Выбрать главу

— Але ж яго ніколі не будзе, калі мы скіроўваем увагу на салому, — уставіў Леў Раманавіч.

— Ну, вось зноў салома. Чаму яна вас так непакоіць? — Алег Пятровіч паморшчыўся, быццам раскусіў гарчычнае зерне. — Каб вырашыць праблему такога грандыёзнага паляпшэння паплавоў, акрамя насення патрэбен яшчэ энтузіязм людзей. I вось тут, мне здаецца, вы не ўсё да канца прадумалі. У добрых калгасах хапае і сена, і сіласу, а няхватка кармоў якраз у адстаючых калгасах. А ў такіх калгасах, як правіла, дрэнная дысцыпліна, няўпраўка з іншымі работамі. Пачнеце вы гаварыць там, што трэба сеяць канюшыну, люцэрну, а яны вам у адказ, што мы ледзь упраўляемся са жнівом, што бульбу капаем да позняй восені.

— Тут ужо не наша справа. Для гэтага ёсць адпаведныя органы, няхай яны наладжваюць дысцыпліну.

— Так, так, пісьменнік піша — чытач чытае, вучоны вынаходзіць, а галаву — няхай дзядзька ломіць. А ці не здаецца вам, што вось гэтыя сцены занадта цесныя для савецкага вучонага?

— Значыць, замкнутае кола?

— Чаму? У мяне былі такія-сякія думкі, але цяпер я нават не ведаю, ці варта гаварыць пра іх. — Алег Пятровіч хітравата паглядаў на Алексіча.

— Лепей сказаць усё адразу.

— Вы не ведаеце, які калгас у вашай вёсцы?

— Здаецца, сярэдні і нават ніжэй за сярэдні.

— Цікава.

Толькі цяпер Леў Раманавіч зразумеў сэнс сённяшняй размовы. Кальнула здрадлівая, прыкрая думка: «Хочуць пазбавіцца ад мяне». Але тут жа ён адагнаў яе. Калі ён паглядзеў на Алега Пятровіча, дык убачыў, што той зразумеў яго думкі.

— Канешне, я не настойваю, каб вы ехалі ў калгас, на месцы даказвалі магчымасць карэннага палепшання лугоў, выпасаў і ўсёй зямлі, якая завецца няўдобіцай. I потым гэта мая думка — асабістая. Самі разумееце, калі вы захочаце ехаць, дык трэба камандзіроўку ўзгадніць, абдумаць і наогул за гэтую справу брацца вельмі сур’ёзна.

Леў Раманавіч зразумеў, што гутарка закончана. Падняўся, патупаў на месцы, нібы хочучы сказаць нешта важнае, і, не ўспомніўшы, развітаўся. Толькі ў сваім кабінеце ўспомніў, што так і не пацікавіўся, калі будзе разгляд Мажэйкавай скаргі.

II

У Закружжы рыхтаваліся да сенакосу. Даўней, калі падзвінскія паплавы не таптаў яшчэ ботам чужынец, пачатак сенакосу быў сапраўдным святам. Звычайна пад вечар брыгадзіры разам з барадатымі дзядамі абходзілі паплавы. Ішлі па ўзмежках, нягнуткімі, каструбаватымі пальцамі зрывалі кволыя кветкі, расціралі іх на шурпатых ад мазалёў далонях.

— Гарошак гатовы.

— Канюшынка таксама.

— Пачакаць якіх дні два можна.

— Букавіца, бач, пастарэе.

— Ды з яе і наедак такі...

— Па званцу дык запозна хапіліся...

Дзяды размаўлялі ціха, не перабіваючы адзін другога. Кожны заставаўся пры сваёй думцы, але ўсё ж дамаўляліся аб тым дні, калі засвішча ў роснай раніцы каса, застракочуць касілкі.

Увечары мужчыны даставалі з падстрэшша косы, кляпалі іх, ладзілі муліцы. На ноч касу клалі ў халодную ваду, каб вастрэй рэзала густыя травы. Потым збіраліся на бярвеннях ці проста на мурагу ля канавы. Дыміліся самакруткі, ляніва вяліся размовы.

— На маёй памяці на Дабрынях трава па пояс была. Помню, хлопцам яшчэ хадзіў, з бацькам нябожчыкам лучкі ля Пітамкі нам дасталіся. Стаў гэта, значыцца, я, узмахнуў касой, а да канца давесці не магу — угразла...

— То дзед, відаць, перад тым шмат танцаваў, калі сілы не было.

— Я табе пашкілюю...

— Смех смехам, а паплавы марнеюць.

— А што, раней не выгарала вось так, як і сёлета?

— Выгараць, вядома, выгарала.

— Перад японскай вайной дашчэнту ўсё высмаліла.

— Перад японскай не помню, а пасля ўжо рэвалюцыі адзін год запомніўся: два вазы з паплавоў прывезлі.

— Ну, то і паплавоў у цябе было: з лапаць, не болей.

— Та-ак, марнеюць паплавы...

— I не марнеюць, самі вы, дзяды, марнееце...

Моладзь горача адстойвала паплавы. Разыходзіліся са спрэчкамі. Клаліся спаць і снілі свае паплавы, Пітамку, Сільніцу, Віцьбу і маці іх — крутабярэжную Дзвіну, высокую траву і блакітнае неба над галавой. Прачыналіся да сонца, разам з раннім шчабятаннем ластаўкі. Світальны халадок падбадзёрваў і, здавалася, напаўняў цела крамянай, маладой сілай. Гулкі перазвон малаткоў весяліў душу чалавека. I які злыдзень мог спаць у такую пару! Хто мог уседзець дома ад такой музыкі!

Ва ўсе даваенныя гады першы пракос пракладаў дзед Ахрэм. Пакуль касцы цеснай купкай стаялі на беразе Пітамкі, ішоў дзед па поплаву. Мажны і высокі, як дуб, сівы, як выбелены лён, ён лёгка махаў касой, пракладаў у высокай траве роўную, гладкую сцяжынку — пракос. Назад да рэчкі дзед ішоў маладой важыстай хадою. Не дайшоўшы крокі са тры, ён спыняўся, нізка ў пояс кланяўся мужчынам.