Выбрать главу

— 3 пачаткам касавіцы вас, людзі!

Мужчыны адказвалі:

— I цябе, дзеду, таксама.

— Дзякую. Не за хлебам і соллю, не дзеля сябе за спажывай, а худобе бесславеснай і бездапаможнай прышлі мы нагатаваць корму. Пастараемся, людзі.

— Пастараемся, дзеду.

— Дзякую. Шчыра дорыць лета ўсякую істоту жывую. Не памрэ яна летам, але зімою падсцерагае яе холад і голад. Не пакідайце ніводнага каліва. Цяпер яно граша не каштуе, а зімой — золатам абернецца.

— Будзем чыста касіць, дзеду.

— Дзякую, людзі.

Дзед браў у рукі шматок вахкаватай мокрай травы, падносіў яго да твару, зарываўся ў яго вялікім наздраватым носам.

— Хораша пахне. Ну, хто сёлета першы?

Весела перагукваючыся, падганяючы адзін другога, касцы ўлад махалі косамі.

Жык — ужжык — жык!

Жык — ужжык — жык!

Сталёвымі галасамі спяваў поплаў. Над рэчкай крычалі кнігаўкі.

Абуджаныя косамі, праносіліся над поплавам чародкі шпакоў. За рэчкай на ялінах сядзелі нецярплівыя вароны — найвялікшыя аматары да пчаліных сотаў. Жыкалі, пасвіствалі косы, ахкалі, гукалі касцы, рыпелі муліцы — спяваў поплаў.

Закончыўшы пракос, па аднаму вярталіся да рэчкі мужчыны, падыходзілі да старшыні, жартавалі:

- Млосна нешта, хоць бы расы ў чарку сабраў ды нам падаў.

— Раса сёлета адменная, на травах настоеная. Ад такой расы смагі не будзе.

Старшыня наліваў кожнаму па чарцы, падаваў, усміхаючыся на касецкія жарты.

— Смачная вадзіца — ведаць бы, дзе тая крыніца...

— Не абдзялі сябе, старшыня...

— Хлопцы, далібог, летась чарка большая была...

— Налівай другую, чаго там нутро дражніць.

— За мяне хай вып’е.

— Ото, моладзь пайшла, хутка і ваду піць перастане.

Хто-небудзь з жанчын падаваў касцу лусту хлеба, пасыпаную соллю, ладны скрыдлік сала, невялікі кружок цыбулі.

— Пастарайцеся, мужчынкі, каб і жывёле сена хапіла, і нам на сеннікі засталося. Спаць мулка, леташняе сена на пыл перацёрлася.

Мужчыны выпівалі і закусвалі стоячы, бо які ты касец, калі табе абавязкова трэба прысесці...

I зноў з перасвістам жыкалі косы. Неўзабаве да іх ўладнага хору далучалася стракатанне касілак. Шыбавэлі паркі адкормленых коней, паўзла па зямлі зубастая чорная стужка, пакідаючы за сабой упалую ніцма траву. Пазней прыходзілі на лугі дзеўкі і маладухі, разбівалі сена ў пракосах. Ішлі, шматаючы грабільнамі пад вялую траву, раз-пораз нагіналіся, выбіралі з пракосу кветку за кветкай, каб аддаць той букет бацьку, брату, каханаму ці проста адзінокаму касцу. Вісеў букет у хаце да самай зімы, а калі ацельвалася карова, аддавалі ёй: лічылася некалі, што тлустым будзе малако ўвесь год.

Так было да вайны.

У часе навалы і пасля вызвалення нешта гады чатыры ці пяць узапар выходзілі на паплавы адны жанчыны. Не хапала ў іх часу на тое, каб прытрымлівацца старой завядзёнкі. Беглі па адной на поплаў, касілі ўразброд, каму дзе спадручней. Дамоў вярталіся не з букетам, а з ношкай сена для сваёй каровы. 3 вайны мінула многа гадоў, але ўсё яшчэ не пакідалі жанчыны кос, неяк уцягнуліся ў цяжкую мужчынскую работу. Ды і мужчын не хапала.

Даміра верхам на кані аб’ездзіў усе сенакосы. Быў ён злосны, як чорт. Раней усё абыходзілася гладка, выкручваўся не з такіх абставін. Цяпер, здавалася, усе згаварыліся супраць яго.

Не хапала касцоў, а, як на тое ліха, тры старыя даваенныя касілкі стаялі ля кузні няспраўнымі. Пятроўскі старшыня абяцаў запасныя часткі, але як толькі выпіў гарэлку, дык адразу накрыўся хвастом. Можна ўзяць касілкі ў МТС, але тады трэба было б прызнацца ў райкоме, што адасланая яшчэ вясной зводка хлуслівая. Цвяроза думаючы над усімі нягодамі, ён разумеў — сам вінаваты, злавацца няма на каго. I ўсё ж ён злаваўся, раз-пораз сцёбаў даўганогага рыжага каня.

Па-казацку схіліўшыся да лукі, Даміра на поўным галопе праскочыў цэнтральную вуліцу, збочыў у завулак, дзе стаяла яго немудрагелістая хаціна. I адразу ж яго секануў прарэзлівы плач. У ДамірЫ здрыганулася, перакасілася брыво, чорны змрок ахутаў вочы. Скрыгануўшы зубамі, ён перасіліў сябе, саскочыў з каня. Хісткай, таропкай хадою пайшоў у хату. Ірвануў дзверы. Ля ложка, распластаўшыся, ляжала жонка, страшэнна белая, з чорнымі кругамі пад вачыма. На каленях ля яе звівалася, млела ў плачы сямігадовая дачка Волечка. Потым ён заўважыў сына — трохгадовага Колю з пацёкамі слёз на шчоках. Можа ён яго і не заўважыў бы, але хлопчык, убачыўшы бацьку, загаласіў так моцна, што заглушыў і плач сястры, і натужлівае хрыпенне маці. Ен кінуўся да сына, ухапіў яго на рукі, і той адразу сціх. Але тады хату запоўніў цяжкі з прысвістам хрып. Даміра пасадзіў сына на ложак, і той зноў залемантаваў на ўсю моц. Але бацька ўжо не зважаў на яго. Ён адштурхнуў дачку, паклаў на жончын лоб сваю вялікую натруджаную далонь. Лоб быў халодны і мокры. Тады Даміра гэтак жа, як і дачка, пачаў спачатку злёгку, потым усё мацней трэсці жанчыну.