Выбрать главу

— Вось тут мой дзесятак, — бабка Гануля паказала кашчавай рукой на пярэстых кароткарогіх кароў. — Бярыце, дачухны, хто смялейшы.

Дзяўчаты хаваліся адна за другую, ці то баяліся, ці, можа, саромеліся высоўвацца наперад. Першай азвалася Зіна Асташка. Пабліскваючы акулярамі, яна падышла да бабкі. Былі яны з Гануляй аднаго росту.

— Я вазьму, калі ніхто не хоча.

— Бяры, бяры, Зінаідка. Дальбог, добрая жывёлінка, адно не хапае ёй догляду. Я ўжо і сіл тых не маю. А на пачатку калектывізацыі ездзіла ў губерню, тры дні на даярку вучылася.

Дзяўчаты пырснулі смехам. Бабка злосна зірнула на іх, пакрыўджаная, буркнула Зіне:

— Вось гэтая Півоніяй завецца, толькі характар у яе сіберны, надта брыкаецца, так што глядзі, — бабка ткнула карову высахлым кулачком. — Пасунься хаця, прайсці няможна...

— Ну вось, пачын зроблены, — сказала Вера. — Хто наступны здае сваіх кароў?

Яшчэ адна даярка, доўгая і надта худая кабеціна, адвязала хвартух, скамечыла яго ў руках і коратка сказала:

— Я!

Неўзабаве каровы былі перададзены новым даяркам.

За кашарай тулілася да хмызнякоў невялікая лужайка. На ёй сабраліся ўсе даяркі: маладыя і старыя. Вера стала пад адзінае дрэва, думала над тым, што павінна яна сказаць людзям. Даяркі сядзелі паўкругам, перашэптваліся. Лёнька з ДзяжэвічаМ курылі, сіняваты дымок ад папярос падымаўся ўгару, раставаў. Веры хацелася сказаць нешта вельмі прыгожае, узнёслае і шчырае. Той настрой недаверу, што быў, прайшоў, хацелася працаваць, дамагацца нейкіх асаблівых поспехаў.

— Пачынайце ўжо: хутка трэба кароў даіць.

— Пачакаюць.

— Ого, ці не рана такія размовы весці?

— Цішэй вы, дайце чалавека паслухаць.

Вера, ступіўшы крок наперад, выдыхнула:

— Таварышы!..

Далей неяк словы заселі ў горле. Нехта засмяяўся, Лёнька кінуў папяросу.

— Вы пра спаборніцтва, Вера Антонаўна...

— Так, я пра спаборніцтва скажу. Некалі мая маці прадала карову. Я тады малой была — гадоў шэсць, не болей, дык надта плакала па Зорачцы нашай. Вельмі рахманая карова была. Як цяпер помню, бывала, сяду верхам і езджу на ёй, і ніколі не скінула яна мяне. I вось прачнулася неяк раніцай, у хаце пуста, а на двары чужыя галасы. Выбегла я, а там два дзядзькі стаяць: адзін — руды, нізкі, у скураных штанах, другі — чорны, гарбаносы, з вялізнымі на выкаце вачыма.

I гэты чорны забрытаў Зорачку і вяроўку да калёс прывязвае. «Развітвайся, — кажа, — са сваёй Зорачкай. Павядзем яе на катлеты перарабляць». Я ў слёзы, а маці мне і кажа: «Плакаць няма чаго. Якая ж гэта жывёліна, калі з яе па летняму часу пяць літраў малака надоіш». А вось мы, таварышы, трымаем такую карову. Але ж адразу ўсіх кароў на пародзістых не заменіш. Давядзецца дабівацца больш высокіх надояў ад тых кароў, якія ёсць. Калі будзем добра працаваць, дык свайго даможамся. Я мяркую так: кожная з даярак возьме на сябе абавязацельствы і будзе за іх змагацца. Вось такое маё слова.

— Хто першы будзе браць абавязацельствы? — запыталася Ева. Усе маўчалі. — Ну, ты, Ліда...

— Не ведаю нават.

— Семсот бяры смела, — шапнула Аксіння Пляскач.

— Семсот, — выгукнула Ліда Раковіч.

— Мала, — адказала Ева. Ёй хацелася, каб лічбы былі самыя вялікія.

— Станавіся сама ды і бярыся хоць па тры тысячы надаіць, — у Ніны Шумейкі чырвань заліла ўвесь твар.

— А вы не перашкаджайце, — уступілася за Еву заатэхнік І тут жа раскаялася, бо Ніна адразу ж напала на яе.

— А-а-а, і ты яшчэ вучыш. Гэта табе не па бруку ў туфельках бегаць ды языком мянціць. Тут працаваць трэба.

— I чаго ты, Ніна, усхадзілася, дык, мабыць, і сама не ведаеш!.. Не хочаш, не працуй. Ніхто цябе сілком на ферму не цягне. Я да канца года па тысячы літраў ад каровы надаю. I вось цётку Аксінню выклікаю на спаборніцтва.

Навокал загаманілі:

— Не надоіш, Зіначка. У цябе толькі тры каровы нішто, астатнія не надта. Хопіць з цябе і па семсот літраў на галаву.

— Ну, а я тысячу вазьму. Не бойцеся, цётачка, выдужаю.

— Як хочаш.

Зноў умяшалася Ева:

— Ну, дык як, Ніна? Бачыш, Асташка па тысячы літрау бярэцца надаіць. А ты?

— У Зіны хоць тры добрыя каровы ёсць, а ў мяне ніводнай. Не буду я браць абавязацельствы.

Зіна Асташка доўга глядзела праз акуляры на Ніну. Потым крадком зірнула на Лёньку, нібы шукаючы ў яго вачах адказу на свае дутакі.

— Добра, Ніна, бяры маіх трох каровак. А мне любых узамен аддай..

— Не трэба мне тваіх,

— Ага, спалохалася!..

— Дзіва што!..

— На словах, як на гуслях, спрытныя дзеўкі...

— Не горш за вас працаваць будзем, — агрызнулася Ніна Шумейка. — Я і ад сваіх кароў надаю па тысячы літраў.