Выбрать главу

— Думаеце, даклада не трэба?

— Разумнае — цікава паслухаць.

— Чаму ж вы, разумнікі, жывёлагадоўлю запусцілі? Пахаваліся ў канцылярыі... Самі ж кажаце, словы не грэюць, але, відаць, вельмі добра ад людзей хаваюць.

— 3 трынаццаці гадоў я кароў пасвіў.

— Я таксама пасвіла.

Яны вышлі на вуліцу. Шэрыя змрокі выпаўзалі з ніжэйшых мясцін; неба яшчэ свяцілася далёкімі водсветамі, але ўжо страціла сваю празрыстасць. 3 кашары вярталіся даяркі. Наперадзе шырока крочыла Матрона Башукевіч. Падышла, паздароўкалася звонкім дзявочым голасам. У змроках яна здавалася маладой. Плацце зграбна аблягала яе ладную постаць. Белыя ногі моцна стаялі на зямлі.

— Макар пісьмо прыслаў. Табе, Лёня, прывітанне перадае,— у Матроны быў грудны, мяккі голас. Вера ўспомніла, што тады, на кашары, гэты голас быў іншы, рыпучы, уедлівы.

— Няхай прыязджае хутчэй.

Лёнька пайшоў, і яны засталіся ўдзвюх.

— Можа час ёсць, зайдзіце да нас,— папрасіла Матрона.— Муж будзе рады. Ён любіць пра кнігі гаварыць, а тут няма з кім. Я — жанчына пісьменнасці малой.

Вера хацела адмовіцца. Але Матрона ўзяла яе пад руку, павяла. Яна мякка ступала па пыльнай вуліцы, крыху паўнаваты стан яе спавольна пакачваўся.

— Не работа, а гора адно. Зімой корму не хапае. Паплавы запушчаны. Улетку таксама для жывёлы наедак слабы. Ходзіш толькі на кашару ды назад. А толк які? Цяжка вам будзе ў нас.

— Цяжка,— згаджалася Вера.

***

...Дземідзенка сядзеў у палісадніку на лавачцы, курыў: блішчэў у прыцемках агеньчык.

— Ты, Моця?

— Я.

— 3 кім?

— Заатэхнік наш.

— А-а-а, Вера Антонаўна. Я вось любуюся вечарам. «На белом небе всё тусклей златится чёрная лампада».

— Адкуль гэта?

— Не помню. Даўно было... Быў і я малады...

— Ты і цяпер не стары,— сказала Матрона і пайшла.

— Вось так. Яна не разумее, што старэеш душой.— Дземідзенка ўздыхнуў.— Помніце, я тады задстрэліў перапёлку. Ёй куды лягчэй. А вось я жыву. Адзін.

— У вас ёсць жонка.

Ен безнадзейна махнуў рукой.

— Для чалавека гэтага мала. Яго сэрца заўсёды нешта шукае.

Словы паштавіка вельмі напаміналі ёй размовы Раміра. Той таксама гаварыў пра адзіноцтва, пра нявернасць людзей, скардзіўся на нешта такое, чаго Вера не магла зразумець.

— Ведаеце, Даміра прыходзіў прасіць прабачэння, — сказала Яна, каб хоць гэтым абвергнуць Дземідзенкавы словы.

— Каяцца ён умее. На каленях стаяць таксама.

— Але ж у вайну...

Дземідзенка перабіў:

— Апісваў вам свае подзвігі. У людзей болей заслуг, а маўчаць.

У хаце запалілі лямпу. Жоўты пук святла слізгануў па кветках, вырваў з чарнаты зялёнае лісце і яркую чырвань незнаёмых Веры кветак.

— Ідзіце ў хату,— паклікала Матрона.

— Тут лепш,— сказала Вера.

— Але, пад небам лепш. Вы, мусіць, не так сабе зайшлі?

— Угадалі. Не ведаю, пра што ў дакладзе гаварыць. Заўтра камсамольскі сход. На ферму камсамольцаў пасылаюць.

— Дарэмная справа ўсё. Што зробіць моладзь?

— Чаму?

— Паспрабуйце. Вам жа цяжэй будзе. А наконт даклада, крытыкуйце начальства. Гэта ў нас любяць. Ну, вось Даміра — п’е, ды і, прабачце, да баб ходзіць... Пра жывёлу не дбае. Літр малака пяць рублёў каштуе... Гэта ж адны страты.

— Таму і вырашана паслаць на фермы маладых дзяўчат.

— Калі Даміра застанецца старшынёй, дык нічога дзяўчаты не зробяць. Старшынёй павінен быць культурны чалавек.

Вера чакала, што Дземідзенка скажа далей «такі, як я», але ён прамаўчаў. Потым доўга расказваў пра розныя непаладкі ў калгасе і раптам звярнуў на іншае — пачаў хваліць амерыканскіх фермераў. Неяк выходзіла ў яго, што вось там, за морам, умеюць гаспадарыць, а ў нас толькі гавораць прамовы.

Вера не вытрымала, заспрачалася.

— Не так ужо там добра, як вы кажаце. Пачакайце, мы яшчэ абгонім тых фермераў.

Дземідзенка насцярожыўся, але здавацца не хацеў.

- Вы не падумайце чаго дрэннага. Нядаўна кніга вышла пра жывёлагадоўлю ў Амерыцы. Вось адтуль я і ўзяў факты. Канешне, мы іх абгонім, — бадзёра выгукнуў ён, але ў яго словах Вера не адчула шчырасці.

Дамоў Вера прышла позна. Доўга не магла заснуць, думала пра размову з Дземідзенкам. Неяк непрыкметна пачала пагаджацца з рыжавусым паштавіком — не хацела, але згаджалася. Умеў Дземідзенка пасеяць у чалавеку сумненні, асабліва, калі чалавек той не моцна адчуваў сябе ў жыцці.

На сход у клуб Вера прышла, калі там у самым разгары былі танцы. Баяніст, доўгі дзяцюк, прыклаўшы вуха да мяхоў, ляніва расцягваў баян. Вымучаныя гукі вальса заміралі пад гулкі шоргат двух дзесяткаў ног. У парозе народу было найбольш. Хлопцы спаважна размаўлялі ды пазіралі ў бок дзяўчат, якія стаялі крыху воддаль і шапталіся. Ля самай грубкі прытуліліся дзве закаханыя пары, уваход у клуб загарадзілі хлапчукі-школьнікі. Вера спынілася ля дзвярэй: не хацелася прабірацца да сцэны праз таўкатню. Хлопцы штурханулі адзін аднаго, павярнуліся да яе. Яна пачырванела, раззлавалася на сябе: чырванее, як дзяўчынка. Каб асвоіцца, пачала ўважліва сачыць за тымі, хто танцаваў. Але да яе далятала нягучная гаворка хлопцаў: