Выбрать главу

— Ну цябе, Лёнька!

— Як ні даказвай, а ўсё роўна не мужчынская гэта работа, — загаварыла Ніна.

— Ну, вось што, — успыхнула раптам Ева. — Ты пакінь... Калі будзеш такія прамовы гаварыць, дык на бюро райкома трапіш...

— А-а-а, палохаеш! А я не баюся. Вельмі разуміная стала. А чаму ты, разумніца такая, замест Лёнькі на ферму не пайшла? — У Ніны Шумейкі чырвоныя плямы паявіліся на твары.

— Бо на маёй галаве клуб.

— Дык няхай бы Лёнька клубам загадваў. Ён хоць іграць на струментах можа.

Ева прамаўчала.

Ля кашары стаяў Дзяжэвіч, цёпаючы дубцом па суконных штанах, аж курэў з іх пыл. 3-за яго, збіўшыся ў кучу, маўкліва пазіралі на дзяўчат даяркі.

— Прывяла? — запытаўся Дзяжэвіч.

— Прывяла. А Даміра дзе?

— Ды яго тут ад самай вясны не было.

Дзяўчаты стаялі асобнай купкай у яркіх квядістых плаццях. Насупраць іх выстраіліся старыя даяркі.

— Падмацаванне, значыць... — перапыніў нялоўкую маўклівасць Дзяжэвіч.

— Пайшлі, дзяўчаты, дамоў, — Ева крутнулася на пятках і ледзьве не ўпала.

— Раз прышлі, дык чаго вяртацца... Будзем прымаць кашару, — адазваўся Лёнька.

— Ага, прымаць! А калі мы здаваць не хочам? — У Матроны Башукевіч раптам твар зрабіўся шэрым, як лістападаўскі дзень. — Я сваіх каровак здам, а ўзамен дадуць перадоек з кавыленскай фермы. Не выйдзе.

— То вы, цётка, самі на гэта пайшлі, — заступілася за Лёньку Зіна Асташка.

— Ці мала што казала, а цяпер вось перадумала і адсюль нікуды не пайду.

Зусім нечакана для дзяўчат падала голас і Евіна маці Аксіння:

— Я таксама тут застаюся. Як сабе хочаце...

— У нас, мама, тут камсамольская ферма будзе, — абурылася Ева. — Ці табе не ўсё роўна?

— А мусіць і не.

— Пойдзем, бабы, няхай дояць. Паглядзіце, як паклоняцца нам у ногі, каб зноў іх замянілі.

Вера моўчкі слухала пярэбары. Адчувала, што яна павінна сказаць тут сваё рашаючае слова. Але якое?.. Яна, мусіць, так і прамаўчала б, каб не Дзяжэвіч. Ён здзекліва ўсміхнуўся, пазіраючы на Веру з-пад выцвілых брывей, нібы гаварыў: «Ну, што, пакаштавала смажанага перцу?». Рашуча адхіляючы Еву, Вера раптам ступіла на тую, нічыйную зямлю, што двухметровым кавалкам раздзяляла старых даярак і добраахвотнікаў.

— Я мяркую так: спачатку старэйшыя таварышы і брыгадзір пакажуць нам гаспадарку, а потым ужо будзем гаварыць канкрэтна.

— Нічога мы глядзець не станем. Усё трэба рабіць урачыста. Прыедзе Ліпанава, няхай прымае меры сама.

Ева пайшла, але, заўважыўшы, што ніхто нават не зварухнуўся, спынілася.

— Правільна, Вера Антонаўна.

— Пойдзем на экскурсію.

— А і што, карысна!..

— Я дома карову даю.

— То дома...

Дзяжэвіч усяляк хацеў паказаць сябе дбайным гаспадаром. Ідучы, ён адкідваў нагой сухія шавякі гною, бурклівым, незадаволеным голасам, нібы для сябе, да’ваў заданні, што і дзе паправіць.

Гадоў з пяць назад, калі калгас «Маяк» яшчэ быў моцнай гаспадаркай, тагачасны загадчык райза Вайцаховіч надумаў пабудаваць паказальную кашару. Пасля вайны калгасы Падзвіншчыны папраўляліся спакваля. Адзін «Маяк» неяк вырваўся з шарэнгі, адбудаваўся, набыў жывёлу, выдаваў на прададні не толькі хлеб і бульбу, а яшчэ і грошы. Тут і рашыў Вайцаховіч пабудаваць кашару. За ракой на ўзлеску разам з раённым заатэхнікам выбраў ён палянку, недзе ў Маскве купіў праект цэлага жывёлагадоўчага гарадка і толькі пасля гэтага з’явіўся ў Даміры.

Старшыня ўсхадзіўся, як завіруха. На ўсе важкія довады Вайцаховіча выстаўляў свае, таксама важкія. Тады Даміру выклікалі ў выканком, знялі добрую «стружку», «папярэдзілі» і абавязалі закончыць кашару да наступнага сезону. Кашару закончылі, але даяркі не хацелі тры разы на дзень хадзіць туды за два з гакам кіламетры. Так і прапала б кашара, каб не сёлетні выпадак з калгасным хлевам. Вясной падняўся над Закружжам чорны слуп смерчу, прайшоў па гародах, вырываючы з зямлі дрэвы, камяні, пясок, усё, што мог захапіць з сабой. Зачапіў смерч край хлява, разбурыў, расшматаў ды і сціх, відаць, вельмі задаволены сваёй работай. Таму і прышлося перагнаць кароў у забытую Дамірам кашару.

3 дзяўчат тут ніхто ніколі не быў. Пад дахам, што трымаўся на слупах, роўнымі радамі стаялі прывязаныя за ланцужкі і вяроўкі каровы, паціху пераціралі жвачку. Гулі авадні, пахла лесам, сырадоем, нейкімі зёлкамі. Дзяўчаты маўкліва ішлі паўз доўгую загародку. Даяркі пагладжвалі кароў па вылінялых спінах, тыя паварочвалі галовы, пасапвалі.