— А апрацоўка саломы хімічным спосабам, па-вашаму, таксама не вартая справа? — запытаўся ён.
Не задумваючыся, Алексіч адказаў:
— Безумоўна.
— I вам не здаецца, што вы памыляецеся? Мы маем добрыя водгукі — раз, па-другое, навуковыя даныя гавораць за тое, што салома, апрацаваная хімічным спосабам, з’яўляецца нядрэнным кормам, асабліва ў тых умовах, калі ў калгасе не хапае сена і сакавітых кармоў, канцэнтратаў. Вы, мусіць, закрываеце вочы на гэтую акалічнасць.
Гэта была спрэчка, якую ўжо не раз у думках, на паперы і нават на пасяджэннях вёў Леў Раманавіч. Таму ён адразу ж перайшоў у наступ.
— Закрываю вочы не я, а вы. Нават не вы, а Мажэйка. Вы толькі паўтараеце яго словы. Я гэта ўжо чуў. Мажэйка кажа: у нас не хапае кармоў. А ў каго іх не хапае? У дрэннага старшыні калгаса, які не ўмее весці гаспадарку. Вось арыенцір Мажэйкі. Нейкі старшыня калгаса не здолеў стварыць кармавых фондаў. Зімой пачынаецца бяскорміца, і вось Мажэйка спяшаецца на выручку гэтаму недарэку. Не хвалюйся, маўляў, салома таксама нядрэнны корм. Варта прымяніць хімію, і ўсё будзе добра. Не хопіць саломы, можна гэтак жа насекчы гучкоў, і яны добры корм. А малако ад гэтага корму будзе? Не, не, вы не перашкаджайце... Я давяду думку. А гэты самы старшыня разумее ўсё па-свойму. Ён тую хімію па баку. Нарэжа сечкі, добра калі запарыць, а то і так: еш, карова, папраўляйся, навука кажа, што гэта не горш за сена. А я кажу — гэта здзек. Па-другое, можа вы ведаеце, Алег Пятровіч, што колькасць гною ў некаторых калгасах скарацілася да мінімуму. Яго ледзь хапае пад бульбу. Вы скажаце, ёсць торф. Але торф — багацце, якое не расце. Ён і на паліва нам патрэбны. Лясоў жа становіцца меней. А салома кожны год расце. А калі б мы добра ўгнойвалі палі, дык яе было б удвая больш. Гэта з аднаго боку. А з другога боку, наша прырода такая багатая, што не скарыстоўваць яе — злачынства. Няхай мяне называюць фантазёрам, але я веру, што кожны калгас можа ўсе неўрадлівыя лугі, балоты, залежы, усю непрыгодзіцу засеяць культурнымі травамі — лубінам, цімафееўкай, люцэрнай, канюшынай, райграсам. Дадайце сюды кукурузу, бульбу. Гэта ж багацце! I тады не дваццаць кароў на сто гектараў можна будзе трымаць у калгасе, а пяцьдзесят і не абы-якіх кароў, а тых, што цяпер называюць рэкардысткамі.
Алег Пятровіч усміхаўся аднымі вуснамі. І калі Леў Раманавіч змоўк на хвіліну, пажартаваў:
— Калі б не вашы сівыя валасы, я падумаў бы, што размаўляю з вельмі маладым і надта гарачым юнаком. Не крыўдуйце, я думаю, што гэта нават добра. Прадаўжайце, калі ласка.
— У мяне амаль усё. Можна дадаць вось што. Мы цяпер маем такія лугі, на якіх нельга выкарыстаць вялікую тэхніку: кусты, купіны, ямы, каменне, — чаго толькі не сустрэнеш на нашых лугах. А калі б усе іх апрацаваць, засеяць канюшынай, цімафееўкай... Вы не ўяўляеце нават, наколькі лягчэй было б праводзіць касавіцу.
— Дорага гэта будзе каштаваць.
— I нічога не дорага. Затое кожны калгас зможа атрымаць чыстага прыбытку тры, чатыры мільёны.
Алег Пятровіч крыху недаверліва паглядзеў на Алексіча. Той перахапіў яго позірк і ўжо больш спакойна сказаў:
— А што два мільёны, згодзен прысягнуць...
Наўкось у акно заглянула сонца, па-летняму яркае. 3 панадворку патыхала сухой, спёклівай гарачынёй. Удалечыні, там, дзе канчаўся горад і пачыналіся зялёныя палеткі, бруіла паветра. На самым даляглядзе сінеў вузкай стужкай лес. На хвіліну павеяў лагодны, з водарам кветак ветрык, і абодвум здалося, што ён прыляцеў з-пад зялёных лапін хвой.
— Адкуль вы родам? — запытаўся Алег Пятровіч.
— 3 Віцебшчыны.
— Вядома, з вёскі?
— Ёсць такая невялікая вёска Закружжа. Вось там некалі і давялося ўпершыню ўгледзець свет.
— Прыгожыя мясціны?
— Ва ўсякім выпадку, дарагія мне па ўспамінах дзіцячых год.
— Даўно там былі?
— Прызнацца, даўно. Неяк пасля вайны.
— Радні там не засталося?
— Ёсць сястра, — Леў Раманавіч раптам адчуў сябе вельмі няёмка. Як магло здарыцца, што за дзесяць гадоў ён не знайшоў часу пабываць у сястры? Прыехаў на першым часе, па гарачых слядах вайны, калі ў вёсцы яшчэ нікога не было. А пасля таго перапісваўся з сястрой, высылаў ёй грошы, так і не выбраўшы часу з’ездзіць. Апраўдваючыся больш перад сабой, чым перад Алегам Пятровічам, ён сказаў: — Закруціла мяне неяк. Вучыўся, пісаў дысертацыю, часу не было.
Думаў, што Алег Пятровіч папікне яго. Але той загаварыў пра другое:
— Перад вашым прыходам я гутарыў з дырэктарам інстытута. Цікавіўся вашымі прапановамі. Тая пасіўная перашкода, пра якую вы гаварылі, існуе толькі ў вашым уяўленні. Вы задумалі грандыёзную справу: шырокі франтальны наступ. А вам павінна быць вядома, што такі наступ без вялікай падрыхтоўкі пачынаць нельга. У нас няма насення траў.