— Не, не скажу,— прамовіла Вера і тут жа ўспомніла, што ўжо сказала.
X
На дзвярах клуба вісела аб’ява:
СПЫНІСЯ I ПРАЧЫТАЙ!
У нядзелю
з раніцы адбудзецца камсамольскі сход.
На парадку дня:
1. Перад пачаткам танцы пад баян, па агульнаму патрабаванню.
2. Пасылка моладзі на фермы (Дакладчык — заўтэхнік т. Алексіч).
3. Розныя.
Яўка камсамольцаў строга абавязковая.
Камітэт».
Вера, праходзячы паўз клуб, не стрымала ўсмешкі. Прыпомнілася гісторыя з гэтай аб’явай. Учора Ева паказала ёй размаляваны аркуш паперы.
— Падабаецца? Праўда, здорава?— ззяючы ад задавальнення, запыталася яна.— Сама напісала.
— Добра,— збянтэжылася Вера, не ведаючы, як найбольш далікатна намякнуць Еве на памылкі, што былі ледзь не ў кожным слове.
— Усе кажуць, што добра,— абрадавалася Ева.— Проста скульптар.
— Каб вучылася, дык, напэўна, мастаком была б.
— I мастаком таксама. Панясу, наклею.
— Памылкі ёсць...
— Ну? — здзівілася Ева.— Усе чыталі і не заўважылі. Папраў, калі ласка.
Вера чырвоным алоўкам выправіла памылкі. Хацела нават перарабіць тэкст, але Ева не дазволіла.
— Ты толькі памылкі папраў... — ніякія довады на яе не дзейнічалі.
I вось цяпер, чытаючы аб’яву, Вера ўбачыла, што Ева, перапісваючы, усё ж зрабіла памылку.
Пасля ўсмешкі набеглі зусім невясёлыя думкі: ці не надта паспешліва збіраецца Ева праводзіць сход. Трэба было пачакаць Ліпанаву. Тым больш, што сакратар хацела пабыць на ім. Пра свае сумненні яна сказала Еве. Але тая і слухаць Веру не захацела.
— Ты, галоўнае, даклад добры падрыхтуй.
Вера села за даклад. За пяць гадоў вучобы яна ніколі не рабіла дакладаў, нават уважліва іх не слухала, хоць заўсёды хадзіла на сходы. Парваўшы, можа, дзесяты ліст паперы, Вера вышла на вуліцу. Сонца толькі што схавалася за лесам. Небакрай на захадзе ярка чырванеў. На яго пурпурным фоне выразна малявалася вышчарбленая сцяна лесу. Стаяла нейкая млявая цішыня. Дзесьці грукацеў парожні воз. Непрыкметна для сябе Вера дайшла да канцылярыі. Праз адчыненае акно выплёскваліся на прастор вуліцы разудалыя матывы «Лявоніхі». Вера ціхенька зайшла ў пакой, прыпынілася ля парога. На крэсле сядзеў Лёнька Зайчык, летуценна ўтаропіўшы вочы ў кут, дзе вісеў прыклеены плакат: пышнавалосая дзяўчына запрашала класці грошы ў ашчадную касу. Але Лёнька нічога не бачыў, нічога не чуў. На хвіліну яго пальцы перасталі бегаць па ладах балалайкі, ён задумаўся. Затым сярэдні палец правай рукі неяк непрыкметна крануў струну і яна дзынкнула раз, другі, трэці. Вера ледзь стрымала сябе, здавалася, уляцеў у акно, зазвінеў над вухам надакучлівы камар. I вось ужо не камар, а весялун-мужык у стаптаных лапцях закружыўся ў шалёнай віхуры адмысловых скокаў.
Вера глядзела на Лёньку. Яго напружаны твар разгладжваўся, вочы паблісквалі хітрай усмешкай, губы краталіся, нібы падганялі нябачнага танцора, худыя плечы перасмыкаліся, а ногі, не вытрымліваючы, мякка прытупвалі аб падлогу. Лёнька іграў лёгка і прыгожа, захапляўся гукамі, любаваўся імі, а яны, нібы пацяшаючы яго, кружыліся, пырхалі, зноў садзіліся на абшарпаную балалайку, потым чародкай узляталі пад самую столь. Лёнькава рука мільгала над струнамі, вырываючы з іх вадаспад чароўных гукаў. Раптам балалайка выслізнула з рук, паляцела пад столь, крутанулася там некалькі разоў, потым дзынкнула раз, другі, трэці, усё слабей і слабей,— замёрла.
Лёнька ўбачыў Веру, падхапіўся і адразу ж пачырванеў. Абое збянтэжыліся.
— Вы Даміру шукаеце?— першы запытаўся Лёнька.— Ён дома.
— Не, проста так.
— А-а-а...
Лёнька адчыніў шафу, паклаў балалайку на верхнюю паліцу.
— Вы добра іграеце...
— Балалайка — які інструмент?!
— Вам трэба на скрыпцы навучыцца іграць.
— Я ўмею.
— Чаму ж не іграеце?
— Раней часта іграў. Адразу пасля вайны.
— Вам трэба было б вучыцца. У вас талент,— Вера чакала, што Лёнька ад такой пахвалы збянтэжыцца, пачырванее, але ён нібы не пачуў яе слоў.
— Сабе не схлусіш,— нечакана для Веры сказаў Лёнька.
«Пра што ён?— падумала Вера.— Гаворыць загадкамі, як Бэдзя».
Уголас сказала:
— Даклад не атрымліваецца. Слоў не знаходжу.
— Словы не грэюць.
«У пачатку было слова, а не справа,— успомніла Вера Раміра.— Быццам згаварыліся».
— Але без іх не можна... Трэба, каб моладзь пайшла на фермы.
— Пойдзе без слоў, угаворваць потым давядзецца.