Выбрать главу

Засцігнуты знянацку, карэспандэнт пацвердзіў:

— Так, ён.

— Прыгожае псеўдоніма сабе прыдумаў,— летуценна сказаў Даміра.— Прозвішча ў яго не вельмі: Дземідзенка.

Даміра чакаў: карэспандэнт зараз жа згодзіцца, што прозвішча «Дземілзенка» сапраўды не вельмі мілагучнае, але той вельмі спакойна запытаўся:

— А чаму вы думаеце, што гэта псеўданім?

Даміра разгубіўся і ўжо строга афіцыйна запатрабаваў:

— Дайце скаргу.

Карэспандэнт выняў аддрукаваную на машынцы скаргу. На ёй подпісу не было. Чытаў і ўвесь час грымеў:

— Гад. Такіх расстрэльваць мала. Ну і тып. Брахня, суцэльная брахня. Нават не хачу на такі паклёп адказваць,— Даміра вярнуў пісьмо, не дачытаўшы да канца, закурыў.— Правярайце самі, каб потым не было размоў. Днямі мяне бюро слухала. Там амаль такая ж заява была.

— Я быў у райкоме. Мне сказалі, што камісія ў вас працуе...

Халодныя дрыжыкі папаўзлі па Даміравай спіне. Дзе ж камісія? Я яе тут чакаю, а яна недзе ходзіць...

— У мяне яшчэ не былі...

— Не ведаю, так таварыш Сяльчонак паведаміў. Я пра тыя факты не пытаюся: згаджуся з вывадамі камісіі. Тут вось напісана, што вы, разбазарыўшы птушкаферму, рашуча паўсталі супраць яе аднаўлення. Камсамольцы куранят вырасцілі, а вы не бярэце іх на ферму. I наогул жывёлагадоўлю занядбалі, і яшчэ быццам бы парасё з фермы сабе забралі...

Твар Даміры наліўся крывёю.

— Я забраў? Я! Ды хто так бессаромна брэша? Партызан — не бандыт. Чулі? Я саломіны грамадскай не ўзяў.

Карэспандэнт напалохаўся.

— Разбярэмся, таварыш Даміра. Вось тут на другой старонцы напісана.

Даміра пачаў чытаць. Папера дрыжала ў яго руках, пад вокам разпо-раз краталася жылка.

— Брахня. Гэтае парасё мне жончына сястра са свайго статку прынесла. За два месяцы на калгасных фермах ніводнае парасё не прапала. Можаце праверыць.

Даміра зрабіў выгляд, што далей размаўляць няма чаго.

У пакой імкліва забегла Ева. За ёй паважна зайшла Вера Алексіч.

— Тарас Тарасавіч, — Ева яшчэ добра не адсаплася, таму гаварыла хутка:— Мы да вас з просьбай. Камсамольская арганізацыя збіраецца пасылаць на ферму моладзь. У нядзелю сход. Дык трэба ўзгадніць кандыдатуры.

Даміра ўсё яшчэ не мог супакоіцца. «Лезуць», — злосна падумаў ён. Але тут жа, заўважыўшы, як паспешліва ўхапіўся карэспандэнт за блакнот, стрымаў сябе.

— Даўно час браць шэфства. Вось таварыш прыехаў крытыкаваць нас за жывёлагадоўлю. Ну, дык што ў цябе?

Вера, прысеўшы на крэсла ля стала, абыякава глядзела на справаздачу, якую сама ж складала. Гэта была першая яе работа ў калгасе, аднак яна не радавала яе. Складаць справаздачу для таго, каб ведаць, што не хопіць кармоў! Даміра давёў ёй, што зрабіць усё роўна нічога нельга, і паабяцаў паставіць пытанне перад райкомам.

Верыны вочы тужліва бегалі па радках лічбаў і раптам спыніліся. Яна добра ведала кожную лічбу. Але што гэта? Нечыя рука акуратна паправіла, па-новаму збалансіравала ўраджайнасць траў. Атрымлівалася, што цяпер сена хопіць, нават няма чаго турбавацца. Адразу ж успомнілася размова з вусатым паштавіком Дземідзенкам. Няўжо гэта зрабіў Даміра? Дземідзенка тады яе папярэджваў... Калі потым не хопіць кармоў, абвінавацяць яе. Даміра выкруціцца...

— Навошта вы паправілі лічбы ў справаздачы? Гэта хлусня,— ашаламіла яна Даміру.

— Якія лічбы? Ты што...— Даміра падміргваў.

— Я вам дакладвала, — нічога не заўважала Вера, — што кармоў сёлета не хопіць. Ураджай траў нізкі. А вы хлусіце, падпраўляеце лічбы і думаеце, што некага абманваеце. Сябе толькі. Вы ж абяцалі паменшыць пагалоўе. Вочкаўцірацель вы, вось хто.

Хваравітая раздражнёнасць, якая не раз ужо спрабавала прарвацца, раптам хлынула ў Даміры цераз край.

— Маўчаць,— гаркнуў ён. Недзе далёка-далёка ўспыхнула разумная думка: пры гэтым тыпе з газеты не можна... але яна адразу ж пагасла. Без аніякай стрыманасці Даміра стукнуў кулаком па стале.— Без году тыдзень тут, а ўжо вучыш. На ферму марш — там чорт ведае што робіцца, дык яна вось што...

Ён яшчэ выкрыкваў нешта грубае і крыўднае. Анямелая, Вера не магла скрануцца з месца: так на яе крычалі ўпершыню. Яна хацела ўцячы адсюль, але ногі не слухаліся.

Нарэшце Даміра змоўк. Ашалела абвёў вачыма пакой, заўважыў карэспандэнта, вінаватым голасам папрасіў прабачэння.

— Да вар’яцкага дома давядуць...

Вера ўсхліпнула, потым закрыла вочы рукамі і выбегла. Даміра, Ева і карэспандэнт разгублена сядзелі моўчкі, ніхто не адважыўся дагнаць дзяўчыну, хоць кожны прагнуў гэтага. Дагнаў Веру Лёнька Зайчык. Нялоўка зазіраючы ў вочы, сказаў: