Выбрать главу

— Ну як, таварыш карэспандэнт, праверылі?

— Ага, закончыў.

— Камісія з раёна таксама закончыла праверку,— радасна паведаміў Даміра.— Нічога не знайшлі. А вы, мусіць, назбіралі фактаў?

Хлопец быў навічок у газетнай справе, не прывык яшчэ гаварыць непрыемнае прама ў вочы.

— Не, не зусім так.

— Не пацвердзіліся факты?

— Не пацвердзіліся,— схлусіў карэспандэнт і пачырванеў.

— Я ж і казаў,— выгукнуў Даміра.— А што ў канторы было, прабачце, не стрымаўся. Раненне ўсё. Нервы, каб іх...

— Ды я не звярнуў увагі, — падтакнуў хлопец, хоць за дзень ён багата назбіраў фактаў. Ён хацеў хутчэй пазбавіцца Даміры, але той, узрадаваны, што так шчасліва кончыўся дзень, пацягнуў яго дамоў. Карэспандэнт адмаўляўся, прасіўся — нічога не памагло. Сядаючы за стол, ён распачліва думаў, што яму рабіць? Вырашыў: «Я яго не прасіў. Напішу ўсё, як мне расказвалі».

IX

Дземідзенка сядзеў за высокай рашоткай з гладкай стальнічкай наверсе. У загародцы — заляпаны чарнілам стол. На стале — банка з дэкстрынам, бутэлька штэмпельнай масцікі, штампы і стус газет, толькі што прывезеных з раёна.

Вера зайшла ў кантору па дарозе з калгаснай канцылярыі. Яна хацела купіць канвертаў. Дземідзенка, відаць, не чакаў яе, бо вельмі разгубіўся: то хаваў у шуфлядку, то вымаў з яе зноўку нейкую паперу і, вельмі ўжо ненатуральна ўсміхаючыся, запрашаў сесці, хоць у пакойчыку не было ніводнага крэсла. Нарэшце, ён супакоіўся і глянуў на Веру сінімі вачыма.

— Што з вамі? Хто меў права вас пакрыўдзіць? — узрушана запытаўся ён. — Даміра?

— Так.

— Я ж вам казаў, — Дземідзенка ўзрадавана падскочыў, выбег з-за перагародкі.— Завошта?

Вера расказвала, зноў глытаючы слёзы.

— Нягоднік, вось нягоднік!— абурана шаптаў Дземідзенка.— Ен заўсёды так. На гэтым і выязджае. А вы як думалі? Ён такі: альбо з работы здыме, альбо нават у турму пасадзіць.

— Аблаяў, — скардзілася Вера, — а перад тым пяцьсот рублёў пазычыў.

— Навошта? — у Дземідзенкі выцягнулася шыя, а рыжыя вусы рашуча ўзняліся ўверх.

— Сёння ж камісія прыязджае расследаваць скаргі.

Дземідзенка прысвіснуў, засунуўшы рукі ў кішэні, зрабіў тры крокі да сцяны і назад.

— Сведкі былі?

— Не.

— Як жа вы так, без сведак? Распіску, вядома, не ўзялі?

— Не.

— Ах, ах!

— Вы думаеце, не аддасць?

— Вядома, не аддасць.

— Што ж мне тады рабіць, Анатоль Сцяпанавіч?

Дземідзенка закаціў вочы, нібы абдумваючы складаную сітуацыю.

— Можа ў райком схадзіць?

— Куды? Да Сяльчонка? Ну, сходзіце, паскардзіцеся, а які толк? Даміру павераць, а не вам...

— Але я дакажу...

— Добра, дакажаце, — згадзіўся Дземідзенка. — Дадуць Даміры яшчэ адну вымову. Яму да іх не прывыкаць. А ён вас потым у турму ўпячэ. А вы як думалі? Не, калі біць, дык так, каб не ўстаў. Пад дыхавіцу... Стукнуў раз і канец... Пачакайце, Вера Антонаўна, выберам час і ўдарым. Вы мне толькі пра ўсё расказвайце.

— Прабачце, але ж гэта...

— Сумленнасці захацелі? Ды з такімі людзьмі хіба па сумленнаму можна? Цёмныя людзі, скажу я вам. Хоць бы ваша гаспадыня Плескачыха. Падумаеш, — дэпутатка. А таксама туды... Цяжка нам, інтэлігентным людзям, жыць, скажу я вам.

Ён гаварыў яшчэ нейкую лухту. Вера слухала няўважліва, прыхільнасць, якая паявілася да яго ў самым пачатку, уступала месца непрыязнасці. Хуценька развітаўшыся, яна вышла. Насустрач, да пошты, ішоў карэспандэнт.

— 3 вамі можна пагаварыць?— параўняўшыся, запытаўся ён у Веры.

— Няма чаго са мной гаварыць, — злосца адказала яна, і карэспандэнт пайшоў у кантору.

Дзень быў сапсуты. Вера напісала пісьмо Раміру, поўнае безвыходнай тугі і ўпэўненасці ў хуткай сустрэчы. Хопіць, пакаштавала жыцця...

Але ўвечары Вера змяніла сваё рашэнне. Калі яна была ў хаце зусім адна, як з-пад зямлі, паявіўся Даміра. Ён быў падвыпіўшы, але не п’яны.

— Вы чаго прышлі? — Вера чула, як калоціцца ў грудзях сэрца, ці то ад страху, ці то ад абурэння.

— Прабачце,— Даміра камячыў у руцэ шапку. Вусны яго перасмыкаліся. Здавалася, што ён вось-вось заплача. Вера перапалохалася не на жарт.— Ад вас усё залежыць. Не мяне пашкадуйце, а жонку і дзяцей. Не скардзіцеся нікому. Здымуць жа з работы тады. I так нада мной сякера на нітачцы вісіць. Не пасады шкадую — сорамна. Лепш кулю ў лоб.

— Што вы, што вы!.. Нікому не скажу,— супакоіла яго Вера.

— Думаеце, хацеў абразіць вас? Распачалі вы размову недарэчы. Тут у мяне са старшынёй выканкома спрэчка даўняя была. Ён абяцаў вымову вынесці, калі на паплавах сена не ўродзіць. Вось і хацеў я яму гэтай справаздачай усе карты зблытаць. Калі б вы ў другі раз сказалі, я згадзіўся б. А то пры карэспандэнце. Таму і не вытрымаў. Усё раненне маё... Некалі ў мяне нервы стальныя былі. I наконт грошай не сумнявайцеся — аддам. Я — чэсны. Дык нікому не скажаце?