Выбрать главу

— Хопіць, што Аксіння за двух робіць.

— А ў клубе хто будзе працаваць?

— Хай Лёнька заменіць.

— Кіньце, куды хлопцу ісці?

— I пайду, — Лёнька моцна ляпнуў даланяй па стале. — А чаму не пайсці, пайду.

— Не дурэй, — перапыніў яго Даміра.

— Я сур’ёзна.

3 лёгкай рукі Лёнькі працаваць на фермах выказалі жаданне яшчэ некалькі камсамольцаў. Лёнька ўжо збіраўся закрываць сход, але ў зале разгарэлася спрэчка. Успыхнула яна, як сухая трава на балоце, запалала, шуганула полымем. Вера доўга не магла зразумець, у чым справа. Праз бязладдзе галасоў вырываліся асобныя словы, даляталі да прэзідыума, страціўшы наданы ім сэнс. Лёнька доўга стукаў па стале і па графіне алоўкам: людзі не сунімаліся. Тады ўсіх перакрычаў Даміраў бас.

— Вы, каторыя там дужа гарачыя, цішэй!.. — закрычаў ён. — Па парадку гаварыце.

Усе сціхлі.

— У чым справа? — запыталася Ева.

— А ў тым, — падхапілася Ніна Шумейка, — што мы хочам сваю ферму маладзёжную зрабіць. Адказваць за ўсё, дык самім. Правільна я кажу, дзеўкі?

-— Правільна... — гукнуў хор галасоў.

— Давайце нам кавыленскую ферму, — пачуўся адзінокі голас пасля таго, як шум заціх.

Цяпер наперабой загаварылі жанчыны:

— Ведама, хітруны...

— У Закружжы больш, як семсот, ад каровы не надоіш.

— Маладыя, ды спахоплівыя.

— Закружскую ферму вазьміце.

— А-цю, возьмуць...

Нечакана для Веры паднялася Зіна Асташка. Ёй доўга не давалі гаварыць.

— Цёткі кажуць, што закружская ферма дрэнная, а каровы тут че малочныя. Дык тады мы пойдзем на закружскую ферму, а яны няхай ідуць на кавыленскую.

Дзяўчаты заапладыравалі. Жанчыны падняліся, рушылі да выхаду. Зноў зайграў баян.

XI

Сонечны дзень.

Нясцерпнай гарачынёй патыхае ад паплавоў, жытнёвых палеткаў і асабліва ад лесу. На ўскрайках, дзе растуць каржакаватыя хваінкі, дашчэнту павыгарала трава, па бураму травяністаму пнёўю ляніва скачуць гэтакія ж бурыя, як і трава, конікі. Але яны маўчаць, не стракочуць. Горача. Сонна гудуць авадні, чакаюць, пакуль Дзямід Пракуда разам з Бэдзям прыгоняць на поўдзень кароў. Пахне гноем, поўсцю і растопленай сонцам смалой.

Ева загадала дзяўчатам-даяркам збірацца на ўскрайку вёскі, дзе між трох бяроз узвышаецца курганок з драўлянай пірамідкай. Па адной збіраліся дзяўчаты. Акрамя Евы, ніхто не любіў лішняга шуму. Затое яна, прывычная да вечнага гармідару ў клубе, не ўяўляла, як гэта можна такую вялікую справу праводзіць ціха.

Яшчэ да снядання пабывала Ева ў Даміры, упрасіла таго сустрэць дзяўчат на кашары цёплай прамовай. Старшыня доўга адмахваўся, але не вытрымаў націску, здаўся.

Прышоўшы да дзяўчат, Ева абрадавалася: усе прышлі і былі вясёлыя, нават узрушаныя.

— Вы ўжо не падвядзіце, — на ўсякі выпадак папрасіла Ева. — Ты, Зіна, абавязкова выступіш? Як толькі Даміра закончыць прамову, адразу пачынай.

— Хай бы Ніна...

— Чаму я? Табе ж даручаюць. Ды ты і скажаш лепш.

— Хай бы Лёнька...

— I Лёнька выступіць, — супакоіла Зіну Ева. — А цяпер, дзяўчаты, запяем песню і пойдзем. Няхай усе чуюць — камсамольцы ідуць.

— А якую?

— Лёнька хай пачынае...

— Лёнька, «Нёман»!

— Цяжкая, лепш партызанскую.

— Камсамольскую трэба.

Лёнька ішоў моўчкі. На душы было цяжка. Даміра ўчора сказаў яму: «3 канторы не адпушчу. Схадзіць жа на ферму можаш». Потым сустрэлі хлопцы, высмеялі да слёз. Сёння з раніцы піліла маці, крычала на ўвесь дзядзінец:

— Дачытаўся, нячысцік, што зусім здурнеў!.. Дзе гэта бачана, каб малады хлопец кароў даіў?!. Куры вунь і тыя смяюцца з цябе. Там жа дзень і ноч працаваць трэба, а дроў мне хто насячэ? За Зінкай пнешся. Яна месяц які папрацуе, ды ў горад. У яе, не табе раўня, дзядзька прахвесар найпершы, да сябе возьме на вучобу. Надоечы сама Марына хвалілася, што пашле да Лявона. Дык жа не, папёрся, каб цябе нячыстая сіла!..

На матчыны словы Лёнька нічога не адказаў, ведаў, што атрымалася не зусім ладна. Адзіны ён у хаце мужчына, на ім гаспадарка. Горш дасталося ад хлопцаў, асабліва ад Максіма Шняка.

— Чаго ты спахмурнеў? — запыталася ў Лёнькі Ліда Раковіч.

— Так.

— Мабыць, раскайваецца.

— А і што, дзяўчаткі, хіба гэта мужчынская работа?

— Лёнька — патрыёт, — выгукнула Ева.

— Хавацца ў кусты не маю намеру. А наконт таго, што гэта работа не мужчынска'я, дык наперад скажу — сумняваюся. Хутчэй за ўсё гэта вы не сваю, а нашу работу робіце.

— Як гэта?

— А вось так. То гістарычная несправядлівасць, што жанчыны жывёлагадоўляй загадваюць. — Зіна апусціла галаву, падумала: «Не трэба яму — засмяюць». — Жывёлаводам заўсёды быў мужчына. Ды інакш яно і не магло быць, бо работа гэтая цяжкая, пад сілу толькі мужчыну. Потым, калі пачалося запрыгоненне жанчыны, дэспат-мужчына пераклаў на кволыя жаночыя плечы ўсе клопаты па гаспадарцы, у тым ліку і па жывёлагадоўлі, а сам заняўся самай лёгкай працай. Глядзіце, нават само слова догляд — мужчынскага роду.