— А вы не плачце. Ён добры, толькі дурны ад хваробы. Сам перапрошваць прыдзе, паглядзіце.
— За што ён мяне?..— усхліпвала Вера.
— Ён і сам таго не ведае. Тармазная сістэма ў яго не ў парадку.
Лёнькаў жарт развесяліў Веру. Слёзы яшчэ ліліся, а губы ўжо ўсміхаліся.
— Які вы добры,— сказала яна.
— Ён жаласлівы. А вось на слова гарачы. Няшчасны чалавек. У яго і дома гора: жонка на рак хворая, ляжыць даўно. Дзеці малыя, ён, адзін...
«Чаму ён гэтак яго абараняе?» — падазрона падумала Вера, яе спагаду як рукой зняло.
Даміра між тым спрабаваў разабрацца, што гаварыла Ева, ківаў галавой, нібы згаджаючыся з усім. Нават калі яна назвала дакладчыка — Веру Алексіч, згадзіўся. Было сорамна, брыдка і да слёз балюча, што ў такі адказны момант не здолеў стрымаць сябе. Шукаў шляхі да прымірэння. Хацелася знайсці Веру зараз жа, стаць на калені і прасіць, каб маўчала. Нарэшце, не вытрымаў, папрасіў:
— Ну, я заняты, так што, калі хочаце, кончым увечары гаварыць,— і, пакінуўшы іх, не вышаў, а выбег з пакоя.
На вуліцы ён і напаткаў камісію. Рэдактар Канькоў, сакратар па зоне МТС Маленчанка і парторг МТС Ляшчэня толькі што сышліся разам і цяпер абмяркоўвалі першыя вынікі праверкі. Пагаджаліся на тым, што настаў час сур’ёзна паправіць Даміру, але многія абвінавачванні адпадалі.
— Вось ён і сам, герой драмы,— першым прывітаў Даміру Канькоў.— Ну што, герой, нарабіў клопату і сабе і людзям?.. Звязаўся з Башукевічыхай і з гэтым дзявочым ухажорам Шнякам. На чорта табе было рукі ў ход пускаць? ёсць міліцыя, суд... Дык не...
«Значыць, нічога сур’ёзнага не знайшлі»,— Даміра абрадаваўся і адразу забыў на ўсе непрыемнасці сённяшняга дня.
— Дзе з табой пагаварыць можна?— запытаўся Ляшчэня.
— Пачакай, можа спачатку праедзем з ім па калгасу, няхай разам з намі недахопы свае паглядзіць,— спыніў яго Маленчанка.
Сакратара падтрымаў Канькоў. Ён узяў Даміру пад руку.
— Біць, брат, цябе трэба. Запусціў гаспадарку. Ці даўно перадавіком быў? Ну, не зусім перадавіком, але працаваў, стараўся. Чаму крылы апусціў? Дома як? Жонка хварэе?
Пякучая хваля разлілася па Даміравых грудзях, дакацілася да горла, сціснула яго, заняўшы дыханне. Даміра прывык цярпець самую страшэнную лаянку, а ад двух спагадлівых слоў яму рабілася млосна. Праглынуўшы слязлівую кіпень, сказаў:
— Закруціўся, як баран ад чамярыцы...
— Давай, чэсна паказвай усе хібы. Разам выпраўляць будзем. Не магу я на цябе вось такога глядзець. Некалі ты інакшы быў... За цябе, брат, я буду з усімі біцца.
У часе вайны Канькоў быў камісарам партызанскага атрада, дзе Тарас Даміра, тады яшчэ малады хлопец, камандаваў узводам разведкі. Аднаго разу Тарас добраахвотна выклікаўся суправаджаць камісара ў штаб брыгады. Ісці туды было не далёка, але небяспечна. Трэба было перасекчы чыгунку і шасэйную магістраль, абысці з дзесятак моцных фашысцкіх гарнізонаў. Паміж чыгункай і шашой атрад нарваўся на засаду, Немцы падпусцілі іх зусім блізка, потым адкрылі шалёны агонь. Як падкошаныя, падалі людзі і коні. Першая ж куля навылет прашыла Канькову грудзі. Даміра быў ранены ў руку. Як толькі сціх шквал агню, ён падбег да камісара, падхапіў яго адной рукой, кінуўся ў хмызнякі. На шчасце, была цёмная ноч — Даміру не заўважылі.
Камісар ляжаў непрытомны. Даміра не ведаў, як выбрацца з гэтай пасткі, але Канькова не кінуў. На трэція суткі паявіўся ён у атрадзе, брудны, апухлы і бледны, як смерць. У яго пыталіся, што здарылася з людзьмі; ён чуў, але маўчаў, толькі па шчоках каціліся буйныя слёзы, прабіваючы ў брудзе два белых раўчукі. Сем дзён не гаварыў Даміра, ад перажытага адняло язык. 3 тых далёкіх часоў суровая дружба зрадніла двух непадобных адзін на другога людзей.
Увечары, закончыўшы праверку, члены камісіі пачалі развітвацца з Дамірам. Ён тупаў на месцы, цёр рука аб руку, цягнуў. Весялун Ляшчэня пажартаваў:
— Што ты, як красная дзеўка — не чапай мяне — плячамі пацёпваеш?
— Можа, таварышы, паабедаць зойдзеце? Га? Я, дальбог, з чыстай душой...
— Куды там, жонка хворая... Хапае табе турботаў без нас.
— Лепш загадай шафёру адвезці,— сказаў Маленчанка.
Даміра, непрыкметна адлучыўшыся, папрасіў суседку зрабіць добры абед, выдаўшы ёй большую палову пазычаных Верай грошай. Абед мог прапасці, і Даміра, па меры таго як члены камісіі адмаўляліся, насядаў мацней. Ляшчэня здаўся першым. Канькоў вагаўся. Але Маленчанка настаяў на сваім, і камісія, паціснуўшы Даміру руку, паехала.
Дарэшты засмучаны, ішоў Даміра дамоў. Калі не шанцуе, дык ва ўсім. Трэба было растраціць дарма столькі грошай, а яны адмовіліся... Даміра ішоў і лаяў сябе. У завулку яму раптам сустрэўся карэспандэнт. Ён ішоў, заняты сваімі думкамі. Заўважыў Даміру толькі тады, калі той узяў яго за руку.