— Ну, вы там, шчанюкі, марш дадому,— абурана крыкнуў Даміра і зрабіў выгляд, што хоча адперазаць рамень. Хлапчукі з піскам і смехам выбеглі на вуліцу.
— Дай мне слова,— папрасіў Даміра старшыню сходу.
Нядобра скасіўшы жаўтаватыя вочы, Даміра доўга глядзеў на Веру, потым, з цяжкасцю адвёўшы іх, пазіраў у залу. Адразу настала цішыня.
— Тут заатэхінік вельмі распісала нашыя недахопы. — На дзіва, старшыня пачаў гаварыць мяккім голасам з ноткамі ледзь улоўнай іроніі. У зале зашавяліліся, лёгкі шум ажыў, як патухшы было аганёк. — Шчыра дзякуем, таварыш Алексіч, мы дагэтуль нават і не здагадваліся пра такія нашы поспехі. Верна, яйка каштуе сем рублёў, а малако — пяць. Ну, можа, не пяць, а тры з палцінай... Усё роўна дорага. А вось як вярнуліся мы з фронта, а бабы нашыя з праклятай Германіі, дык гэтае яйка і за тысячу рублёў не купіў бы. Ці ведама вам такое?
Голас у Даміры надтрэснуў, наліўся металічным звонам.
— Многа доўгіх гадоў ужо мінула з вайны.
— Гэта яны ад суму доўгія, а для нас як адзін дзень праляцелі. Думаеш, рукі склаўшы, сядзелі? А хаты новыя — усявышні ставіў? А што ты вучылася і на тваю вучобу грошы ішлі, калі яны больш патрэбны былі на хлеб, — таксама факт. Ты не крывіся. Бачыш, дзеўкі ў шаўках сядзяць. А пасля вайны прыкрыцца не было чым. Вядома, таму недахопы ёсць. Усё адразу не зробіш.
— Вы лепей пра кароў скажыце.
— I пра кароў скажу. Табе справы на фермах у Амерыцы падабаюцца. А няхай бы тая амерыканская карова пасля вайны да нас трапіла — тады я на яе паглядзеў бы. Мы толькі залетась хлеў пабудавалі. Чаму корму мала? На марозе карова ўдвая павінна сена з’есці. Гэта ты, таварыш заатэхнік, мусіць, не ўлічваеш. А паплавы нашы не той вайной спустошаны? На іх пасля вайны ступіць не можна было — усюды былі міны панатырканы. Лёгка таму фермеру працаваць, калі ён вайны ў вочы не бачыў. Так што ты нам пра Амерыку байкі не расказвай...
Даміра гаварыў яшчэ доўга, здаецца, яго прамове не будзе канца. Яна абрастае думкамі, якія не маюць ніякага дачынення да пасылкі камсамольцаў на фермы. Канчае ён нечакана. Выцірае хусцінкай лоб, садзіцца на крэсла і пераможна глядзіць у залу. Лёнька Зайчык зноў просіць выступіць дзяўчынку ў акулярах. У зале ўспыхвае смех:
— Яна для цябе пасля сходу выступіць.
— Чаго ён прычапіўся да дзеўчыны? — абураюцца дзяўчаты.
На дапамогу Лёньку прыходзіць Ева:
— Правільна Лёнька гаворыць. Зіне трэба выступіць. Закончыла дзесяць класаў, газеты чытае...
— Я не ведаю, пра што гаварыць, — збянтэжана шэпча Зіна. Яе вочы з-пад шкельцаў акуляраў вінавата глядзяць на прэзідыум. Вера адчувае, як зацеплілася ў яе грудзях замілаванасць да гэтай нясмелай дзяўчыны.
— Пойдзеш на ферму? — басам пытаецца старшыня.
— Пайду.
— Ды ты гучней. Пойдзеш? Вось самая найлепшая прамова: кароткая і зразумелая. А што Максім Шняк скажа? — пытаецца старшыня.
«Шняк — гэта той, што танцаваў са мной», — думае Вера.
— Я — несаюзны, — усміхаецца Максім і трасе падвітымі бялявымі валасамі.
— Мусіць, вы не вельмі хочаце працаваць, — гаворыць Вера. Ёй карціць адпомсціць за знявагу ў часе танцаў. Максім нахабна выскаляе зубы, рашуча праводзіць далонню па валасах.
— Хіба возьмеце да сябе ў памочнікі.
У зале ўспыхвае і патухае смех. 3 апошняга раду падымаецца Матрона Башукевіч. Яна з хвіліну чакае, пакуль усталюецца цішыня.
— Я так скажу. На ферме працаваць — не на вячорцы танцаваць... Так нельга: выклікаў па спісу і ідзі. А ў чалавека можа жадання няма каровам прыслужваць, або, напрыклад, камплекцыя не дазваляе. Прысталі да Асташкавай Зінкі. Дзеўка ціхая, адмовіцца не адважылася. А падумайце самі: якая з яе даярка. Сцебане карова хвастом па носе, разаб’е акуляры — і смех і грэх. Пасылаць трэба здаровых. Вунь хоць бы Шумейку. Дзеўка, як збіцень, а яна пошту носіць. Тут і стары справіўся б.
Ад акна падхапілася стройная чырванашчокая дзяўчына.
— Не да спадобы Пецю твайму прышлася?
Нехта выгукнуў:
— Сып ёй, Ніна!..
Матрона села, Вера адчувала, што сход ганебна зрываецца.
Лёнька супакоіў залу.
— Дайце мне сказаць, — папрасіў ён. — Зіна вось пайшла на ферму, добраахвотна пайшла. Не таму, што ёй хочацца вельмі, а сорамна нам, камсамольцам, перад усім раёнам. Хіба мы горшыя? Вунь у «Зары» ўсе даяркі камсамолкі, а ў нас жанчыны кароў дояць. Гэта ўжо непавага да старэйшых. Адразу і Масква не будавалася; калі будзем сядзець склаўшы рукі, — дык багацце само не прыдзе. Вось Ліда Раковіч, камсамолка нашая — на ўсялякай рабоце яе хваляць. Думаеце, яна фермы спалохаецца? Не спалохаешся, Ліда?
— Чаго баяцца?
— Правільна!
— Мы нічога не баімося.
— Ева няхай ідзе.