Выбрать главу

— Прыгажуня.

— Прыгожая Маша, ды не наша...

— Хочаш, запрашу на танец.

— Слабо.

— Гэта мне? Хочаш, нават буду дамоў праводзіць?

У адказ спакойны, разважлівы голас:

— У цябе, Максім, язык, як балалайка. Розніца толькі ў тым, што яго зламаць нельга.

Хлопцы зарагаталі. Вера азірнулася. Гаварыў невысокі чорны хлопец з кручкаватым носам. Іх вочы на імгненне сустрэліся. Вера пачала прабівацца да сцэны. Тут яе заўважыла Ева. Яна падбегла, абняла Веру за плечы.

— На цэлы тыдзень натанцавалася. Танцаваць пойдзем?

— Трэба сход пачынаць.

— Няхай яшчэ патанцуюць. Заморацца — лепш будуць слухаць. Які танец заказаць?

— Які хочаш.

— Танга, добра?

Вера згадзілася. Ева шапнула нешта хлопцу, які выпадкова праходзіў ля іх, і той, расштурхваючы танцораў, пасунуўся ў кут да баяніста.

Яны пачалі танцаваць першыя. Але ім не далі прайсці і паўкруга. Нібы з-пад зямлі, выраслі два хлопцы і сярод іх той, што збіраўся праводзіць Веру дамоў.

— Прабачце, у нас так нельга,— усміхаючыся, сказаў ён.

Ева адразу ж пакінула Веру, і той нічога не заставалася, як ісці танцаваць з гэтым прыгожым, але нахабным хлопцам. Быў ён мажны, бялявы, зачэсаныя на бок валасы спадалі на лоб буйнымі завіткамі. Ён абняў Веру за талію, спрытна пачаў вырабляць нагамі мудрагелістыя выкрунтасы, так што Вера, хоць і была не благой танцоркай, ледзьве патрапляла яму.

— Цяпер вы будзеце маёй партнёршай,— сказаў ён крыху пазней.— Нашы дзеўкі непаваротлівыя. Аж рукі заныюць, пакуль танец станцуеш.

Вера прамаўчала, хоць ёй вельмі хацелася сказаць яму што-небудзь крыўднае, каб збіць агідную фанабэрыстасць. Максім жа зразумеў Верына маўчанне па-свойму. Прыгнуўшыся да яе вуха, запытаўся:

— Можа дазволіце заняць куточак у вашым сэрцы?

Гэта было занадта. Спачатку Вера хацела кінуць танцаваць, але адчула, як моцна трымае яе Максім. Давядзецца вырывацца, і тады ўсе звернуць увагу. Сказала, нядобра прыжмурыўшы вочы:

— Сама знайду, кім запоўніць куточкі сэрца. Дарэмна разлічваеце.

— Чаму?

— Не люблю нахабнікаў.

Ухажор збянтэжыўся. Некалькі хвілін ён маўчаў, злосна сапучы. Вера ледзь стрымлівала ўсмешку.

— Вось што, дарагая... Гэта вам не горад. У нас фанабэрыю хутка саб’юць.

Вера з усіх сіл ірванулася ад яго. Але цяпер гэтага ніхто не заўважыў, бо якраз баяніст перастаў іграць.

Настрой быў сапсуты. Маўклівая, засяроджаная, сядзела яна ў прэзідыуме, пакуль Ева Пляскач аб’яўляла парадак дня. Падумала: «Можа варта было ўдарыць па твары, каб усе ведалі?» Потым, калі пачала рабіць даклад, забылася на ўсё.

Вера гаварыла і сама здзіўлялася, як гладка і добра атрымліваецца ў яе прамова. Спачатку яна спынілася на задачах, якія стаяць перад жывёлагадоўляй, і толькі тады, як скончыла гаварыць, мільганула абыякавая думка: гэта з лекцыі Пальчыкава. Затым яна расказала пра тое, што паведаміў ёй Дземідзенка аб рабоце амерыканскіх фермераў. У канцы Вера ўшчэнт раскрытыкавала парадкі на закружскай ферме.

У клубе было даволі ціха. Але Веры здавалася, што слухаюць яе не вельмі ўважліва. Ля акна хлопец спрабаваў абняць дзяўчыну, а яна ўвесь час бязлітасна біла яго па руцэ. Дзве дзяўчыны лузгалі семачкі, выплёўваючы шалупінне ў жмені.

Калі Вера скончыла даклад і села, Ева ўсміхнулася ёй:

— Добры даклад, толькі пра фермераў дарэмна гаварыла.

У зале адразу ж зрабілася шумна. Старшыня сходу Лёнька Зайчык, доўга стукаў алоўкам па стале.

— Прыступім да спрэчак,— аб’явіў ён, калі шум надціх.

3 залы, як гарох, пасыпаліся прапановы, жарты, кепікі:

— Чаго спрачацца — згодны...

— Правільна гаварыла.

— Працаваць трэба.

— Глядзі, напрацаваўся!..

— I баран бы касіў, каб хто касу насіў...

Зайчык зноў пачаў стукаць па графіне з вадой.

— Таварышы, запісвайцеся выступаць у спрэчках,— прасіў ён.

У клубе стала ціха, так што чуваць было, як дыхаюць у першых радах. Але ніхто не хацеў выступаць. Тады Лёнька выглядзеў некага ў зале.

— Зіна, выступі, скажы,— звярнуўся ён да вастраносай дзяўчыны ў акулярах. Тая пачырванела, але Лёнька не звяртаў на гэта ніякай увагі.— Што ты думаеш рабіць? Устань і скажы.

— Замуж высці,— падказаў пісклівы ад дзвярэй голас.