш?— расцягваючы ўсмешкай квадратны твар, пытаўся Даміра.

— Біць цябе некаму,— злаваў Канькоў.

Шыла ў мяху не схаваеш, гэта Даміра добра ведаў, але маленькія грашкі спрабаваў утаіць: маўляў, хопіць і вялікіх. У зводках і справаздачах часценька падпраўляў ён лічбы, будучы цвёрда перакананы, што нікому нічога благога не робіць. Часам яго лавілі, але дароўвалі гэтыя памылкі: вёдалі, што за многа гадоў старшынства не паквапіўся Даміра на дзяржаўную капейку. Жыў у змудраванай самім хацінцы, не вельмі дбаючы аб новай. Было ў яго сваё ўяўленне аб сумленнасці, і калі хто-небудзь сказаў бы, што ён чалавек несумленны, дык Даміра раззлаваўся б не на жарт.

Аглядаючы крытычным вокам новую справаздачу, Даміра з незахаванай радасцю думаў над тым, як на наступнай нарадзе ён разнясе старшыню райвыканкома, які даўно надакучаў Даміру з ачысткай лугоў. 3-за яго дамаганняў яшчэ сёлета вясной запісалі закружскаму старшыні на від. Тады, выходзячы з выканкома, Даміра раззлавана сказаў Старыковічу:

— Куранят увосень лічаць. Паглядзім, у каго болей сена будзе, альбо ў мяне, альбо ў хвалёнага вамі ракіцянскага старшыні, — Даміра моцна спадзяваўся на свае паплавы.

— Палічым,— паабяцаў Старыковіч,— і тады ўжо не на від будзем табе ставіць, а падрыхтуйся да страгача. Зразумеў?

Паплавы сёлета падвялі, і Даміра не сумняваўся, што Старыковіч абяцаны страгач «выдасць на-гара»,— як любіў ён гаварыць. Калі ж у зводцы павысіць ураджайнасць траў, дык дулю ён тады дасць вымову... Заатэхнік новы — яму павераць. Вось ужо будзе злаваць Старыковіч. I няхай.

Даміра радаваўся, як дзіця. Яму мала абыходзіла цяпер, што кармоў не хопіць. Будзе час — тады і падумае. Кожны дзень пра ўсё думаць — галава распухне.

У канцылярыі загаманіў нехта чужы. Даміра адклаў справаздачу.

— Тарас Тарасавіч, — прасунуў галаву ў баковачку Лёнька Зайчык.— Тут карэспандэнт да вас.

Даміра правёў рукой па шчацэ. Шурпатая далонь накалолася на бараду. «Не пагаліўся, чорт,— падумаў ён.— Можа фатаграфавацца давядзецца».

— Прасі,— шырока раскінуў ён рукой, пераймаючы гэты жэст у Старыковіча.

Карэспандэнт быў малады яшчэ хлопец, таўстагубы, чырванашчокі, з вялікімі акулярамі на носе. Выгляд у яго быў дабрадушны, у Даміры мільганула была думка: «А раптам крытыкаваць будзе!»—і развеялася. Такія не крытыкуюць!

— Вы — таварыш Даміра?— загіытаўся карэспандэнт.— Вось маё пасведчанне.

Даміра ўзяў зусім яшчэ новенькае пасведчанне.

— Нядаўна працуеце?

Карэспандэнт пачырванеў.

— У абласной нядаўна. Да таго год у раённай працаваў.

— Біць нашага брата ездзіце? — Даміра знарок гудзеў басам — атрымлівалася салідна.— Ну-ну, жартую. Крытыка — рэч карысная. Шкада, што ў нас яе недалюбліваюць. Па якой жа справе да нас? Здаецца, поспехаў вялікіх няма: рэкардсменаў там ці герояў працы. Але і мы пахваліцца тым-сім можам.

— Я, уласна, па пісьму. Як заўважылі,— я працую ў аддзеле пісьмаў. Для праверкі скаргі прыехаў.

У Даміры — пахаладзела ў грудзях. Нехта надакучаў яму гэтымі скаргамі ў газеты. Не было таго месяца, каб у абласной або якой-небудзь рэспубліканскай газеце не паяўлялася заметка, а то нават артыкул, у якім нейкі Падзвінскі не крытыкаваў бы Даміру і калгас «Маяк». Даміра падазраваў, што за псеўданімам хаваецца закружскі паштавік Дземідзенка. «Вось цяпер я ўжо даведаюся, хто гэты Падзвінскі»,— падумаў ён. У такіх выпадках любіў Даміра праявіць сваю партызанскую хітрасць, якой ён хваліўся перад аднавяскоўцамі. Яго бас адразу памякчэў.

— Непрыемная рэч, скажу я вам,— пачаў ён здалёк.— Для нас што: калі ласка, правярайце. Мы да крытыкі адкрыты. Але промахі і ў карэспандэнтаў бываюць. У вашай газеце не здаралася, а ў іншых часценька. Вы вось прыехалі, праверыце, знойдзеце што, крытыкуйце, пішыце фельетон ці п’есу, — і раптам крута віхлянуў: — Таварыш Падзвінскі пісаў?