Выбрать главу

Вывад гэты быў зусім не новы. Да яго Леў Раманавіч прыходзіў заўсёды, калі раздумваў над сваёй даўняй спрэчкай з Мажэйкам. I тады намеры памякчэць, змаўчаць, не заўважаць ляцелі да д’ябла і «малады» вучоны ішоў з ваяўнічым настроем на працу.

Так было і ў гзты дзень.

Пасля абеду да яго забегла маладзенькая сакратарка — Любачка. Афіцыйным, але па-дзявочаму лагодным голасам папрасіла яго зайсці да Алега Пятровіча, сакратара партыйнага бюро.

— Не ведаеце, Любачка, навошта я спатрэбіўся Алегу Пятровічу? — запытаўся Леў Раманавіч. Любачка хацела сказаць, што не ведае: Леў Раманавіч папярэдзіў яе. — Дарагая Любачка, па вашых вачах я добра бачу, што вы ведаеце, і размова для мяне не будзе прыемнай. Мы з вамі заўсёды былі добрымі сябрамі, і я думаю, што будзем дружыць і далей.

У Любачкі адразу знікла тая строгая афіцыйнасць, якую яна напусціла на сябе. Спяшаючыся, яна расказала, што да Алега Пятровіча прыходзіў Іван Іванавіч Мажэйка з нейкай паперкай, што яна чула, быццам Мажэйка збіраецца скардзіцца на Льва Раманавіча. Напэўна, паперка тая і была скаргай, бо Алег Пятровіч, праводзячы Івана Іванавіча, абяцаў таму разабрацца.

Алег Пятровіч хадзіў па кабінеце, заклаўшы за спіну рукі.

— Сядайце, — папрасіў ён Льва Раманавіча, а калі той сеў, пачаў пільна паглядаць на яго, відаць, спрабуючы адгадаць, ці ведае ён, чаго прышоў сюды. Леў Раманавіч адвёў вочы. Тады Алег Пятровіч выняў з шуфляды акуратна складзены лісток, паклаў на стол перад Алексічам.

Гэта сапраўды была скарга Мажэйкі. Вельмі карэктна Іван Іванавіч пісаў пра немагчымую абстаноўку ў інстытуце, якую стварыў кандыдат навук Алексіч, пра яго ўчарашняе абразлівае выступленне і ў канцы ў цьмянай форме выказваў просьбу строга пакараць Алексіча за знявагу Мажэйкі і, наогул, усёй савецкай сельскагаспадарчай навукі.

Леў Раманавіч кінуў на стол заяву, ускочыў з крэсла з паспешлівасцю абражанага хліпчука.

— Карайце. Не варта нават было адрываць ад работы, — раззлавана сказаў ён.

У Алега Пятровіча ўсмешка ледзь кранула вусны.

— А вы і сапраўды гарачы чалавек.

— Тут і святога выведуць з раўнавагі, — адказаў Леў Раманавіч, але сеў. — Мне і так горка, а тут яшчэ ваша заява.

— Не мая, а Мажэйкава.

— Усё роўна.

— Па-вашаму, я не павінен быў нават прымаць яе?

— Я хачу толькі аднаго — працаваць, — узрушана загаварыў Алексіч, — і працаваць над такімі праблемамі, якія прыносілі б карысць.

— Працуйце. Хіба вам перашкаджаюць?..

На хвіліну Алексіч сумеўся. Яму ніхто не перашкаджае. Але яго працы пакуль носяць чыста тэарэтычны характар. Іх хваляць, называюць патрэбнымі, цікавымі, важнымі, але не адважваюцца рэкамендаваць калгасам.

— Перашкоды бываюць розныя, — растлумачыў ён: — Актыўныя, калі чалавеку не даюць працаваць, і пасіўныя, калі ўмовы для тэарэтычнай работы створаны, праца закончана, а карысць ад яе атрымліваюць пацукі, якія сякуць паперу, каб зрабіць цёплае гняздзечка.

— Сказана вобразна, але патрабуецца такое-сякое ўдакладненне. Якую вы адчуваеце перашкоду? Пасіўную?

— Думаю, так.

— Тады, выходзіць, вы актыўна перашкаджаеце Мажэйку.

Леў Раманавіч хацеў сказаць, што ён не перашкаджае, а толькі лічыць, што праблемы, над якімі працуе Мажэйка, нязначныя і яны не рухаюць навуку наперад, а толькі тармозяць яе развіццё. Але замест гэтага ён адказаў зусім інакш.

— Магчыма, я памыляюся. Кожнаму бацьку сваё дзіця здаецца самым лепшым і самым прыгожым, а кожнаму вучонаму — яго праца. Таму мне цяжка меркаваць пра свае даследаванні да таго часу, пакуль іх не прыменяць на практыцы, але я ўпэўнены: Мажэйка робіць зусім не тое, што трэба рабіць. I калі хочаце ведаць, яго так званыя адкрыцці адцягваюць увагу ад вырашэння надзённых пытанняў.

— Яны і з’яўляюцца той пасіўнай перашкодай, якая стаіць на шляху вашых праблем?

Леў Раманавіч адказаў: «Так». Абодва пасля гэтага доўга маўчалі: Алег Пятровіч падышоў да акна, памацаў зямлю ў вазоне, потым наліў паўшклянкі вады, паліў кветкі, адарваў пажаўцелы лісток і выкінуў яго за акно.