Выбрать главу

Ева дастала тоўсты ў чырвонай вокладцы сшытак, запісала туды абавязацельствы кожнай даяркі.

Нечакана паявіўся Даміра, спацелы, запылены. Саскочыў з каня, накінуў повад на калок, цяжка ступаючы абутымі ў кірзавыя боты нагамі, падышоў, усміхаючыся. Вера раптам заўважыла, што ўсміхаецца ён неяк па-асабліваму цёпла і зразумела, што ўсмешка належыць не ўсім. Тады яна пачала шукаць сярод даярак тую, якой належала ўсмешка. Але знайсці не магла. Толькі адна Ніна Шумейка чамусьці глядзела паверх лесу, дзе ў празрыстай сіняве вымалёўвалася белае воблака.

— А вы і без мяне тут справіліся, — выгукнуў Даміра. — Вось так хутка можна і ў адстаўку пайсці.

Дарагое сэрцу Падзвінне

I

Льва Раманавіча Алексіча ў апошні раз назвалі маладым чалавекам 3 ліпеня 1941 года. Было гэта пры абставінах не зусім звычайных, можа таму той выпадак запомніўся на ўсё жыццё. Пасля таго як па радыё перадалі выступленне Старшыні Дзяржаўнага камітэта абароны, Леў Раманавіч раптам адчуў, што яго месца там, дзе ідуць крывапралітныя баі, што хавацца далей за паперкай-бронню непрыстойна і нават злачынна. Хіба зможа выратаваць гэтая паперка ад смерці, калі гітлераўцы ірвуцца да Масквы? Напісаўшы кароткае пісьмо сястры, ён сабраў найбольш неабходныя рэчы і пайшоў у ваенкамат. Але не паспеў прайсці і двух кварталаў, як завыла сірэна. Людзі адразу зніклі. На першых днях непрывычныя да вайны людзі яшчэ настойліва хавалі ад смерці галовы пад аркамі дамоў, у сутарэннях і пад’ездах. Адзін Леў Раманавіч ішоў па тратуары, неяк адразу зразумеўшы немалаважнае для вайны правіла: ад гвалтоўнай смерці ў сутарэнні не схаваешся. I ён ішоў.

Раптам з-за чыгунных варот чыясьці рука ўхапіла яго за крысо і пацягнула ў нізкую брамку. Хутчэй таму, што Леў Раманавіч знаходзіўся ў нейкім летаргічным стане, нейчай руцэ ўдалося перамагчы яго супраціўленне, уцягнуць у сыры пад’езд.

— На якое ліха вы мяне хапаеце? — крыкнуў ён і запнуўся. Гэта была немаладая ўжо, але прыгожая жанчына, падвітая, падфарбаваная, з вялікімі і, як здалося ў паўзмроку, чорнымі вачыма.

— Прабачце, — заікнуўся Леў Раманавіч, — але сапраўды, навошта вы мяне зацягнулі ў гэты змрочны пад’езд?

— Я страшэнна баюся. А тут ні душы, чуеце: ціха, як у магіле. Заб’юць, і ніхто не даведаецца. А калі раняць?! Божа мой, навошта толькі гэтыя войны!..

Яна ўхапілася за яго рукаў, быццам ёй вось-вось пагражала жахлівая небяспека. Леў Раманавіч пастараўся супакоіць жанчыну тым, што трывога хутка кончыцца.

— Вы думаеце?

— Упэўнены. Чуеце? Зусім ціха. Страляніны няма. Пэўна, дзе-небудзь непадалёк праляталі самалёты, вось і аб’явілі трывогу. А магчыма, проста вучэнне, так сказаць, уверцюра да сапраўднай оперы.

Жанчына адразу спыталася ці не музыкант ён. I калі Леў Раманавіч адказаў, што ён усяго толькі аспірант, ды яшчэ па заатэхніі — жанчына ўспляснула рукамі і запыталася, ці не ведае ён яе мужа Івана Іванавіча Мажэйку, які таксама належыць да той жа кагорты спецыялістаў сельскай гаспадаркі.

Леў Раманавіч не ведаў Мажэйку, але чуў, што той нядаўна абараніў дысертацыю. Слова за слова — і размова набыла шчыры, непасрэдны характар, як у людзей блізкіх прафесій. Тым часам быў аб’яўлены адбой, і яны праз тую ж нізенькую брамку вышлі на сонечную, гарачую вуліцу.

— Я вельмі хацела б вас папрасіць, — заглядаючы яму ў твар, пачала жанчына, — але не ведаю, ці зручна гэта...

— Калі ласка, не цырымоньцеся.

— Але ж мая просьба не зусім звычайная. Я хацела б, каб вы правялі мяне. Ведаеце, неяк жудасна ісці дамоў. Вы нікуды не спяшаецеся?

Леў Раманавіч запэўніў, што ён нікуды асабліва не спяшаецца, і што там, куды ён ішоў, мусіць, згодзяцца пачакаць яшчэ дзве-тры гадзіны.

Лілія Нікадзімаўна жыла непадалёк ад таго пад’езда, у якім яны хаваліся, у шэрым, панурым доме.

— Прабачце, мушу пакінуць вас адну, — сказаў ён, як толькі яны падышлі да яе кватэры.

Яна зноў ухапілася за яго рукаў, сказала, бліснуўшы белымі, як часнок, зубамі:

— Уявіце, што вы трапілі ў палон, і пакуль я вас не пачастую чаем — не адпушчу.

Хочаш не хочаш, прышлося зайсці ў пакой, піць чай і міла жартаваць. На развітанне ён паабяцаў, што вайна хутка закончыцца і дадаў:

— А каб хутчэй закончылася вайна, дык вось я і спяшаюся ў ваенкамат. Пайду на фронт добраахвотнікам.

Пасля гэтага Лілія Нікадзімаўна і сказала тыя словы, якія запомніліся Льву Раманавічу:

— Малады чалавек, вы вельмі яшчэ малады і неразумны. У чалавека адно жыццё, і яго трэба берагчы. А вы так безразважна адносіцеся да яго... У вас, відаць, палкае сэрца, і яно патрэбна вам, каб кахаць. — I раптам: — Гэта вельмі жахліва. Навошта вы ірвецеся?Вядома, ваш учынак высакародны. Але, дарагі мой, часам трэба дбадь і пра сябе...