Леў Раманавіч адчуваў, аднак, што ёй зусім не страшна і не жахліва, і пастараўся развітацца, паабяцаўшы перад ад’ездам заглянуць да яе. Потым, ужо ў ваенкамаце, ён успомніў, што не запытаўся ў яе пра мужа. Дзе ён? Пэўна, таксама на вайне?
3 таго дня Льва Раманавіча больш ніхто і ніколі не называў маладым чалавекам. Нават Лілія Нікадзімаўна, якая праз два дні ў адказ на паштоўку перад самым адыходам эшалона прышла праводзіць яго ў доўгую салдацкую дарогу. Ды і сам сябе ён даўно перастаў лічыць маладым. Праўда, гады тры назад паверыў было ў тое, што зноў вярнулася пара незабыўнага юнацтва. Але другая маладосць прамільгнула, як сон, пакінуўшы нявыладаную горыч нечаканага растання. I тады, паглядзеўшы на сябе ў люстэрка, Леў Раманавіч канчаткова пераканаўся, што вельмі пастарэў: парадзелі валасы, паблеклі вочы. Застаўся яшчэ жывы, нязгасны агеньчык у грудзях, але пра яго гарэнне ведае толькі сам Леў Раманавіч, астатнім здаецца, быццам то не аганёк задзірлівай маладосці, а простая бурклівасць, няўжыўчывасць — прадвеснікі блізкай старасці.
Затое не вельмі даўно Льва Раманавіча пачалі называць маладым вучоным. I гэтая на першы погляд зусім малаважная акалічнасць таксама паўставала супраць яго, але якраз з адваротнага боку.
Тыя ж самыя людзі, якія, лёгка ўздыхаючы, гаварылі: «Старэе Леў Раманавіч. Няўжыўчывы, не дай божа», — гэтыя ж самыя людзі ўспрымалі яго выказванні і выступленні, як фантастычныя мары юнака. Аднаго разу, разгарачыўшыся ў час дыскусіі, Леў Раманавіч адарваўся ад канспекта, што ляжаў на трыбуне, абвёў вачыма шумлівую залу: яго ўразілі недаверлівыя, кплівыя, а ў некаторых — спачувальныя ўсмешкі. Ен зразумеў: яго слухаюць, але не вераць, ставяцца да яго слоў з той разважлівасцю старога дзядулі, які маўкліва слухае балбатню хлапчука толькі таму, што не хоча пакрыўдзіць малое. У такія хвіліны ён не мог стрымаць сябе: гарачыўся, гаварыў залішне рэзка.
На гэтай глебе ўзнікалі шматлікія непаразуменні, індыдэнты і нават невялікія скандалы, ці як іх называлі «сямейныя канфлікты», падкрэсліваючы гэтым абмежаванасць і несур’ёзнасць разладу.
Леў Раманавіч заўсёды пакутліва перажываў «сямейныя» непрыемнасці. Не адзін раз вырашаў памякчэць, змаўчаць, не заўважаць, але праходзіў час і ўсё паўтаралася, ішло звычайным, нібы па раскладу, парадкам.
У тую раніцу Леў Раманавіч прачнуўся рана і адразу ўспомніў пра чарговы «сямейны канфлікт». Зрабілася прыкра, але найбольш балюча за сябе. Навошта зноў уступіў у бязмэтную дыскусію з Мажэйкам. Мала таго што палез у спрэчку, дык, здаецца, нагаварыў шмат чаго лішняга, непатрэбнага, недазволенага ў навуковых дыскусіях. Пасля выступіў Мажэйка, скарыстаў промахі, павярнуў справу зусім у іншы бок.
А чым Мажэйка пераканаў людзей? Навуковымі довадамі? Глыбокім аналізам? Якімі-небудзь незвычайнымі адкрыццямі? Зусім не. Сваёй алімпійскай спакойнасцю. Яшчэ ніхто не бачыў, каб Мажэйка хваляваўся. Кожнае слова ў яго ўзважана, кожны жэст загадзя абдуманы, а інтанацыя голасу разлічана на тое, каб пераканаць чалавека.
«Проста артыст!.. Комік!.. — абурана падумаў Леў Раманавіч. — Чорт бы яго ўзяў з яго аратарскім майстэрствам! Хай бы лепш займаўся навукай. Шэсць гадоў працуе над праблемамі, якія толькі заводзяць людзей у зман. Уся энергія ў чалавека ідзе на тое, каб даказваць, пераконваць, абдурваць, атрымліваць. I ён хоча, каб я маўчаў...»
Леў Раманавіч не заўважыў, як пачаў думаць уголас. I апошнія словы яго, відаць, пачула цётка Арына. Яна ціхенька адчыніла дзверы.
— Пойдзеш ужо? Яшчэ ж рана.
Леў Раманавіч ад нечаканасці здрыгнуўся, пасля засмяяўся, што аж старая жанчына здзіўлена паглядзела на яго: ці не звар’яцеў часам чалавек. Гэта ж падумаць, столькі працуе!.. Леў Раманавіч зразумеў, што ён і сапраўды напалохаў жанчыну. I ўжо жартаўліва, як заўсёды, папрасіў:
— Дарагая Арына Восіпаўна, я галодны, як воўк, і калі вы на тое згодны, давайце падсілкуемся крыху.
Цётка Арына махнула рукой і тут жа дадала:
— У мяне ўжо ўсё гатова.
Яна вышла, а Леў Раманавіч зноў пачаў дакараць сябе. Ён, сапраўды, нясцерпны чалавек. Дайшло да таго, што размаўляе сам з сабою ўголас... Даўся гэты Мажэйка!.. Няхай робіць, што хоча. Следам з’явілася другая думка: мо памыляецца ён сам? Можа надта забягае наперад? Можа сапраўды не падаспеў той час, калі можна сур’ёзна брацца за вырашэнне той праблемы, над якой працуе. А што, калі ён адарваўся ў сваіх планах ад жыцця?.. Успомнілася, як на адной нарадзе Мажэйка назваў яго фантазёрам, а яго праблему навуковай фантастыкай, якую, магчыма, ажыццёвяць калі-небудзь толькі нашы нашчадкі. Успамін пра Мажэйку адразу вывеў Льва Раманавіча з раўнавагі. «Фантастыка... — зноў загарэўся ён нецярплівымі думкамі. — Дык уся ж навука фантастыка!.. Кібернетычныя машыны — фантастыка, новыя пароды жывёлы — фантастыка. Ды вучоны заусёды адкрывае тое, што яшчэ ўчора здавалася казкай. Інакш — грош цана таму адкрыццю. Важна, каб фантастыка стала явай. А гэта ўжо залежыць ад чалавека. Ну так, я люблю памарыць... Але ж я не проста мару, а расказваю, паказваю, даказваю, як і што трэба рабіць. Тады праўда не Мажэйкава, а мая. Лайце за тое, што я не вытрыманы, але не за мае навуковыя ідэі. Яны правільныя, і я за іх буду змагацца, няхай тут выступяць хоць сто такіх Мажэйкаў».